І Прыз імя Шуберта

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Малады беларускі піяніст Павел Ялецкі стаў лаўрэатам Другой прэміі і атрымаў спецыяльны Прыз імя Франца Шуберта (за лепшае выкананне санаты гэтага кампазітара) на адным з найпрэстыжных міжнародных конкурсаў свету “Piano-e-Competition” у Мінесоце (ЗША).

Імя Паўла Ялецкага залатымі літарамі павінна быць унесена ў спіс лепшых выпускнікоў Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага. Ён пачаў займацца ў гэтай навучальнай установе яшчэ з... 6 гадоў, спачатку — у сектары педагагічнай практыкі пры гэтай навучальнай установе, прычым у класе свайго бацькі, Юрыя Ялецкага. Потым былі і Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя імя П.І. Чайкоўскага, і аспірантура пры ёй, і стажыроўка ў Вышэйшай школе музыкі ў горадзе Бёрне (Швейцарыя), якая яшчэ працягваецца, і перамогі на міжнародных конкурсах, і шматлікія выступленні на лепшых сцэнах свету. У конкурсе “Piano-eCompetition-2009”, акрамя нашага Паўла Ялецкага, спаборнічалі прадстаўнікі Германіі, ЗША, Кітая, Паўднёвай Карэі, Польшчы, Расіі, Тайваня, Украіны, Францыі, Японіі. А ў складзе міжнароднага журы былі лепшыя музыканты свету, уключаючы знакамітага расійскага майстра Мікалая Пятрова.