Эканоміка на Чытаннях

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

21 мая ў Інстытуце тэалогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта адкрыліся XV Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні. Арганізавана мерапрыемства БДУ сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў.

Як паведаміла прарэктар па навуковай рабоце БДУКіМ Марыя Мажэйка, Чытанні прысвечаны Міжнароднаму дню славянскага пісьменства і культуры. У праграме форуму, акрамя прадстаўнікоў з Беларусі, удзельнічаюць навукоўцы з блізкага і далёкага замежжа: Расіі, Украіны, Літвы, Кітая, Камеруна.

Тэма Чытанняў - "Духоўныя асновы сацыяльнай і эканамічнай устойлівасці сучаснага грамадства". Адно з галоўных пытанняў, якое закраналася на форуме, - абмеркаванне праблем, звязаных з сусветным фінансавым крызісам. Як зазначылі арганізатары мерапрыемства, мэта форуму - наладжванне камунікацыі паміж спецыялістамі ў сферы эканамічных навук, прадпрымальнікамі, тэолагамі і філосафамі з розных краін, і як вынік - згладжванне антаганізмаў і збліжэнне ва ўмовах эканамічнай дэстабілізацыі. Важнай рысай мерапрыемства з'яўляецца імкненне выкарыстаць вопыт каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў Еўропы і Германіі, у прыватнасці, у справе рэалізацыі сацыяльных дактрын.

У межах Чытанняў 22 і 23 мая запланавана праца дзвюх секцый: "Эканоміка і духоўнасць: гісторыя і сучаснасць" і "Рэлігійна-філасофскія, рэлігіязнаўчыя і культуралагічныя даследаванні". З навуковымі дакладамі на секцыях выступяць прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчыкі і студэнты БДУ, БДУКіМ, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта і іншых ВНУ краіны, Нацыянальнага інстытута адукацыі.

На базе БДУКіМ учора адбыўся Міжнародны сімпозіум "Духоўныя асновы сацыякультурнай устойлівасці сучаснага грамадства", а затым - Навуковы сімпозіум, дзе з прывітальнымі словамі выступілі Высокапраасвяшчэннейшы Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт, міністр культуры нашай рэспублікі Уладзімір Матвейчук, рэктар БДУКіМ Барыс Святлоў. А сёння, 23 мая, у 12.30 за "круглым сталом" удзельнікі Чытанняў абмяркуюць тэму "Духоўныя аспекты антыкрызіснай дзейнасці дзяржавы, бізнес-супольнасці і Царквы".

Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні завершацца 24 мая.

Ул. інф.