Скульптуры ў Фарным аднаўляюцца

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі паведаміў карэспандэнту “К”, што поўным ходам вядзецца рэстаўрацыя Гродзенскага Фарнага касцёла.

У 2006 годзе, як вядома, у выніку пажару былі моцна пашкоджаны чатыры драўляныя скульптуры трох’яруснага алтара, створанага ў 1736 годзе.
Па словах навуковага кіраўніка рэстаўрацыі Уладзіміра Кіслага, узноўлены дзве з чатырох скульптур: мецэната касцельнага будаўніцтва Лазы і апостала Фамы. Распачата праца над драўлянай выявай апостала Сімона, неўзабаве будзе ўзнаўляцца скульптура святога Амброзія. Работы выконвае унікальны разьбяр з-пад Воранава Казімір Місюра, майстэрства якога захапляе польскіх калег. Усе фігуры, як і аўтэнтычныя, — з ліпы. Сам алтар адкрыецца ўжо напрыканцы года.