“Беларускі народ сапраўды здольны нараджаць таленты!”

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

29 мая ў сталічным Палацы Рэспублікі Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з маладымі выканаўцамі — удзельнікамі конкурсу “Новыя галасы Беларусі”. І гэтая сустрэча стала чарговым крокам у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па падтрымцы маладых талентаў.

У мінулым годзе пад час сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з Прэзідэнцкім аркестрам было прынята рашэнне аб правядзенні буйнога рэспубліканскага конкурсу для адбору вакалістаў высокага прафесійнага ўзроўню для работы ў гэтым калектыве. Аляксандр Лукашэнка адзначыў той факт, што ён не проста папрысутнічаў на паўфінальным канцэрце "Новых галасоў Беларусі", але і сам конкурс трымае на пільным кантролі, хаця, натуральна, гэтым павінны займацца адказныя чыноўнікі, кампазітары, "вялікія артысты, якія сёння лічаць сябе зоркамі". Прычыны падобнай асабістай увагі Прэзідэнт сфармуляваў наступным чынам: "Мы трацім мільярды рублёў у год, існуюць два прэзідэнцкія фонды па падтрымцы адоранай моладзі, праграма "Дзеці Беларусі". У нас ёсць таленавітыя дзеці, а чаму мы трацім вялікія грошы і не бачым добрага "прадукту" на вашым узроўні? Гэта мяне вельмі насцярожвае: укладваем вялікія грошы, а аддачы няма". Адзначаючы, што "дзеці спяваюць, а як толькі даходзіць да дарослых - з паўфіналу ў фінал не выходзім", Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для яго было прынцыпова важна ўбачыць, ці ёсць у нас цікавыя маладыя творцы і магчымасці для іх выяўлення. "І я ўпэўніўся, - сказаў ён,- што беларускае грамадства, беларускі народ сапраўды здольныя нараджаць таленты. І сёння яны былі на сцэне".

Звяртаючыся непасрэдна да ўдзельнікаў конкурснага выступлення, Прэзідэнт падзякаваў ім за тое, што тыя ўскалыхнулі творчае асяроддзе: "Гледзячы на вас, я думаў, што будуць рабіць заўтра нашы зоркі, - сказаў ён. - Я вельмі рады, што вы разварушылі гэтае зарослае цінай дрымотнае царства. Гэта добра, таму што многія нашы так званыя зоркі, ды і палова канкурсантаў, не дацягваюць да патрэбнага ўзроўню". Але, разам з тым, параіў маладым выканаўцам памятаць, што талент мае патрэбу ў пастаянным развіцці: "Калі вы будзеце працаваць, то з гэтага таленту нешта атрымаецца. Калі вы працаваць не будзеце, то, напэўна, гэта быў ваш першы самы яркі і апошні канцэрт". Працягваючы тэму развіццямаладых талентаў, Прэзідэнт звярнуўся да прысутных на сустрэчы чыноўнікаў і рэктараў творчых ВНУ і папярэдзіў іх аб недапушчальнасці сітуацый, калі для таго, каб паступіць у творчую ВНУ, неабходна знайсці ў вас выкладчыка, які будзе рыхтаваць гэтых людзей, яны будуць яму добра плаціць, а потым прыйдуць да гэтага выкладчыка здаваць экзамены ў творчую ВНУ, то гэта не што іншае, як хабар. Скрыты гэта хабар, ці адкрыты, але гэта ёсць у нашым грамадстве, і такая праблема яшчэ раз прагучала за кулісамі гэтага конкурсу". У сувязі з гэтым ён заявіў, што сёлета правілы прыёму ў творчыя ВНУ будуць пэўным чынам зменены. "Уводзячы цэнтралізаванае тэсціраванне, вы, рэктары творчых ВНУ, мяне пераканалі, што ні ў якім разе ніякага тэсціравання ў вашых ВНУ быць не можа. Я пайшоў у вас на повадзе- вось і атрымаў той вынік, пра які кажу". Таму сёлета для работы пад час уступных экзаменаў у профільныя ВНУ будуць накіроўвацца староннія спецыялісты, якія і адбяруць будучых студэнтаў. Тым больш, нагадаў Прэзідэнт, падобная практыка ўжо мела месца 7- 8 гадоў таму. У дачыненні да маладых выканаўцаў Кіраўнік дзяржавы сказаў, што не настойвае на тым, каб іх прымалі ў ВНУ без экзаменаў. "Але яны ўжо прайшлі самы жорсткі грамадскі конкурс. Яны ўжо зрабілі першы крок і здалі першы тэст", - зазначыў ён. Ды, адзначаючы высокі выканальніцкі ўзровень канкурсантаў, Лідэр нашай дзяржавы нагадаў, што, акрамя голасу, неабходна ўмець пець душой, і гэтаму многім з тых, хто выходзіў у гэты дзень на сцэну, варта яшчэ павучыцца. У тым ліку - і ў Прэзідэнцкага аркестра і яго кіраўніка Віктара Бабарыкіна: гэта той узор, калі маладыя таленавітыя музыканты, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, літаральна за 7 гадоў выраслі ў моцны унікальны ансамбль, які годна ўвасабляе нашу маладую краіну- маладую Беларусь.

Адзначаючы, што сучаснае мастацтва не абмяжоўваецца адно толькі эстрадай, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Нам трэба ўзварушыць беларускае грамадства па гэтым прыкладзе, пачынаючы ад эканомікі, палітыкі і заканчваючы мастакамі, выканаўцамі і гэтак далей. Думаю, у бліжэйшы час мы разбяромся, і гэта стане добрай падставай Ураду для прыняцця канкрэтных рашэнняў".

Таццяна КОМАНАВА