Дарога ў Смілавічы

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

Нядаўна пошта даставіла ліст з Францыі. Ад пісьменніка Барыса Носіка (ён нарадзіўся ў Маскве ў 1931 годзе). У карэспандэнцыі літаратар, які даследуе жыццё і творчасць рускіх мастакоў у эміграцыі, прапанаваў для публікацыі шэраг сваіх рукапісаў. А яшчэ праз некаторы час трапілася на вочы кніга Барыса Носіка і Валерыя Жарліцына “Рускія мастакі ў эміграцыі” (з серыі “Другая радзіма”), выдадзеная ў Санкт-Пецярбургу ў 2007 годзе. Грунтоўны фаліянт, дзе расказваецца пра многіх жывапісцаў, скульптараў, графікаў, чые дарогі, што вялі ў вялікі свет колераў, фарбаў, мастацкай гармоніі, пачыналіся з гарадоў і мястэчак Расійскай імперыі. У тым ліку — і з губерняў, паветаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ці не галоўны персанаж кнігі — ураджэнец Смілавічаў Хаім Суцін.

Але ж і ў Барыса Носіка, які жыве і працуе ў Францыі, - свая повязь з мястэчкам Смілавічы, з Мінскам, з Беларуссю. Чытаем у раздзеле "Ты што, са Смілавічаў?" наступнае: "Быў ён, канешне, як і ўсе падобныя да яго, выдумшчык, міфастваральнік, нават датай яго нараджэння называюць то 1893, то 1894 год, але ў адным сходзяцца ўсе біёграфы: у тым, што "нарадзіўся ён кіламетраў за дваццаць на поўдзень ад беларускага горада Мінска, у мястэчку Смілавічы, і што мястэчка гэтае было зусім заняпалае".

 /i/content/pi/cult/214/2645/13-2.gif

Хаім Суцін у Парыжы. 1910-я гг.    

 

Так ужо склаўся мой лёс, што назва гэтая была ў нас з сястрычкамі з самага дзяцінства на слыху, таму што і бабуля мая, і мама нарадзіліся ў гэтых самых беларускіх Смілавічах, і яшчэ куча сваякоў..." Так, Барыс Носік, імя якога можна смела заносіць у "Літаратурную карту Чэрвеньшчыны", нарадзіўся ў Маскве ў 1931 годзе. Скончыў рэдактарскае аддзяленне факультэта журналістыкі МДУ, а крыху пазней - Інстытут замежных моў. I гэтая другая адукацыя зусім невыпадковая. Там Барыс Носік, акрамя асноўнай - англійскай, авалодаў яшчэ армянскай, польскай, італьянскай, французскай і нямецкай мовамі. Некаторы час працаваў на Маскоўскім радыё, у англійскай рэдакцыі. А затым перайшоў на "вольны хлеб", каб пісаць прозу і падарожнічаць. Аб'ехаў Сярэднюю Азію, Каўказ, абышоў Крым, пабываў на Камчатцы, на востраве Берынга, падоўгу жыў у кішлаках Таджыкістана. Пазнаёміўся з гарадамі, вёскамі Прыбалтыкі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Германіі... Паўсюль насіў з сабою слоўнікі, друкарку. Пераклаў творы Іўліна Во, Уільяма Сараяна на рускую мову. Выдаў тры падарожныя аповесці для падлеткаў. Напісаў цікавую дакументальную кнігу "Па Русі Яраслаўскай". У серыі "Жыццё знакамітых людзей" выйшла біяграфія Б.Носіка "Швейцэр". Напісаў некалькі раманаў, якія прыйшлі да чытача ўжо ў 1990-я.

