Ва ўсіх намінацыях “...Віцязя”

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

Народны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гасцюхін узначаліць самае ўплывовае на XVIII Міжнародным кінафестывалі “Залаты Віцязь” Журы мастацкіх фільмаў. Сёлета гэты кінематаграфічны форум пройдзе ў расійскім горадзе Ліпецку.

“Залаты Віцязь” знаходзіцца пад апекай Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы, старшыні Саюза кінематаграфістаў Расіі Мікіты Міхалкова. Нязменны старшыня кінафоруму — народны артыст Расіі, акцёр і рэжысёр Мікалай Бурляеў. Як і раней, фестываль пройдзе пад дэвізам “За ідэалы хрысціянскай маралі. За ўзвышэнне душы чалавека”.
З 22 па 31 мая ўдзельнікі і госці “Залатога Віцязя” паглядзяць больш за 200 стужак з 24 краін. Акрамя конкурснай праграмы, якая падзелена па сямі катэгорыях, гледача чакае некалькі рэтраспектыў. Лепшыя экранізацыі твораў Мікалая Гогаля будуць паказаны ў праграме, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння вялікага пісьменніка. Асобныя праграмы падрыхтаваны таксама да юбілеяў Васілія Шукшына і Кшыштафа Занусі.
Беларусь мае шанцы атрымаць узнагароды ва ўсіх частках конкурсу.
“Кадэт” Віталя Дудзіна будзе спрачацца за Гран-пры з сербскімі “Гастролямі” Горана Маркавіча, расійскай стужкай “Жыві і памятай” Аляксандра Прошкіна, “Кабеі” японца Ёдзі Ямады, “Фадо” іспанца Карласа Сауры і іншымі ігравымі карцінамі. Сярод тэлевізійных ігравых фільмаў будзе паказаны міні-серыял “У чэрвені 41-га” Аляксандра Франскевіча-Лайе.
Нядаўняя прэм’ера Алены Туравай і Івана Паўлава “Навагоднія прыгоды ў ліпені” выносіцца на абмеркаванне журы дзіцячых фільмаў. Як заўжды, вялікае прадстаўніцтва ў беларусаў у конкурсе дакументальнага і анімацыйнага кіно. Свае новыя стужкі прадставяць Галіна Адамовіч, Анатоль Алай, Міхаіл Жданоўскі, Мікалай Князеў і Сяргей Лук’янчыкаў. Аніматары Ігар Волчак, Ірына Кадзюкова, Аляксандр Ленкін і Міхаіл Тумеля маюць усе шанцы атрымаць статуэтку “Віцязя” — за адну са сваіх работ. Пабачаць у Ліпецку і стужкі “навабранцаў” студыі “Летапіс” — дакументалістаў-дэбютантаў Кацярыны Махавай і Юрыя Цімафеева.

Антон СІДАРЭНКА