“Дуэт” эканомікі з культурай

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Ужо пяць гадоў запар у Лідзе праводзяцца прэзентацыівыстаўкі “Ліда-рэгіён”, на якіх прадстаўляецца ледзь не ўвесь спектр тавараў і паслуг, заключаецца шэраг кантрактаў і дамоўленасцей, што рухаюць эканоміку раёна, вобласці і ўсёй Беларусі. Сёлета такая выстаўка суправаджалася не толькі ІІІ Міжнародным эканамічным форумам, дзе абмяркоўвалася далейшае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, удзел у нашай эканоміцы замежнага бізнесу, але і вельмі шырока разгорнутай культурнай праграмай. Няма чаго і казаць, што гэтыя тры дні (23 — 25 ліпеня) атрымаліся насычанымі і цікавымі як для лідчан, так і для гасцей — у тым ліку, зноў-такі, замежных.

Новы будынак раённай бібліятэкі ў ЛідзеЭканоміка — гэта “дуэт”
Вопыт шчыльнага спалучэння эканомікі і культуры ўсё больш актыўна распаўсюджваецца ў нашай краіне. Напрыклад, пад час сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску” ў гэтай “фестывальнай сталіцы” праходзіў Міжнародны інвестыцыйны форум. Сведчаннем канкурэнтаздольнасці разнастайных айчынных вырабаў з’яўляецца ўзрастанне экспарту. У Маскве нават адкрыты Гандлёвы дом “Лідарэгіён”, тавараабарот якога складае за год 3 мільёны долараў. На Лідчыне— амаль паўсотні сумесных прадпрыемстваў. Прыцягненню ў рэгіён замежнага капіталу садзейнічае тое, што ў свой час Указам Кіраўніка нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі ў горадзе была створана свабодная эканамічная зона. Уражвае і статыстыка V выстаўкі “Ліда-рэгіён”: прадукцыя 110-ці прадпрыемстваў, у тым ліку малога бізнесу, дэлегацыі з 25-ці краін свету, сярод якіх — прадстаўнікі 15-ці пасольстваў. Ну, а найлепшы дыпламат — як вядома, культура.

Чытачы, на ўваход!

На ўрачыстае адкрыццё Цэнтральнай раённай бібліятэкі прыехаў у Ліду намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш. Сапраўды, тое, што гэты буйны асяродак ведаў і культурнай спадчыны атрымаў новае, начыненае сучасным абсталяваннем, памяшканне, трэба лічыць вельмі значнай падзеяй не толькі раённага ці абласнога маштабу, але і рэспубліканскага. Бо чым больш будзе падобных святаў, тым больш будзе расцвітаць уся наша краіна. Яшчэ напярэдадні, позна ўвечары, ля гэтага дома па вуліцы Ленінскай завяршаліся работы. Зранку ж будынак проста-такі ззяў сваім хараством. Што ж, яго сонечная “вясёлкавасць” была літаральна запраграмавана былымі гаспадарамі: калісьці ў гэтым доме размяшчалася трыкатажнае атэлье з назвай “Радуга”, цяпер — будуць радавацца чытачы, а іх у бібліятэцы — 6300. І колькасць наведвальнікаў, трэба меркаваць, яшчэ павялічыцца, бо ў новым будынку з’явяцца ўсе ўмовы для плённай працы і адпачынку: у чытальнай зале — за кнігай, у інтэрнеткласе — за камп’ютэрам, а яшчэ — у канферэнц-зале, дзе будуць праводзіцца творчыя сустрэчы, прэзентацыі, семінары. — Мы шчаслівыя бязмерна, — усхвалявана распавяла дырэктар Лідскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галіна Окунь. — Пра такі падарунак мы марылі даўно, але ўласна будаўнічыя работы распачаліся ўвосень, — і хутка, усяго за некалькі месяцаў, мы атрымалі гатовы вынік: не толькі будынак, але і новае абсталяванне: стэлажы, камп’ютэры. Літаральна адразу ж пачалі перавозіць фонды: у верасні, калі звычайна пачынаецца чарговы віток чытацкай актыўнасці, мыУ дзень адкрыцця бібліятэкі: дырэктар Лідскай РЦБС Галіна Окунь, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка, старшыня Лідскага райвыканкама Андрэй Худык, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш павінны напоўніцу абслугоўваць наведвальнікаў. Таму яшчэ адну ўрачыстасць плануем прымеркаваць да Дня бібліятэк і правесці ў сярэдзіне верасня Дзень адкрытых дзвярэй. У бібліятэцы ёсць электронны каталог, аўтаматызаваная сістэма пошуку, будзем закупляць і новыя праграмы. Супрацоўнічаем мы з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі, плануем аднавіць і кансультацыі юрыстаў.

Ад эстрады да Шапэна

У культурным аздабленні выстаўкі “Ліда-рэгіён” назіралася цудоўная тэндэнцыя спалучэння сусветных і агульнанацыянальных здабыткаў з абавязковай папулярызацыяй “свайго”, “роднага”, мясцовага. Шлягеры 80-х гучалі ў выкананні эстраднага аркестра Лідскага раённага аддзела культуры. “Цвіком” выступлення Прэзідэнцкага аркестра, якім у той вечар кіраваў малады дырыжор калектыву Віталь Кульбакоў, сталі спевы “мясцовых” удзельнікаў праекта “Новыя галасы Беларусі”: лідчаніна Аляксандра Маркевіча, яшчэ адной навучэнкі Лідскага музычнага вучылішча — Вольгі Трэфілавай і выпускніцы Гродзенскага каледжа мастацтваў Радмілы Сямёнавай. Гістарычнае мінулае ўваскрашалі не толькі экспазіцыі Лідскага гісторыка-мастацкага музея, але і рыцары ля сцен Лідскага замка. У зале дзіцячай музычнай школы адбыўся сольны канцэрт лаўрэата міжнародных конкурсаў Дзінары Мазітавай: гэтая ўраджэнка Ліды скончыла СанктПецярбургскую кансерваторыю, прычым адразу па дзвюх спецыяльнасцях — фартэпіяна і кампазіцыі, цяпер працягвае навучанне ў аспірантуры. — Такія меладычныя, мілагучныя творы, — падзялілася ўражаннямі педагог Тамара Ліпніцкая, — сустракаюцца ў сучаснай беларускай музыцы не так і часта. Я сама выкладаю і ведаю, як цяжка бывае падабраць для сваіх вучняў штосьці ім блізкае, зразумелае, яркае па вобразах. Атрымала сапраўднае задавальненне і ад іншых канцэртаў. Мы жывём у Смаргоні, але штогод усёй сям’ёй прыязджаем да сваякоў у Ліду акурат у дні выстаўкі. Тут заўсёды шмат цікавага, адчуванне сапраўднага свята, але сёлетняя культурная праграма — пераўзышла ўсе чаканні. І хаця, прызнацца, мы чакалі Віктара Бабарыкіна, а Прэзідэнцкім аркестрам дырыжыраваў ягоны калега, тым больш прыемна было даведацца пра яшчэ адно новае для шырокай публікі імя. Што ні кажыце, а падобныя святы даюць не толькі эканамічны штуршок і міжнародны рэзананс. Яны выхоўваюць гонар за “сваё, беларускае” — у дачыненні як да прамысловасці, так і да культуры.

Удакладненне

 У артыкуле “Дуэт эканомікі з культурай” памылкова пазначана прозвішча дырэктара Лідскай РЦБС Галіны Аляксееўны Шабалінай. Перапрашаем.




Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"