Балетная лексіка, якая заварожвае

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Калі б на “Славянскім базары ў Віцебску” вызначалі айчынных герояў фестывалю, дык сёлета такое “ганаровае званне”, безумоўна, павінны былі б атрымаць выкладчыкі і студэнты кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Яны ўдзельнічаюць у гэтым фестывалі яшчэ з 2000-га года, але сёлета дэманстравалі сваё майстэрства асабліва шырока — ажно ў шасці праграмах на сцэне Летняга амфітэатра: у гала-канцэртах адкрыцця і закрыцця, Днях Беларусі, Расіі, конкурсе маладых выканаўцаў і выступленнях членаў журы. Прычым амаль усе паказаныя імі нумары былі не ранейшымі пастаноўкамі, прыстасаванымі да новай музыкі, а цалкам новымі аўтарскімі работамі, прымеркаванымі менавіта да фестывалю і да выступленняў пэўных артыстаў.

Святлана ГуткоўскаяСустрэцца з загадчыкам кафедры харэаграфіі БДУКіМ Святланай ГУТКОЎСКАЙ давялося не адразу: спачатку яна была занята на ўступных іспытах, потым — ездзіла ў Вільнюс, дзе знаёмілася з працай Літоўскага танцавальнага інфармацыйнага цэнтра. — Тое, што я ўбачыла ў Вільнюсе, — пачала дзяліцца сваімі ўражаннямі Святлана Вячаславаўна, — выклікае шчырую зайздрасць. Інфармацыйны цэнтр існуе там даўно, у ім сабраны адны з лепшых у Еўропе бібліятэка і, асабліва, — відэатэка. Гэта дазваляе літоўцам заўсёды быць у гушчы балетных падзей, аднымі з першых пераносіць на сваю нацыянальную глебу лепшыя сусветныя здабыткі. Пад Цэнтр аддадзены былы манетны двор, які ўяўляе з сябе цяпер цэлы комплекс, разлічаны на самыя розныя віды працы. Там— некалькі рэпетыцыйных памяшканняў, канферэнц-зала, асобная зала для відэапраглядаў. А галоўнае — дзве шыкоўныя тэатральныя залы: адна — вялікая, другая— камерная. Абедзве забяспечаны лепшай светлавой, гукавой, відэаапаратурай. Акрамя таго, Цэнтр мае свой гатэль. Усё гэта садзейнічае не толькі назапашванню ведаў і вопыту, але і распаўсюджванню нацыянальнага мастацтва. Будзем спадзявацца, што з цягам часу інфармацыйны цэнтр такога маштабу, накіраваны на развіццё сучаснай харэаграфіі, з’явіцца і ў нас.
— Пакуль “рухавіком” у вашай сферы шмат у чым з’яўляецца Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, а таксама, дарэчы, ваша кафедра, якая штогод рыхтуе не толькі танцоўшчыкаў, але і балетмайстраў. Вось толькі не ўсе, дарэчы, пра гэта ведаюць! На тым жа “Славянскім базары ў Віцебску” пад час канцэрта “Расія запрашае вас на баль” я была вымушана пераконваць калег, што на сцэне выступалі не толькі артысты Марыінкі, Вялікага тэатра Масквы, Міхайлаўскага тэатра, але і — беларускія студэнты, “кардэбалет” якіх быў варты знаных зорак.
— Нашы пастаноўкі сапраўды вельмі высока ацанілі замежныя дзеячы балета — тыя ж масквічы.студэнты кафедры харэаграфіі БДУКіМ на “Славянскім базары-2009”.
— А мне журналісты паверылі толькі тады, калі напрыканцы канцэрта вядучыя пералічылі ўдзельнікаў. На многіх жа канцэртах ваша харэаграфічная група ўвогуле выступае “ананімна”...
