Кадравыя рашэнні Прэзідэнта

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г


Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назначыў Уладзіміра Матвейчука памочнікам Прэзідэнта Беларусі, вызваліўшы яго ад пасады міністра культуры. Аб гэтым БелТА паведамілі ў Прэс-службе беларускага Лідэра.

Міністрам культуры Беларусі назначаны Павел Латушка. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БелТА ў Прэс-службе беларускага Лідэра.

Да кастрычніка 2008 года Павел Латушка знаходзіўся на дыпламатычнай рабоце: займаў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.

Як адзначыў Павел Латушка ў размове з журналістамі, Прэзідэнт надае вельмі важнае значэнне развіццю культурнай сферы Беларусі, якая з'яўляецца часткай дзяржаўнасці. "Трэба стварыць новы імпульс і новыя магчымасці для развіцця культуры ў Беларусі, звярнуўшы ўвагу на моладзь, магчымасць знаходжання новых талентаў", - падкрэсліў Павел Латушка.

Кіраўнік дзяржавы, назначаючы яго на новую пасаду, звярнуў увагу таксама на неабходнасць наладжвання больш сістэмнай работы ў сферы культуры ў рэгіёнах, больш увагі надаваць сістэме адукацыі ў галіне культуры.

Латушка Павел Паўлавіч нарадзіўся ў 1973 годзе ў Мінску. У 1995 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1995 - 1996 гадах быў аташэ дагаворна-прававога ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Беларусі. У 1996- 2000 гадах займаў пасады віцэ-консула, консула генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку (Польшча). У 2000 - 2002 гадах - начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі. У 2002 - 2008 гадах - Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.

БелТА