...А што ж Смілавічы? Вядома, як згадваў сваю малую радзіму вялікі мастак. Нешта падобнае панавала і ў сям'і Носікаў у Маскве. У Банным завулку, у двары, які быў перанаселены правінцыяламі, часта гаварылі: "Эх ты, деревня, валенок, колхозник..." А дома ў Носікаў гаварылі: "Ты што, са Смілавічаў?"; "Ну і бруду тут у вас: сапраўдныя Смілавічы!.." I ўсё ж неяк трывожна-эмацыйна вярталіся ў свядомасць Барыса Носіка маміны, бабуліныСмілавічы. Даведаўшыся, што родам са Смілавічаў і "французскі мастак Хаім Суцін", ён звяртаецца ў рэдакцыю часопіса "Советский экран", з якім супрацоўнічаў як вольны літаратар, з просьбай даць камандзіроўку ў Беларусь. Яшчэ і напісаў у заяве: "Прашу адправіць мяне за кошт часопіса на гістарычную радзіму". У рэдакцыі жарт не зразумелі, бо за "другую радзіму" лічылі далёкую ад СССР краіну. Давялося Носіку тлумачыць, што меў ён на ўвазе Смілавічы... Камандзіроўку ўсё ж выдалі. "....Тады я паляцеў у Мінск і адтуль на таксі рынуўся на поўдзень. Шафёрша высадзіла мяне на шашы насупраць мястэчка: некуды яна спяшалася. У іх заўсёды - свае "важныя справы", твае ж- справа дзесятая. Я пайшоў праз поле і ўбачыў крыжы, могілкі... Падышоў бліжэй - не па-руску напісана, па-польску. Вось гэта навіна! Значыць, жылі тут палякі. Так, каторыя каталікі, тыя - палякі, а праваслаўных называлі беларусамі. I яўрэяў тут жыло мноства. Увайшоў я ў Смілавічы і ўсё зразумеў. Я заспеў апошнія дні старых Смілавічаў. Хутка пасля гэтага прыехалі бульдозеры, усё зруйнавалі і набудавалі блочных хрушчоб. А калі я быў, усё было, як у часы маладосці прыгожай маёй бабулі Розы, суседкі і равесніцы Хаіма Суціна... Хаткі былі ўсё тыя ж, малюпаценькія, - у тры, а то і ў два акны. I знутры - метраў чатырнаццаць. Ды печка, ды лаўкі, ды сталы. Шавец Залман Суцін меў адзінаццаць дзяцей..." Барыс Носік паспрабаваў шукаць адрасы, звязаныя са смілавіцкім геніем Хаімам Суціным. Ды напрыканцы XX стагоддзя, ці дакладней - у трэцяй яго чвэрці, зрабіць гэта было няпроста. Пісьменнік выйшаў да пажарнага дэпо. "...У цэнтры мястэчка я ўбачыў драўляны дом, памерамі большы, чым астатнія. У ім размяшчаліся пажарнікі. Сумны дзяжурны паведаміў мне, што ў гэтым памяшканні, яшчэ пры прыватніках, быў кандытарскі цэх, выраблялі цукеркі.

- Ты ж ведаеш, тут яўрэі жылі. I цяпер некалькі жывуць, але мала...

- А дзе яны цяпер?

Ён не вельмі дакладна махнуў рукою некуды на задворкі, і я пайшоў туды..." Так у "паходах" па мястэчку Барыс Носік адкрыў для сябе і яўрэйскія могілкі. Даведаўся, якога маштабу трагедыя адбылася ў Смілавічах у кастрычніку 1941 года. Барысу з маленства расказвалі пра гэтае злачынства: у той дзень загінулі дзесяткі, мо нават сотня родзічаў. I вось - сустрэча з памяткай пра велізарнейшую бяду.

Русінава - прозвішча смілавіцкай бабулі Барыса Носіка. Русінавых у мястэчку пісьменнік ужо не знайшоў. Як, відаць, нічога новага і не адкрыў пра легендарнага мастака. Затое ўбачыў на свае вочы паселішча, што вывела ў свет геніяльнага творцу.

У сваёй кнізе "Рускія мастакі ў эміграцыі", падрабязна расказваючы пра жыццё Хаіма Суціна ў Парыжы, Носік узнаўляе сяброўства колішняга смілавіцкага падлетка з іншымі ўраджэнцамі Беларусі. З Пінхусам Крэменем (нарадзіўся ў Жалудку, што на Гродзеншчыне) і Міхаілам Кікоіным (родам з Віцебскай губерні) Хаім пазнаёміўся яшчэ ў мастацкім вучылішчы ў Вільні. Не пакідалі адзін аднаго сябры і ў першыя гады парыжскага жыцця. Напісаная простай, зразумелай мовай, пазбаўленая доўгіх мастацтвазнаўчых экскурсаў, кніга Б.Носіка пра X.Суціна, М.Шагала, П.Крэменя, несумненна, вартая ўвагі шырокага кола чытачоў. Тэкст дапаўняюць рэпрадукцыі работ самых розных мастакоў.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