Дзве Таццяны

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

З адкрытага акна трэцяга паверха Віцебскай абласной філармоніі ліюцца задушэўныя гукі: гэта вядуць рэпетыцыю нашы “дзве Таццяны” — спявачка Таццяна Белавусава і канцэртмайстар Таццяна Шахрай. Яны ўжо некалькі гадоў выступаюць разам, аб’ездзілі з канцэртамі ледзь не ўсю Беларусь, бывалі ў замежжы.

Іх шлях у мастацтва быў розным. Піяністка Таццяна Шахрай напрацоўвала вопыт не толькі пад час вучобы ў Віцебскім музычным вучылішчы імя І.Салярцінскага і, пазней, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, але і, галоўнае, у Ліозненскай дзіцячай музычнай школе, куды яна трапіла па размеркаванні, калі ёй было ўсяго 19 гадоў. Яна не толькі займалася з дзецьмі. Таццяна ўдзельнічала ў суботніх вечарах рамансаў, што ладзіла дырэктар школы і адначасова вакалістка Ларыса Бараноўская. Вечары адбываліся ў амаль хатняй, утульнай атмасферы. Слухачы сядзелі за журнальнымі столікамі, пілі гарбату, каву, смакавалі хатнія піражкі - і слухалі рамансы. З лекцыяміканцэртамі педагогі выязджалі ў іншыя школы, працоўныя калектывы, шмат выступалі на сяле. Усё гэта вельмі спатрэбілася Таццяне Шахрай, калі яна стала працаваць у Віцебскай філармоніі, сумяшчаючы працу канцэртмайстра з дзейнасцю лектара-музыказнаўцы. Зусім іншы жыццёвы і прафесійны вопыт папярэднічаў філарманічнай дзейнасці Таццяны Белавусавай. Паводле сваёй першай спецыяльнасці яна два гады працавала тэхнікам-канструктарам і толькі пасля паспяховага ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці вырашыла стаць музыкантам. Калі за плячыма аказаліся вучоба ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, Харкаўскім інстытуце мастацтваў імя Катлярэўскага, стажыроўка ў Тэатры оперы і балета Украіны, а таксама 5 гадоў працы ў Саратаўскай філармоніі, спявачка, нарэшце, вярнулася ў Віцебск. Абедзве Таццяны - цудоўныя маці. У Таццяны Шахрай - сын Аляксандр, у Таццяны Белавусавай - сыны Леанід і Дзмітрый і дачка Паліна, з якой спявачка цяпер выступае разам.

Галіна КЛЁСАВА,

заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь