Гарманічна, ярка, спеўна

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

13 мая на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі адкрыліся Дні культуры Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь, якія сталі своеасаблівым творчым пралогам да Фестывалю культур народаў ЕўрАзЭС. Адкрылі ўрачыстасці віцэ-міністр культуры і інфармацыі Казахстана, кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі Аскар Бурыбаеў і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук.

 /i/content/pi/cult/208/2439/Garmanichna.jpg

Звяртаючыся да гасцей, Уладзімір Матвейчук, у кантэксце нядаўна адзначанага свята Перамогі, падкрэсліў, што Дзень Перамогі прыйшоў у выніку вялікіх гераічных намаганняў многіх народаў, у тым ліку — беларускага і казахскага. У.Матвейчук нагадаў, што на тэрыторыі Беларусі ваявалі дзесяткі тысяч ураджэнцаў нашай краіны і тысячы ўраджэнцаў гэтай усходняй краіны, многія з іх узнагароджваліся ордэнамі і медалямі. А летась адкрыўся помнік-стэла ў гонар казахаў, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Паміж міністэрствамі культуры абедзвюх краін, асобнымі калектывамі і выканаўцамі існуе трывалая і надзейная сувязь. Практычна ў кожным Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ўдзельнічаюць выканаўцы з Казахстана, як і ў тэатральнай “Панараме”, кінафэсце “Лістапад”. Міністр культуры нашай краіны адзначыў супрацоўніцтва і паміж калектывамі ды кіраўнікамі нацыянальных бібліятэк абедзвюх краін. Беларускія творцы, у сваю чаргу, прымаюць актыўны ўдзел у фестывалях, конкурсах, аглядах, наладжаных казахскімі сябрамі.
“Правядзенне Дзён культуры і творчая праграма выканаўцаў з Казахстана, — зазначыў У.Матвейчук, — прыкметная падзея ў культурным жыцці абедзвюх краін”.
Віцэ-міністр культуры і інфармацыі Казахстана Аскар Бурыбаеў у сваім уступным слове пацвердзіў словы У.Матвейчука, акрэсліваючы значнасць правядзення Дзён культуры: “Гэта вельмі важная падзея ў культурным жыцці нашых краін. Душа кожнага народа — у яго культуры, у яго музыцы, у яго песнях. І мы, дзеячы культуры Казахстана, хочам адкрыць нашу душу для вас, дарагія беларускія сябры. Імёны і творчасць вялікіх стваральнікаў Францыска Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых, якіх падарыла Беларусь усёй сусветнай культуры, любяць і шануюць у Казахстане. Развіццё казахстанска-беларускіх стасункаў адпавядае імкненню нашых народаў да сяброўства і ўзаемаразумення, пашыраючы культурную прастору нашых краін”.
Кіраўнік казахскай дэлегацыі азначыў: у яго краіне з нецярплівасцю чакаюць гасцей з Беларусі.
На гала-канцэрце майстроў мастацтваў Казахстана беларуская публіка мела магчымасць пазнаёміцца як з традыцыйным мастацтвам гасцей, так і з класічнымі сусветнымі творамі ў выкананні тамтэйшых артыстаў. На сцэне Белдзяржфілармоніі сваё майстэрства прадэманстравалі Дзяржаўны камерны аркестр “Камерата Казахстан”, фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Сазген Сазы”, ансамбль “Шат”, вакалісты і інструменталісты.
Вядома, канцэрт яшчэ больш набыў яркасці дзякуючы самабытным нацыянальным касцюмам і, поруч з імі, элегантным канцэртным строям. Фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Сазген Сазы”, акрамя нацыянальных мелодый, віртуозна сыграў польку ды і іншую беларускую музыку. Убачылі гледачы і казахскі нацыянальны танец у выкананні выпускніцы Цэнтральнага Пекінскага універсітэта Гульнары Нурсултан, пачулі сапрана салісткі оперы Розы Сагыныкавай, пазнаёміліся з майстэрствам салісткі Нацыянальнага тэатра оперы і балета імя Куляш Байсеітавай Гульфайруз Курмангажаевай, саліста балета Жандоса Аубакірава. У выкананні Дзяржаўнага ансамбля класічнай музыкі “Камерата Казахстан” і трох барытонаў Сундзета Байгожына, Талгата Мусабаева і Азамата Жалтыргузава прагучалі знакамітыя оперныя творы.
Майстэрства артыстаў з Казахстана адзначыў вядомы беларускі віяланчэліст Алег Алоўнікаў: “Вельмі яркія і цікавыя выканаўцы. Цудоўны канцэрт: арганічны, лаканічны, душэўны. Здорава! Малайцы! У казахаў багатае традыцыйнае мастацтва, артысты віртуозна граюць на сваіх народных інструментах. Уразіў інструмент, па гучанні падобны да нашай скрыпкі, але павернуты ў іншы бок. Прыемна пабачыць і пачуць артыстаў з Казахстана. Яны радуюць нас сваім мастацтвам і сваімі добрымі адносінамі да беларусаў і Беларусі. Цудоўна ўсё гучала. Мне спадабалася. Мае ўражанні — самыя добрыя!”
У гэты ж дзень у фае Белдзяржфілармоніі адкрылася фотавыстаўка, прысвечаная сучаснаму Казахстану. Казахскія артысты прымаюць таксама ўдзел і ў Фестывалі культур народаў ЕўрАзЭС, які, нагадаем, праходзіць у нашай краіне з 13 па 17 мая.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
На здымках: пад час урачыстага
адкрыцця Дзён культуры Рэспублікі
Казахстан у Рэспубліцы Беларусь.
Фота Юрыя ІВАНОВА