“Панарама”: з прыкідкай на восень Мы і свет

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

З 7 па 31 кастрычніка сталіца чацвёрты раз сустрэне Міжнародны тэатральны фестываль “Панарама”, які традыцыйна раз на два гады ладзіцца па ініцыятыве Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы пры цеснай падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

 Па традыцыі, фестывальная праграма складаецца з трох структураўтваральных блокаў: беларускай праграмы, замежнай, а таксама праекта “ON-LINE”. Усяго ў афішы — 21 тэатральны калектыў з Беларусі, Расіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Швейцарыі, Латвіі, Італіі, Венесуэлы.

Сталічныя калектывы прапануюць фестывальнай публіцы наступныя спектаклі: “Пінская шляхта” В.Дуніна-Марцінкевіча і “Вяселле” А.Чэхава — Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, “Бег” М.Булгакава — Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, “Каралева прыгажосці” М.МакДонаха — Новага драматычнага тэатра, “Матылёк” П.Гладзіліна — Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, “Чаму старэюць людзі?” А.Вярцінскага — Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, “Раман + Юлія” Д.Балыка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама праекты “Піць, спяваць, плакаць” К.Драгунскай — Кацярыны Агароднікавай, “Не танцы” Тэатра-студыі імя Е.Міровіча і “...Пасля” Тэатра “ІнЖэст”.

Сярод зорак сучаснай сусветнай рэжысуры, чые спектаклі змогуць убачыць беларускія тэатралы, — Аскарас Каршуновас (Літва), Алвіс Херманіс (Латвія), Пітэр Брук (Англія) і шэраг іншых насамрэч культавых імёнаў. Распачне замежны блок “Панарамы” “Вершалін. Рэпартаж аб канцы свету” Тэатра “Вершалін” (Супрасль, Польшча). А далей — “Чаму, чаму...” П.Брука і М.-Э.Эцьен Тэатра Schauspielhauses Zurich (Цюрых, Швейцарыя), “Соня” Т.Талстой Новага рыжскага тэатра (Рыга, Латвія), “Сон у летнюю ноч” В.Шэкспіра ОКТ/Вільнюскага гарадскога тэатра (Вільнюс, Літва), “Гоцін... Уся справа ў міры” Gota Dulce Teatro (Валенсія, Венесуэла), “Голая праўда” Э.-Э.Шміта Рускага драматычнага тэатра Эстоніі (Талін, Эстонія). Даволі шырока прадстаўлена тэатральнае жыццё Расіі: гэта спектаклі “Пралятаючы над гняздом зязюлі” К.Кізі Башкірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра драмы імя М.Гафуры (Уфа), “Навальніца” А.Астроўскага Драматычнага тэатра імя А.Пушкіна (Магнітагорск), а таксама, у рамках Дзён культуры Санкт-Пецярбурга ў Мінску, — “Запісныя кніжкі Трыгорына” Т.Уільямса Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага драматычнага тэатра “Камедыянты” і “Гульцы” М.Гогаля Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра камедыі імя М.Акімава.

Прынцыповым рашэннем арганізатараў фестывалю стаў той факт, што ў сёлетнім праекце “ON-LINE”, кіраўніком і каардынатарам якога з’яўляецца рэжысёр Сяргей Тарасюк, будуць задзейнічаны выключна беларускія маладыя рэжысёры і драматургі — з мэтай больш пільнага прыцягнення ўвагі менавіта да іх творчасці. Акрамя таго, у рамках фестывалю запланаваны цэлы шэраг прэс-канферэнцый, сустрэч з гасцямі і ўдзельнікамі форуму, майстар-класы, у тым ліку і асобна пазначаны ў праграме “Тэатральны SOUND” — канцэрт з удзелам артыстаў беларускіх тэатраў і артыстаў цырка.

Ну, а “пад заслону” айчынным тэатралам прыгатаваны насамрэч шыкоўны падарунак: культавы спектакль ХХ стагоддзя ў рэжысуры Джорджо Стрэлера, доўгажыхар і “брат па крыві” нашай легендарнай “Паўлінкі” — “Арлекін — слуга двух гаспадароў” К.Гальдоні Piccolo Teatro di Milano (Мілан, Італія).