“Музейнае заданне” Лідскага кастэля

№ 29 (897) 18.07.2009 - 24.07.2009 г

Будаўніцтва перліны беларускага сярэднявечнага дойлідства — Лідскага замка — распачалося ў 1323 годзе па загадзе вялікага князя літоўскага Гедыміна. Магутная фартэцыя павінна была супрацьстаяць нападам крыжакоў, а месцілася яна ў балоцістым краі, там, дзе рэчка Каменка ўпадае ў раку Лідзею — на створаным з пяску і гравію штучным востраве. Пабудаваны абарончы замак-кастэль меў чатыры сцяны, дзве вежы. Самая вялікая сцяна павернута на поўнач — адтуль ішла пагроза, — а перад ёй знаходзіўся глыбокі роў, запоўнены вадой... Задача сучасных дойлідаў увогуле, як лічыць галоўны архітэктар і навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі гэтага помніка, архітэктар інстытута “Мінскпраект” Наталля БАРАНЕЦ, — аднавіць колішнія славутасці на роднай зямлі. Адной з “першых ластавак”, разам з Нясвіжскім і Мірскім замкамі, станецца Лідскі кастэль. Пры гэтым велічная пабудова павінна ўвабраць у сябе і функцыянальнасць ХХІ стагоддзя.

 Як "упісаць" ХХІ стагоддзе ў замак Гедыміна?

 /i/content/pi/cult/218/2731/Clip_4-1.jpg

 Як бачыў вялікі князь

 - Наша творчая група, - распавядае Наталля Міхайлаўна, - займаецца праектам рэстаўрацыі Лідскага замка з 2005 года. Напачатку зрабілі эскізны праект, сабралі матэрыялы, вялікая праца ажыццёўлена па фіксацыі гістарычных звестак. Лідскі замак - кастэль, ён не з'яўляецца магнацкім, таму не павінен трактавацца ў адным спісе з Любчанскім, Гальшанскім, якія таксама патрабуюць аднаўлення. Хочацца верыць, што ў даволі хуткім часе мы зноў ператворымся ў краіну замкаў. Зрэшты, нельга казаць, што ў нас мала помнікаў архітэктуры. У нас толькі пад Мінскам іх вялікая колькасць! Гэта закінутыя палацы, сядзібы, паркі... Галоўнае, каб дахі былі ў гэтых будынках, бо без іх пабудовы цяжэй аднаўляць. У Лідскім жа замку не было дахаў, вежы яшчэ ў 1702 годзе былі ўзарваны шведамі. У 1794-м разбурэнне давяршылася. Пасля гэтага замак не аднаўляўся.... Працуючы на аб'екце, убачылі: спробы правесці рэстаўрацыю былі і раней. Вядома, што "Белрэстаўрацыя" пачала займацца ў 1990-я аднаўленнем Лідскага замка. Але на той час не было ні адпаведнага фінансавання, ні рабочых. У выніку работы на аб'екце аказаліся выкананымі далёка не па праекце, што прывяло з цягам часу да пэўных разбурэнняў. Цяпер у замку- няўстойлівая заходняя сцяна, бо не зусім добра выканана бутавая кладка- старадаўні будаўнічы прыём, калі паміж двух бакоў кладкі засыпаецца раствор з цэглай, рэшткамі камянёў. Сцяна аказалася непакрытай, і, трапляючы ў гэтую поласць, вада ў халодную пару года замярзала. Не да канца закансервавана і паўднёва-заходняя вежа, якую таксама не накрылі. Сёння на гэтых участках працуюць даследчыкі.

 - Якое аблічча будзе нададзена Лідскаму замку ў ХХІ стагоддзі?

 - Мы ў сваёй працы над праектам кіраваліся мэтай надаць замку аблічча, якое ён меў у XIV стагоддзі, прыстасаваўшы яго пры гэтым для сучасных патрэб. На тэрыторыі двара, паводле археалагічных раскопак, якія праводзіліся Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, раскрыты падмуркі збудаванняў. Мы адраджаем дом каменданта, казармы, кузню, навесы для коней, галерэю, два калодзежы. Плануюцца рэканструкцыя адной вежы і аднаўленне другой... Хутка павінны распачацца будаўнічыя работы. Дазвол на гэта даецца пасля праходжання экспертызы па архітэктурным праекце, да чаго мы зараз і рыхтуемся. Да гэтага ён быў ужо адобраны Рэспубліканскай мэтадычнай радай па аднаўленні помнікаў архітэктуры. Увогуле, калі параўноўваць рэстаўрацыю ў Лідскім замку з працай у Нясвіжы і Міры, варта заўважыць: апошнія пасля аднаўлення будуць выконваць іншую, чым Лідскі, функцыю. Таму збіраемся зрабіць на нашым аб'екце ўсё максімальна блізкім да таго, якім яно было ў мінуўшчыне.

