У цэнтры падзей разам з краінай

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

9 чэрвеня ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка фотаработ Пятра Кастрамы, прысвечаная Году роднай зямлі і 75-годдзю з дня нараджэння майстра.

/i/content/pi/cult/212/2551/3-1.jpg

 Адкрыў імпрэзу намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Лапцёнак. Ён зазначыў: сталася добрай традыцыяй праводзіць у міністэрстве інфармацыі выстаўкі знакамітых мастакоў, фотамайстроў. У Пятра Кастрамы вельмі цікавая біяграфія. Ён рос разам з краінай. Працаваў Пётр Кастрама ў Карагандзе на вугальных шахтах. Пасля вярнуўся на радзіму і прымаў удзел у будаўніцтве мінскага метрапалітэна. Пётр Кастрама - фотамайстар і гісторык нашага метро. На выстаўцы прадстаўлена невялікая колькасць тых здымкаў, якія былі зроблены на працягу шматгадовай працоўнай дзейнасці фатографа. У сваім выступленні першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч падкрэсліла, што фотамайстар, здымаючы людзей, падзеі, прыроду, заўсёды знаходзіцца ў цэнтры жыцця. Пётр Кастрама - гэта жывая гісторыя і сведка жывой гісторыі. Вока майстра адкрыла для сучаснікаў і будучых пакаленняў прыгожыя краявіды нашага краю. "Творчасць Пятра Кастрамы - не толькі гісторыя, гэта станаўленне беларускай дзяржаўнасці", - падкрэсліла Лілія Ананіч. Загадчык аддзела фотаілюстрацый "К" Юрый Іваноў, які завітаў на адкрыццё выстаўкі, адзначыў: "Калега ідзе ў нагу з часам, ён не забягае наперад і не адстае. Так трымаць!"

Н.К.

На здымку: Пётр Кастрама, Лілія Ананіч, Ігар Лапцёнак пад час вернісажу.

 Фота Юрыя ІВАНОВА