Камары - гэта...

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

“Камарова — кола дзён” — пад такой назвай вось ужо чатыры гады запар ладзіцца свята народных рамёстваў у аднайменнай вёсцы на Мядзельшчыне. Сёлета яно прайшло пры падтрымцы Мядзельскага райвыканкама і сабрала больш як 150 рамеснікаў з усёй краіны. А суправаджалася, паводле традыцыі, майстар-класамі народных умельцаў, “круглым сталом”, выступленнямі музычных калектываў (ад фолька да эстрады), гульнявымі і спартыўнымі праграмамі і конкурсамі.

 /i/content/pi/cult/214/2639/12-2.gif

 Вёска, што дала назву і прытулак фестывалю, адметная зусім не камарамі (пад час усяго свята можна было заўважыць хіба вялізных металічных камароў- плён кавальскага майстэрства), а "камароўскім" стаўленнем да жыцця: маўляў, калі з'яўляюцца думкі пра марнасць асабістых намаганняў, узгадайце "эфектыўнасць працы" аднаго маленькага камарыка ў цёмным пакоі. Такімі "камарыкамі", што не даюць усёй вёсцы "спаць", сталі некалькі мясцовых жыхароў, якія адкрылі тут першы на Беларусі Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва, што пачаў аказваць жадаючым кансультацыйную дапамогу. У вёсцы з'явіліся пякарня, уласная гідраэлектрастанцыя, адноўлены старадаўні графскі парк (калісьці ў гэтых мясцінах быў маёнтак Хамінскіх-Старжынскіх), плануецца стварэнне рамесных майстэрань, кузні. У рэгіёне, славутым сваімі азёрамі, добра развіваецца аграэкатурызм, узнікла шмат сядзіб. І вырабы народных майстроў, што становяцца для замежных турыстаў узятай з сабой "часцінкай краіны", тут асабліва запатрабаваны. Больш за палову жыхароў вёскі складаюць навучэнцы Свірскага сельскагаспадарчага каледжа, і такое спалучэнне "бабуліных запаветаў" з маладзёжнымі кірункамі - адно з найбольш перспектыўных. Як, дарэчы, і спалучэнне культуры з эканомікай. Бо развіццё народных рамёстваў дапамагае не толькі захаваць і прадоўжыць нацыянальныя традыцыі, але і атрымаць дадатковыя грошы. Невыпадкова і сёлетні "круглы стол" быў прысвечаны эканамічным складнікам правядзення святаў і фестываляў у малых гарадах і мястэчках, погляду на фестывальны рух як на дадатковы рухавік эканомікі, які, да ўсяго, стварае адметны "брэнд" кожнага з рэгіёнаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ

На здымку: ганчар Сяргей Шчэрба.

Фота аўтара