- Цікава, а па сваіх памерах Лідскі замак меншы, скажам, за Мірскі?

 - Калі мець на ўвазе аб'ём збудаванняў - дык, напэўна, меншы. Калі ж браць плошчу - разам з навакольнымі тэрыторыямі яна складае 4,2 гектара. Таму Лідскі замак атрымліваецца не меншы за Мірскі. Ён выкананы старажытнымі будаўнікамі ў выглядзе трапецыі, вельмі набліжанай да квадрата. Каля замка праглядаюцца рэшткі рова. Мы яго пакідаем. Мяркуем аднавіць і стаў. Дарэчы, Лідскі райвыканкам заказаў праект адраджэння воднай сістэмы, які выконвае спецыялізаваны праектны інстытут. У нашу ж задачу, апроч рэстаўрацыі Лідскага замка, уваходзіць аднаўленне замкавай тэрыторыі, стварэнне сквера на перакрыжаванні вуліц Камсамольская і Энгельса, дзе прадугледжана вялікая колькасць скульптур, у іх ліку - конная. Мяркуецца, што вершнікам з часам стане славуты князь Гедымін - заснавальнік Лідскага замка.

Фантазія Орды, або "Круглага" - не было!

/i/content/pi/cult/218/2731/Clip_4-2.jpg

 - Вы, пэўна, вывучалі вопыт рэстаўратараў Літвы, Польшчы. Ці падобны нашы пабудовы такога тыпу на замкі краін-суседак?

 - Так, мы вывучалі вопыт Польшчы, Літвы. Сапраўды, нашы замкі падобны да іхніх. Дарэчы, падобныя збудаванні сучасных Беларусі і Літвы стваралі раней своеасаблівы абарончы ланцужок з кастэляў, або каштэляў: Меднікі, Трокі, Ліда... У Наваградку ж, да прыкладу, замак быў трохі іншы - каралеўскі. Увогуле ж, лічу, нельга параўноўваць, скажам, Тракайскі замак з Лідскім. Літоўскі трохі іншы па стылі. Дарэчы, яго рэстаўрацыя вядзецца ўжо даўно. У нас жа іншыя мэты і тэрміны работ. Пакуль мы маем архітэктурны праект. Элементы дэкору там будуць таксама выкананы - прадстаўлены рэчы, зробленыя паводле ўзораў, знойдзеныхархеолагамі: кафля для пячэй, коўка, мячы. Мы вывучалі і чэшскія замкі, цікавіліся германскім вопытам, у прыватнасці, адроджаным замкам і старажытным цэнтрам Нюрнберга па архіўных фота і дакументах. Але там захавалася нашмат болей матэрыялаў, чым у нас. Таму нам давялося выкарыстоўваць мастацкія рашэнні.

 - Італьянскія госці, якія бачылі нашы замкі, сцвярджаюць, што многія з іх пабудаваны іхнімі архітэктарамі...

- Нясвіжкі замак - узор італьянскага барока. У выпадку з Лідскім - архітэктар невядомы. Паводле гістарычных звестак, замак будаваўся тры гады. Пасля будаўніцтва ў яго мелася толькі адна - паўночна-ўсходняя - вежа і адзін уваход, праз сто гадоў дабудавалі другую. Між іншым, першапачаткова Лідскі замак быў часткова драўляны.

- Ці грунтавалася ваша даследаванне па аднаўленні знешняга выгляду замка па замалёўках Орды, Драздовіча, Пешкі?

- Гэта не абсалютна дакладныя дакументы: у іх шмат мастацкага вымыслу. У Орды вежа Лідскага замка адлюстравана круглай, хаця, паводле археалагічных даных, круглага тут не было нічога... Пры распрацоўцы праекта мы вывучалі старажытныя гравюры Гродна. Стараліся выкарыстоўваць тое, што бліжэй за ўсё да рэгіёна, таму будынкі Прыбалтыкі, Польшчы і Гродзенскай вобласці нас цікавілі перш за ўсё.

 Ухіл на драўляныя элементы

 - Якія будаўнічыя матэрыялы мяркуецца ўжываць пры аднаўленні велічнага Лідскага замка?

