...Мінск. Позняя восень 2001га. Народны артыст СССР Алег Янкоўскі прывозіць на кінафестываль "Лістапад" сваю першую і, як зразумела цяпер, апошнюю рэжысёрскую работу "Прыходзь на мяне паглядзець". Простае кіно, простая гісторыя... Але як жа адгукнуліся на яе беларускія гледачы, як закранула яна нашы сэрцы! Як сагрэла ўсіх нас! Можа, таму, што мінчане з асаблівым пачуццём глядзелі гэты фільм: Алег Янкоўскі ніколі не ўспрымаўся намі як проста любімы акцёр Мінск быў адным з галоўных гарадоў у ягоным жыцці і заўсёды сустракаў артыста як роднага чалавека. Гэта ўжо потым былі "Шчыт і меч", "Служылі два таварышы", рэпетыцыі і трыумфы легендарнага "Ленкома", Канны і Таркоўскі. Але спачатку была сцэна Драматычнага тэатра імя М.Горкага на вуліцы Валадарскага ў беларускай сталіцы і невялікая роля піянера ў спектаклі, дзе іграў старэйшы брат Расціслаў...
Сімвалічна, што менавіта на мінскім "Лістападзе" ў 2004м Алег Янкоўскі быў уганараваны спецпрызам Прэзідэнта Беларусі "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве"...
Быў у жыцці Алега Янкоўскага і "Беларусьфільм". Якраз у самыя першыя, самыя цяжкія для маладога акцёра гады станаўлення ў прафесіі "Чакай мяне, Ганна" Валянціна Вінагарадава,"Я, Францыск Скарына" Барыса Сцяпанава. Роля ў апошнім стала пакуль адзіным увасабленнем вобраза першадрукара славянскага свету на кінаэкране.
Былі і іншыя ролі, сыграныя ўжо на іншых студыях, у іншых тэатрах. Калі пачынаеш іх успамінаць, то становіцца зразумела: эпоха ў айчынным і сусветным мастацтве прайшла пад знакам Алега Янкоўскага. Як шмат ён сыграў! Як мала ён сыграў...
І яшчэ. У Мінску была яго першая сцэна, а, як кажуць у тэатры, першая сцэна назаўсёды застаецца галоўнай...
Рэдакцыя газеты "Культура" выказвае шчырыя спачуванні народнаму артысту СССР і Беларусі Расціславу Іванавічу Янкоўскаму ў сувязі са смерцю брата народнага артыста СССР Алега ЯНКОЎСКАГА.
Мінск. "Лістапад-2001". Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА