На сталіцу — праз бінокль

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Нацыянальная бібліятэка Беларусі не стамляецца здзіўляць сваіх прыязных наведвальнікаў не толькі паступленнямі самых “свежых” выданняў і ўкараненнем новых бібліяграфічных тэхналогій, але і дадатковымі крэатыўнымі паслугамі, якія яшчэ больш павышаюць прыцягальнасць гэтага “Дома кнігі”.

 Адкрытая пляцоўка агляду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі не так даўно папоўнілася “навінкай”: біноклем панарамнага віду, які дае магчымасць не толькі ўбачыць горад з вышыні птушынага палёту, але і разгледзець яго ва ўсіх нюансах і падрабязнасцях.
Бінокль панарамнага віду DigiFox DFC 30x80 дае набліжэнне ў 30 разоў і мае шырокі вугал агляду, што стварае унікальныя магчымасці зірнуць па-новаму на беларускую сталіцу. І, варта зазначыць, новая паслуга паспела ўжо атрымаць розгалас і карыстаецца шырокім інтарэсам у наведвальнікаў. Як паведамілі нам у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, з часу ўсталявання на адкрытай пляцоўцы агляду бінокля панарамнага віду яго магчымасцямі скарысталася ўжо больш як тры тысячы наведвальнікаў! А колькі яшчэ наперадзе?!

Наш кар.

Фота Юрыя ІВАНОВА