Быў у Маладзечне баль...

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

10 — 11 ліпеня ў Маладзечне прайшлі Дні польскай культуры Мінскай вобласці. Свята сталася ўжо традыцыйным: яно праводзіцца чацвёрты раз.

 /i/content/pi/cult/218/2745/Clip_12-1.jpg
Леанід Крупец (злева) уручае Мячыславу Лысаму (справа) прывітальны адрас.

 У дзень адкрыцця свята ў Маладзечне адбылося наведванне касцёла Святога Іосіфа дэлегацыямі раёнаў Міншчыны, іншых рэгіёнаў Беларусі, гасцямі з суседняй краіны - прадстаўнікамі Кутноўскага раёна і горада Дамброва Сакульскага раёна Рэспублікі Польшча. 11 ліпеня ў маладзечанскай гарадской бібліятэцы прайшло адкрыццё выставак мясцовага мастака Эдуарда Мацюшонка, польскай літаратуры, экспазіцыі "Польскія манеты на Беларусі 1918 - 1939 гадоў". З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ламека, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Святлана Герасімовіч, намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Людміла Канановіч, старшыня Мінскага абласнога аддзела Саюза палякаў на Беларусі Мячыслаў Лысы. А затым распачаў сваю работу "круглы стол" "Роля польскай культуры ў фарміраванні духоўна-маральных каштоўнасцей і культурных традыцый беларускага народа". Пасля яго завяршэння ўдзельнікі Дзён культуры наведалі філіял музея Янкі Купалы ў вёсцы Яхімаўшчына. Старшыня Мінскага абласнога аддзела Саюза палякаў на Беларусі Мячыслаў Лысы на адкрыцці фестывалю адзначыў: "Усе фестывалі польскай культуры праходзяць цікава, заўсёды - па-рознаму. Мы рады, што да нас прыязджаюць госці з Польшчы, дэлегацыі не толькі з Міншчыны, а і з суседніх абласцей. Чацвёрты Фестываль польскай культуры Міншчыны адметны яшчэ і тым, што сёлетні канцэрт у Палацы культуры мае менш фальклорны, а больш эстрадны накірунак".

/i/content/pi/cult/218/2745/Clip_12-2.jpg

Святочная канцэртная праграма Дзён польскай культуры Міншчыны пачалася з віншавальных слоў старшыні Мінскага аблвыканкама Леаніда Крупца. "Гэтае свята, - адзначыў ён, - набыло сваю адметнасць, каларыт, стала дзейсным інструментам дружбы паміж беларускім і польскім народамі, паміж Беларуссю і Польшчай. Збіраючы яркія, самабытныя таленты, фестываль дэманструе народную творчасць, садзейнічае паглыбленню міжнацыянальнагадаверу ў нашым агульным доме, імя якому - Беларусь". Уладзімір Ламека ў сваім звароце да прысутных падкрэсліў, што беларускі і польскі народы злучае высокае мастацтва, якое не мае моўных бар'ераў, не мае межаў, але такое каштоўнае і дарагое для нас, беларусаў. Бо гэта - значны складнік агульнанацыянальнай культуры нашай дзяржавы, Рэспублікі Беларусь. У.Ламека зачытаў прывітальны адрас ад імя Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей рэспублікі Леаніда Гулякі. Напрыканцы ж сваё майстэрства прадэманстравалі прафесійныя і самадзейныя артысты, якія прадстаўлялі беларускую і польскую культуры.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА,

наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Маладзечна - Мінск

Фота Анатоля БАСАВА