 - Я не сказала б, што пры рэстаўрацыі будуць ужывацца сучасныя матэрыялы. Калі лічыць, што цэгла - сучасны будаўнічы матэрыял, дык яна будзе прымяняцца. Вядома, ужывём дрэва, бут і бетон (апошні ж, як вядома, вынайдзены яшчэ да нашай эры). У прынцыпе, пры рэстаўрацыі нічога лепшага не знойдзеш за натуральны камень для брукавання. Для дахаў скарыстаем керамічную чарапіцу і драўляныя гонты. У асноўным, ухіл робіцца на ўжыванне якраз-такі драўляных элементаў.

 - Ці плануеце запрасіць да працы майстроў, якія могуць выканаць працы паводле традыцыйных узораў?

 - У нас у вёсках і сёння ёсць майстры, якія рубяць хаты, могуць выканаць усе неабходныя злучэнні. Існуюць спецыялізаваныя будаўнічыя арганізацыі, чые спецыялісты працуюць па старажытных тэхналогіях. Мы імкнёмся, каб мастацкае рашэнне замка ў Лідзе, яго інтэр'ераў адпавядалі духу і стылю XIV - XV стагоддзяў. Чаго не будзе - дык гэта ацяплення залаў печкамі і радыятарамі, якія бачныя на сценах. Усё гэта можна "схаваць".

 Аднаўленне і патрэбнасці горада

 - У беларускіх архітэктараў назапашваецца ўжо ўласны вопыт у справе рэстаўрацыі і адраджэння помнікаў архітэктуры. На чым, на вашу думку, асабліва варта акцэнтаваць увагу спецыялістам?

 - Мы працуем толькі над праектам. Самы складаны момант ва ўсім працэсе - яго рэалізацыя. І вельмі шмат залежыць ад таго, як і кім ён будзе ажыццёўлены. Над нашым праектам працуе не толькі наша архітэктарская група, а таксама і канструктарская. Падключаны ўсе памежныя аддзелы: спецыялісты ў галіне тэхнікі, электрыкі, сантэхнікі. Замак будзе насычаны ўсялякімі камунікацыямі, усім неабходным, чаго патрабуе ХХІ стагоддзе. Пры ўсім тым, нельга сказаць, што Лідскі замак - навадзел. Гэта будзе аднаўленне, але ўсё ж такі - з элементамі патрэбнасцей горада. Сучасная Ліда выкарыстоўвае замак для правядзення культурных, спартыўных мерапрыемстваў. У заданні па праектаванні вызначана: стварыць на тэрыторыі замка падабенства арэны для правядзення рыцарскіх турніраў і спартыўных спаборніцтваў, канцэртаў. На дварэ прадугледжана змясціць баявую тэхніку XIV стагоддзя, усталяваць пад'ёмны мост, прабіць княжацкія вароты, якія былі зроблены спецыяльна для вяселля Ягайлы і Соф'і Гальшанскай. Аднаўляецца дом з фахверхавымі фасадамі...

 - Наколькі ўсе гэтыя новаўвядзенні будуць гарманіраваць са старажытнасцю?

- У здзяйсненні ўсяго названага я не бачу асаблівых праблем. Пытанне пра тое, што нічога нельга чапаць, а рабіць толькі так, як было, не стаіць рубам. Існуе шмат прыкладаў, уключаючы досвед Грэцыі, Італіі, іншых краін Еўропы, дзе выкарыстоўваюцца і насычаюцца сучаснымі інжынернымі збудаваннямі старажытныя замкі. Трэба ўлічваць і той момант, што ў Беларусі вельмі шмат разбурана і, на жаль, не аднаўлялася цягам многіх гадоў. Ёсць такія прыёмы: пакідаць старажытныя помнікі як руіны, рабіць кансервацыю. Лідскі замак патрабуе аднаўлення. Калі ўлічыць, што ён знаходзіццаў цэнтры горада, а там не захавалася гістарычная забудова, дык замак для горада - асноўная дамінанта. Наколькі я ведаю, лідчане з нецярпеннем чакаюць, калі замак адновіцца. І, перш за ўсё, Лідскі замак будзе музеем. Мы шчыльна працавалі з аддзелам культуры Лідскага райвыканкама, з краязнаўчым мастацкім музеем, якія далі нам такое планавае заданне. Ды і плынь турыстаў у Беларусь усё павялічваецца. Лідскі замак якраз знаходзіцца на шляху турыстычнага патоку - паміж Нясвіжам, Мірам, Гроднам. Побач з тэрыторыяй замка месціцца гатэль. Таму горад можа актыўна развіваць турыстычны бізнес.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА