Адчуць сябе як дома

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

20 чэрвеня міжнародная супольнасць адзначае Сусветны дзень бежанцаў. Іх праблемамі ў Рэспубліцы Беларусь займаецца Прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў.

З нагоды Сусветнага дня бежанцаў Прадстаўніцтва распачало інфармацыйную кампанію, падтрыманую рэспубліканскімі ўстановамі культуры. Як адзначыў Прадстаўнік УВКБ ААН у Рэспубліцы Беларусь Шале Сафаві, Упраўленне і Міжнароднае гарадское таварыства па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах "Развіццё" ў рамках праекта "Павышэнне эфектыўнасці раздзялення і работы з міграцыйнымі патокамі на Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь" распрацавалі і выпусцілі камплект плакатаў, прысвечаны Сусветнаму дню бежанцаў. Яны, як паведаміў "К" дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, размешчаны ў НББ.

Да інфармацыйна-культурнай акцыі падключыўся і Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. 11 чэрвеня тут урачыста адкрылася выстаўка дзіцячых малюнкаў "Свет, у якім няма чужых". Напярэдадні Сусветнага дня бежанцаў Прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі "Эўрыка" ладзяць рэспубліканскі конкурс дзіцячых твораў. Сёлета ў аргкамітэт паступіла больш за 1300 малюнкаў, плакатаў, сачыненняў і вершаў з усіх рэгіёнаў краіны. У кожным з гэтых твораў - дзіцячае бачанне праблемы бежанцаў. Лейтматыў выстаўкі: "Мы не можам замяніць бежанцам іх Радзіму, але ў нашых сілах зрабіць так, аб яны адчувалі сябе ў Беларусі як дома". Экспануецца сто лепшых твораў. Выстаўка будзе доўжыцца да 22 чэрвеня.

А.С.