— Гэта адна з тых “праблем”, якія, на мой погляд, вырашаюцца вельмі проста: дастаткова аб’яўляць стваральнікаў і выканаўцаў. Між іншым, сярод паказанага на “Славянскім базары ў Віцебску” былі не толькі мае пастаноўкі, але і іншых выкладчыкаў нашай кафедры. Мая выпускніца Вольга Шамрова ставіла “Гэтую ноч” у Дзень Беларусі, а таксама аздабляла выступленне ансамбля “Універсум”. Міхаіл Камінскі прыдумваў пластычную мізансцэну для выступлення члена журы конкурсу Фелікса Славачака з Чэхіі, які граў на саксафоне. Увогуле ж, даволі часта даводзіцца сутыкацца з дылетанцкім уяўленнем пра наша мастацтва: калі, да прыкладу, просяць паставіць штосьці на пэўную музыку літаральна за два-тры дні да канцэрта, не разумеючы, колькіх намаганняў гэта патрабуе.
— І не толькі творчых — чаго каштуюць хаця б памеры сцэны віцебскага Амфітэатра! Як вы ставіце на ёй масавыя нумары, калі ваша рэпетыцыйная зала, здаецца, разоў у пяць меншая?
— Рэпеціруем “па частках”, а з’ядноўваю я ўсё гэта ў сваёй галаве і, канчаткова, ужо на фестывалі. Бо апошнія штрыхі, зразумела, узнікаюць пад час рэпетыцыі непасрэдна перад канцэртам. Да прыкладу, у выступленні Сары Конар нас папрасілі пакінуць на сцэне толькі чатыры бальныя пары з пяці, каб нямецкая спявачка заставалася самай высокай сярод артыстаў, якія знаходзіліся разам з ёй на сцэне. А ў адным з запланаваных нумароў Дня Расіі напярэдадні канцэрта змянілася спявачка — і, адпаведна, яе варыянт прачытання арыі з фільма “Пяты элемент”. Таксама фантазіравалі па ходзе дзеяння.
— А як утварылася ў конкурсе незабыўная пунсова-белая “Фантазія”? Мяркую, менавіта яна шмат у чым паспрыяла поспеху Дзмітрыя Даніленкі, які атрымаў Гран-пры. Спадніцы дзяўчат пад час вярчэння імгненна ператвараліся ў кветкі, фужэры — асацыяцый узнікала вельмі многа. Хто вам пашыў такія фантазійныя строі і, галоўнае, хто іх прыдумаў?
— Новыя касцюмы, паверце, не пашкодзілі б, але… У гэта, можа, цяжка паверыць, але ў нас не было ніводнага спецыяльна пашытага да фестывалю строю— усё, як кажуць, па падборы: адну дэталь бяром адтуль, другую — адгэтуль. А ў гэтым нумары спачатку я прыдумала спадніцу, што стварала б эфект загадкавага, чароўнага вярчэння. І ўжо з гэтага нараджалася сама лексіка танца — бясконцае вярчэнне, якое прыцягвае і заварожвае. Па нашай замове выраблялася толькі сцэнаграфічнае абсталяванне для пралога канцэрта Дня Расіі— балетныя станкі. А люстэркавыя калоны, праз якія ў гэтым канцэрце ажыццяўлялася “падарожжа па эпохах”, мы “абыгрывалі” самі.
— І ўсё гэта, адзначу, прытым, што летась вашы выхаванцы закончылі навучанне і раз’ехаліся на працу па розных кутках Беларусі. А ў складзе вашага цяперашняга ансамбля былі — першакурснікі. Як вам удалося так хутка іх падрыхтаваць?
— Я не перапыняю сувязей са сваімі выпускнікамі. У складзе балетнай групы, якая ўдзельнічала ў “Славянскім базары ў Віцебску”, былі пяцёра маіх былых навучэнцаў: трое выпускаліся летась, двое — ажно 11 гадоў таму. Яны і “цэментавалі” ўсю групу, бо астатнія “падцягваліся” за імі. За навучальны год мы аднавілі ажно 24 пастаўленыя раней кампазіцыі, удзельнічалі і ў іншых праектах, у тым ліку — у Палацы Рэспублікі. Да аднаго толькі Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне падрыхтавалі тры нумары. І наперадзе — столькі планаў!


Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"