І новы маршрут

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

12 — 14 жніўня Гомельскі палацава-паркавы ансамбль прымаў гасцей з Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасцьгерой” у межах супрацоўніцтва паміж дзвюма ўстановамі, а таксама плана рэалізацыі сумесных мерапрыемстваў на 2009 г.

У склад дэлегацыі ўвайшлі дырэктар Мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" Валерый Губарэнка, навуковыя супрацоўнікі Таццяна Краўчук і Таісія Мікус.

У плане знаходжання брэстаўчан у Гомелі- адкрыццё ў Белай гасцёўні палаца Румянцавых і Паскевічаў мінівыстаўкі "Героі Брэсцкай крэпасці" - 7 партрэтаў, выкананых ураджэнцам Мазыра П.Дурчыным, якія захоўваюцца ў цытадэлі, лекторыі, прысвечаныя героям абароны горада над Заходнім Бугам, шматлікія экскурсіі. На дні візіту прыпала і прэзентацыя новага турыстычнага маршруту "З цудоўнага палаца - у сядзібу "Домік рыбака".

Як паведамляюць у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, супрацоўнікі і кіраўніцтва абедзвюх устаноў выказваюць упэўненасць у тым, што іхняе супрацоўніцтва стане важнай падзеяй у культурным, асветніцкім і грамадскапалітычным жыцці Брэста, Гомеля і ўсёй краіны.

Распачалося ж супрацоўніцтва яшчэ ў чэрвені, калі ў Брэсце праводзіліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да дзён закладкі першага каменя ў фундамент цытадэлі ў 1836 г. і ўводу крэпасці ў лік дзеючых.