НЕВЫЧЭРПНЫЯ АСНОВЫ — НАША ПЕСНЯ І НАША СЛОВА!

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Сёння ў старадаўнім горадзе Маладзечне віруе Х Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, цэнтрам якога, па традыцыі, з’яўляецца Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Мастацкі кіраўнік конкурсу, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг пад час адной з апошніх рэпетыцый канкурсантаў з Нацыянальным канцэртным аркестрам даў удзельнікам творчага спаборніцтва такі наказ: “Натхнення, поспеху, павагі да нацыянальнай культуры і беларускай песні!” На здымку фотакарэспандэнта “Культуры” — толькі некаторыя з тых, хто сёння выйдзе на маладзечанскую сцэну. Спадзяёмся, што сярод іх ёсць і будучыя “зоркі” айчыннай сцэны.

Удзельнікам і гасцям Х Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі

 Паважаныя сябры! Сардэчна віншую вас з адкрыццём Х Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Гэта значная акцыя адбываецца ў Год роднай зямлі напярэдадні святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Толькі свабодныя, горача любячыя сваю Радзіму людзі могуць пільна захоўваць і памнажаць нацыянальныя культурныя каштоўнасці, узбагачаць творчую спадчыну продкаў. Яскравым прыкладам таму з'яўляецца фестываль песні і паэзіі, які дэманструе невычэрпнасць таленту беларускага народа, гарманічнае спалучэнне музыкі і слова, адкрывае новыя імёны маладых выканаўцаў - будучыні нашай эстрады. Упэўнены, што сённяшняе свята падоўжыць слаўныя фестывальныя традыцыі, паслужыць далейшаму развіццю сучаснага айчыннага мастацтва. Жадаю вам моцнага здароўя, натхнення, поспехаў, шчасця і дабрабыту.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА