Маскоўскія дні Мінска

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Плёнам рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж прэфектурай Паўднёвай адміністрацыйнай акругі горада Масквы і Мінгарвыканкамам стала правядзенне 6— 11 чэрвеня Дзён Мінска ў гэтай акрузе расійскай сталіцы.

Праграму мерапрыемстваў складалі кірмаш вырабаў беларускіх прадпрыемстваў, гала-канцэрт майстроў мастацтва і творчых калектываў Мінска, іншыя мерапрыемствы. Афіцыйная дэлегацыя беларускай сталіцы ўсклала кветкі да помніка "Пралетарцам, якія сышлі на вайну". Пляцоўка перад Палацам культуры "ЗІЛ" стала месцам урачыстага адкрыцця мерапрыемства. Масквічы агледзелі павільёны, што расцягнуліся на ўсю вуліцу. Запамінальнай падзеяй Дзён Мінска сталі выступленні на адкрытай пляцоўцы парку "Паўднёвы" мастацкіх калектываў беларускай сталіцы і святочны гала-канцэрт вядучых майстроў мастацтваў Беларусі. Яго распачала вакальна-харэаграфічная кампазіцыя "Касіў Ясь канюшыну" ў выкананні ансамбляў "Песняры" і "Харошкі". Узнёсласць пачуццяў прадэманстравала ў сваіх спевах оперная салістка Алена Сало. Спрыт ды няўрымслівасць юнацтва сталі характэрнымі рысамі выступлення пераможцаў дзіцячых міжнародных конкурсаў Аляксея Жыгалковіча і Святланы Святлічнай. Жвавыя скокі, музыку і песні прапанавалі слухачам артысты ансамбля народнай музыкі "Свята".

Ігар КУЗНЯЦОЎ