Новы “стары” Купалаўскі тэатр

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

На навукова-метадычнай радзе Міністэрства культуры зацверджаны эскізны праект рэстаўрацыі будынка Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы. Пасля некалькіх месяцаў дыскусій вырашана, што за аснову будзе ўзяты самы першы варыянт знакамітага будынка ў цэнтры беларускай сталіцы. Такім чынам, радыкальных змен не прадбачыцца: неўзабаве мінчукі ўбачаць добра вядомыя па старых паштоўках абрысы.

 /i/content/pi/cult/208/2441/Kupalauski.jpg
Як расказала “К” навуковы кіраўнік і галоўны архітэктар праекта Людміла Іванова з ААТ “Праектрэстаўрацыя”, асноўнай гістарычнай частцы будынка будзе вернуты першапачатковае аблічча, а даданыя пазней памяшканні, дзе цяпер размешчана адміністрацыя, у значнай ступені рэканструяваны і прыстасаваны пад сучасныя патрэбы. Акрамя таго, пад самім тэатрам пабудуюць тры дадатковыя паверхі для захоўвання дэкарацый.
А пад славутай Купалаўскай сцэнай размесціцца яшчэ адна, для рэпетыцый. Пры сваёй працы рэстаўратары карыстаюцца архіўнымі дакументамі, з дапамогай якіх можна будзе амаль дакладна ўзнавіць фасад і інтэр’еры глядзельнай залы будынка. Фасадныя “напластаванні”, зробленыя за савецкім часам, плануецца акуратна прыбраць. Агульная ж плошча, што займае цяпер пабудова, пры гэтым не зменіцца.

С.А.