Гомельскі замак у славутай цытадэлі

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

У межах супрацоўніцтва Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і Гомельскага палацава-паркавага ансамбля 1 — 2 чэрвеня ў Брэсце адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя Дням закладкі першага каменя ў падмурак Цытадэлі і ўступлення Брэст-Літоўскай крэпасці ў строй у якасці дзеючай крэпасці Расійскай імперыі.

Менавіта 1 чэрвеня 1836 года імператарам Мікалаем І і ўладальнікам гомельскага маёнтка,дзе сёння месціцца знакаміты палацава-паркавы ансамбль, генерал-фельдмаршалам Іванам Паскевічам, які быў адказны за пабудову крэпасці, урачыста была закладзена абарончая казарма ў Цытадэлі- цэнтральным востраве крэпасці. Па старадаўняй традыцыі, у фундамент будучай казармы была замуравана бронзавая дошка ў гонар імператара і шкатулка з 21 манетай. Як распавяла "К" загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль" Надзея Брагіна, 1 чэрвеня на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" адбыліся ўрачыстасці, конкурс дзіцячага малюнка, а таксама адкрыццё выстаўкі адной карціны Марціна Залескага "Від Гомельскага замка" з фондаў Гомельскага музея. А 2 чэрвеня ў канферэнц-зале музея абароны Брэсцкай крэпасці супрацоўнікі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля правялі лекторыі, прысвечаныя Івану Паскевічу і Марціну Залескаму.