Кірмаш на... “Востраве”

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Як зрабіць храм мастацтваў духоўным цэнтрам? У Добрушы адбыўся II Славянскі культурны фестываль “Спасаўскі кірмаш”. Гэта свята не толькі горада і навакольных вёсак: у Добруш са сваімі нумарамі і нацыянальнымі прысмакамі прыехалі творчыя дэлегацыі з Украіны. Вабілі творы дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, вышыўка, вырабы з саломкі, букеты, малюнкі...

 Першыя гукі фестывалю разносіліся ўжо а шостай раніцы 8 жніўня, калі ўстановы культуры рэгіёна пачалі аздабляць свае імправізаваныя падворкі. Але свята для гараджан пачалося ў Добрушскім раённым краязнаўчым музеі, дзе адкрывалася выстаўка ікон і крыжоў "Святая Белая Русь". Згодна з загадам Міністэрства культуры, галоўны музей краіны перадаў іконы Гомельска-Чарнігаўскага рэгіёна ў выставачную залу Добруша. Уладзімір Сужаеў, дырэктар установы, са шчырай удзячнасцю прыняў гэты падарунак.

"Іконы нашага рэгіёна экспануюцца, у асноўным, у суседняй Ветцы, якую лічаць цэнтрам іканапісу Гомельшчыны, - адзначае ён. - Прыемна, што і ў нашым горадзе будзе такі скарб, які прывабіць веруючых жыхароў Добруша і турыстаў". Гэтыя мясціны з'яўляюцца малой радзімай дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пракапцова. Усяго ён перадаў сюды з прыватнай калекцыі ўжо 46 жывапісных і графічных работ, 22 копійных крыжы, 11 ікон. Але не толькі ў гэтых каштоўнасцях праяўляецца ўлюбёнасць Уладзіміра Іванавіча ў свой край. Ён зацікаўлены ў развіцці рэгіёна:

- Мне падабаецца традыцыйнае мастацтва, і я гатовы дапамагчы гораду. Напрыклад, хутчэй за ўсё, у наступным годзе ў цэнтры зоны адпачынку "Востраў" з'явіцца скульптурны помнік... пчале - працалюбівай істоце, якая нястомна рупіцца на карысць чалавеку. Думаеце, чаму ў мяне валасы такія пышныя? Шампунем на мёдзе іх мыю пастаянна! А калі сур'ёзна, то Добрушскі край знаходзіцца ў вельмі выгадным геаграфічным становішчы.

Нам ёсць чым падзяліцца, а неабходнасць у правядзенні розных канферэнцый, семінараў па захаванні і развіцці народнай культуры ў сучасных умовах відавочная як для нас, так і для нашых суседзяў. Веру, што фестываль стане сапраўды міжнародным, аб'яднае славянскія культуры: усе падставы для гэтага ёсць...

Як ідзе падрыхтоўка да вялікага свята ў маленькім мястэчку? У работнікаў культуры разрываюцца тэлефоны, а горад прыгажэе на вачах. Старшыня Добрушскага райвыканкама Вольга Мохарава, неаспрэчныя дасягненні якой - адкрыццё ў горадзе музея і правядзенне ўжо двух такіх "Кірмашоў", кажа: "Першы фестываль зацікавіў столькі людзей, што можна зрабіць выснову: духоўны пачатак у народа вельмі трывалы... Да другога мы адрадзілі зону адпачынку "Востраў", і сімвалічна, што гэта адбылося якраз у Год роднай зямлі. Пры дапамозе Міністэрства абароны быў пабудаваны пантонны мост даўжынёй 70 метраў, які злучае востраў з горадам. Дабрушане актыўна ўдзельнічалі ў суботніках: з граблямі і косамі добраўпарадкоўвалі зямлю".

Адданасць справе даказалі мясцовыя жыхары і ў час фестывалю: іх інсталяцыі з садавіны і агародніны маглі б паспаборнічаць з сучаснымі творамі мастацтва, а "рознакаліберныя" слоікі з бурштынавасонечным мёдам здзіўлялі колькасцю. Вабілі даматканыя ручнікі і посцілкі, драўляныя скульптуры. Жанчыны ў народных касцюмах запрашалі пакаштаваць толькі што спечаныя булачкі і пірагі.

Гомельскі аблвыканкам падарыў Добрушу дзіцячы электрычны паравозік: радасці малых не было межаў, а чарга да яго была вялізная. З'явіліся ў азярцы на востраве электрычныя "лебедзі" - машынкі, якія плаваюць па вадзе.

Паразмаўляла з прадстаўнікамі ўкраінскай дэлегацыі, якая аб'яднала 18 чалавек з гарадоў Гарадня і Шчорс. Васіль Міхалькевіч, дырэктар Гараднянскага гісторыка-краязнаўчага музея, адзначыў, што ў іх раёне няма такога свята: "Таму прыязджаем мы сюды заўсёды з вялікім задавальненнем. Культура ў нас фінансуецца па астаткавым прынцыпе, такой увагі праваслаўнай культуры не надаецца. Цікава паглядзець, з якой радасцю адпачываюць тут людзі. Гэта сапраўды народнае гулянне. Мы прывезлі іконы, што піша мая жонка, свой мёд, сала, і ад усёй душы прапануем пачаставацца!"

Сваю творчасць паказалі ансамбль народнай песні "Кумачкі" з Гарадні і танцавальны калектыў "Ягадкі" са Шчорса. Дабрушане атрымалі не толькі магчымасць добра правесці час, адпачыць ад клопатаў, пабыць з сям'ёй. Настаяцель Свята-Мікалаеўскага сабора Добруша протаіерэй Аляксей упэўнены ў тым, што фестываль вельмі карысны: "Спасаўскі кірмаш" прызначаны для таго, каб зблізіць народ, аб'яднаць людзей духоўна праз агульную гутарку, агульнае баўленне часу. На адкрыцці кірмашу я прачытаў малітву пра асвячэнне мёду, і людзі, якія купілі яго, крышку ачысцяцца і стануць бліжэй адзін да аднаго".

Протаіерэй Аляксей лічыць, што музей з экспазіцыяй ікон гэтага рэгіёна таксама стане прывабным месцам для ўсіх гараджан. Напрыклад, у суседняй Ветцы бабулі прыходзяць маліцца не толькі ў царкву, але і ў храм мастацтваў - Веткаўскі музей народнай творчасці. Магчыма, і добрушская ўстанова стане месцам не толькі свецкім, а і духоўным.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

На здымках:Уладзімір Пракапцоў і протаіерэй Аляксей на адкрыцці выстаўкі. У час "Спасаўскага кірмашу".