Крылы за спінай Шагала

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Чым знакаміты горад Віцебск? Безумоўна, — сваім земляком, мастаком Маркам Шагалам, які праславіў яго на ўвесь свет. А ён, у сваю чаргу, праславіў Віцебск, таму што маляваў яго амаль у кожнай сваёй рабоце.

 /i/content/pi/cult/216/2713/13-1.gif
/i/content/pi/cult/216/2713/13-3.gif

На працягу семнаццаці гадоў работы майстра можна ўбачыць у віцебскім Арт-цэнтры Марка Шагала. У апошні час ён стаў буйной установай па вывучэнні і прапагандзе творчасці знакамітага земляка, а таксама адзіным на Беларусі ўладальнікам цудоўнай калекцыі графікі Шагала і бібліятэкі па мастацтве пачатку ХХ стагоддзя. Графічных работ Марка Шагала ў калекцыі музея каля трохсот, аснову якой складаюць работы, падораныя мецэнатам з Германіі, доктарам Генрыхам Мандэлем і ўнучкай мастака - Мерэт Мейер-Грабэр. Графіку Марка Шагала можна ўбачыць у Арт-цэнтры цягам усяго года, але экспазіцыя пастаянна абнаўляецца. У цяперашні час яна адкрываецца апошняй графічнай работай Марка Шагала, якую ён зрабіў у сваім жыцці: гэта каляровая літаграфія "Да іншага свету". Яе аўтар выканаў у сакавіку 1985 года, незадоўга да смерці. На літаграфіі намаляваны сам аўтар, перад ім на мальберце ўзнікаюць вобразы яго бацькоў, за яго спінай - крылы, над ім лунае анёл: мастак быццам бы гатовы да пераходу ў іншы свет. Сам Шагал часта гаварыў, што, калі ён нарадзіўся, над горадам пралятаў анёл і злёгку дакрануўся да яго сваім крылом. Чым яшчэ можа парадаваць экспазіцыя музея прыхільнікаў творчасці Марка Шагала і гасцей "Славянскага базару"? Трыма рэдкімі каляровымі акватынтамі, якія падарыла музею дачка мастака Іда Шагал за год да сваёй смерці, - гэта "Алека", "П'еро" і "Закаханыя пад дрэвам". А яшчэ - поўнымі паэзіі каляровымі літаграфіямі да кнігі Жака Ласеня "Шагал", каляровымі афортамі з серыі "Псалмы Давіда", афортамі з серыі "Біблія", лёгкімі каляровымі літаграфіямі, прысвечанымі цырку, афортамі да "Мёртвых душ" Гогаля, якія ўнучкі Шагала - Мерэт Мейер-Грабер і Бэла Мейер - падарылі музею дзесяць гадоў таму. Часавы дыяпазон шагалаўскай графікі, прадстаўленай у экспазіцыі музея, - шырокі і дае магчымасць гледачу бачыць, як развівалася творчасць Марка Захаравіча, як змяняўся малюнак на яго работах, і як паступова, усё больш смела, ён уводзіў у графіку колер. Нязменным заставалася толькі адно: любоў мастака да Віцебска, якую ён пранёс праз усё сваё, амаль стогадовае, жыццё.

Юлія СЦЕПАНЕЦ

 Віцебск

***

 10 ліпеня ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка афортаў Марка Шагала- ілюстрацыі да паэмы Мікалая Гогаля "Мёртвыя душы". Гэта падарунак Незалежнага дабрачыннага фонду "Трыумф- новае стагоддзе" Рэспубліцы Беларусь Як вядома, арыгінальныя ілюстрацыі былі створаны па заказе Амбруаза Валара, знакамітага парыжскага галерыста і выдаўца. Менавіта ён запрасіў Шагала ў Парыж з Літвы, дзе мастак тады знаходзіўся. У 1923 годзе Шагал узяўся за работу, і праз два гады скончыў увесь цыкл з 96 лістоў. Але надрукавана кніга была ўжо пасля смерці Валара ў друкарні яго вучня Эжэна Тэрыада ў 1948 годзе. У прынцыпе, афорты да "Мёртвых душ" знаёмы беларускаму гледачу. У Віцебскім музеі Марка Шагала захоўваюцца ўсе лісты, якія калісьці былі падораны спадчыннікамі мастака. Але такая унікальная кніга з'явілася ў Віцебску ўпершыню. Выданне аблегчыць доступ да Шагала большай колькасці гледачоў і вучоных. Падкрэслім, што, акрамя афортаў і перакладзенага па заказе Валара тэксту "Мёртвых душ", кніга ўтрымлівае лісты, дзе ўсе афорты ў паменшаным памеры пералічаны ў тым парадку, у якім іх задумаў Шагал. "Табліцы" зроблены самім мастаком і вызначаюць парадак ілюстрацый і адносіны таго ці іншага адлюстравання да пэўнага месца ў кожным з раздзелаў. Гэтыя табліцы таксама прадстаўлены ў экспазіцыі.

Ул. інф.

 На фота:

Марк Шагал. 1970-я.

 Доктар Генрых Мандэль (Германія) дорыць музею ксілаграфію М.Шагала. 4 ліпеня 1997 г.