Каб не знік унікальны фарфор

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

У дзень вёрсткі нумара ў рэдакцыю “К” звярнуліся ўсхваляваныя мастакі. Падставы для хваляванняў аказаліся больш чым сур’ёзнымі: спыняе існаванне музей Мінскага фарфоравага завода, пра слынную гісторыю і мастацкія здабыткі якога наша газета пісала неаднаразова. Які лёс чакае унікальныя экспанаты, што здавён паспелі стаць нацыянальным набыткам? Мы даведаліся, што адказ на гэтае пытанне непакоіць дырэктара Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі Сяргея Вечара. Натуральна, ён як кіраўнік аднаго з вядучых музеяў імкнецца якасна папоўніць калекцыю фарфору сваёй установы. Кіраўніцтва завода, як аказалася, ідзе насустрач.

Рэарганізуецца завод, ліквідуецца ягоны музей, распавядае "К" Сяргей Вечар, а гэта багацейшая калекцыя: велікодныя яйкі, вазы, сервізы, скульптуры... Работы з 1950-х гадоў і амаль да сённяшніх дзён. Прадстаўлена ўся палітра лепшых мастакоў-керамістаў Беларусі: гэта Аляксей Фядусь, Вікторыя Данчук, Валерый Леантовіч, Ганна Літвіненка і іншыя. Апрача аўтарскіх работ, ёсць і эталонныя ўзоры прамысловых фарфоравых вырабаў. Рарытэты!.. Мы накіравалі афіцыйны ліст на завод. Кіраўніцтва пайшло насустрач. На прадпрыемства выехала загадчык аддзела фондаў нашага музея Марына Казанцава. За месяц ёю быў складзены пералік твораў, якія ўяўляюць музейны інтарэс і вартыя таго, каб застацца ў Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь. У пераліку звыш 7 тысяч адзінак... Зараз пытанне аб перадачы іх у наш музей знаходзіцца ў стадыі вырашэння. Ніхто не адмаўляе, і я спадзяюся, што ўсё атрымаецца.

У гаворцы з Сяргеем Вечарам высветлілася тое, што апрача музея фарфоравы завод мае і дэманстрацыйную залу. Аўтарскія работы спачатку траплялі сюды, а праз пэўны час у музей. З прычыны пэўных абставін цягам апошніх гадоў гэты працэс быў спынены, і творы з залы ў заводскі музей не пераводзіліся. Таму асобныя рэчы музейнага значэння засталіся ў дэманстрацыйнай зале. "Ейны лёс, распавядае Сяргей Вечар, нас таксама вельмі хвалюе, бо гэта суцэльная калекцыя, якую не варта разбіваць. Тым больш, што нашы калегі з Нацыянальнага мастацкага музея ў свой час адабралі пэўную колькасць экспанатаў, перададзеных заводам ім без перашкод". Словам, засталася яшчэ не адна сотня "дэманстрацыйных" вырабаў з фарфору. Ім патрэбны адзіны і сталы гаспадар. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, што ажыццяўляе новую канцэпцыю музейнай дзейнасці, гатовы стаць такім гаспадаром. Унікальны фарфор будзе выкарыстаны ў выставачнай рабоце, прадставяць яго і ў будучай экспазіцыі, а таксама ў сістэме адкрытага захавання фондавых калекцый...

* * *

 Лакальная праблема, агучаная Сяргеем Вечарам, мае больш шырокі аспект. Паўсюль ствараюцца музеі, якія не ўваходзяць у сістэму Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Справа выдатная. Але пры закрыцці такіх устаноў ведамасных, дзяржаўных і прыватных далейшы лёс экспанатаў прасачыць вельмі цяжка. "Мы нядаўна хацелі наведаць музей пры Барысаўскім шклозаводзе, расказвае дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, а ён, аказваецца, не працуе ўжо! А дзе экспанаты, якія таксама з'яўляюцца нацыянальнай мастацкай спадчынай? Я асабіста не ведаю!"

Цалкам пагаджаемся з Сяргеем Уладзіміравічам: праблема ўзнята выключна важная. У бліжэйшых нумарах "Культура" вернецца да яе з больш дэталёвым і глыбокім разглядам.

Яўген РАГІН