Гадавы адлік “Зваротнага адліку”

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г

Пазыўныя інфармацыйнай праграмы “Время” сёння ў беларускага гледача з сімвала настальгіі сталі знакам адкрыццяў: менавіта імі пачынаецца чарговы выпуск тэлевізійнага праекта “Зваротны адлік” на канале АНТ.

 /i/content/pi/cult/207/2432/Subsustrechy.jpg
24 красавіка споўніўся роўна год, як праект Уладзіміра Бокуна выйшаў у эфір. За гэты час гледачы ўбачылі 35 фільмаў, многія з якіх сталі дакументальнай сенсацыяй, адзначаліся на міжнародных фестывалях. Не дзіва, што і на сёлетнім Нацыянальным конкурсе “Телевяршыня” адзін з іх — “К-19. Час герояў” — перамог у намінацыі “Лепшы дакументальны фільм года”.
“Некаторыя аўтары нашых стужак маглі б абараніць дысертацыі па даследаваных імі тэмах”, — слушна заўважае аўтар і кіраўнік праекта, рэжысёр-дакументаліст Уладзімір БОКУН, якога карэспандэнт “К” распытаў аб будучых серыях цыкла, пошуках ідэальнага кінафармату і “дакументальным павароце” на тэлебачанні. 

Вузельчыкі
тэледраматургіі
Уладзімір Віктаравіч, для тэлевізійнага праекта годгэта, не раўнуючы, эпоха. “Зваротны адлікмае сёння і прызнанне кінакрытыкаў ды калегтэлевізійшчыкаў, і ўвагу тэлегледачоў. Як надалей мяркуецца развіваць знойдзены фармат? Ці не думалі ўнесці ў яго пэўныя змены?
— Магу вас запэўніць, што пакуль фармат нашага праекта не зменіцца. Мы яго доўга шукалі, працавалі над ім, удасканальвалі, і тое, што сёння ён так доўга вытрымлівае канкурэнцыю іншых годных праграм, сведчыць: форма знойдзена дакладна. Прызнацца, перш чым зрабілі пілотны выпуск, мы працавалі над яго канцэпцыяй паўгода. Пачалі пошукі ў верасні — кастрычніку 2007-га, і толькі ў лютым 2008-га ажыццявілі задуманае. А ў эфір першы фільм выйшаў, як вы ўжо ведаеце, у красавіку.
— Мусіць, ідэя “Зваротнага адліку” выспела на дабрадатнай глебе іншага праекта?
— Яшчэ пад час працы над цыклам “Лёс чалавека” ідэя доўгі час трансфармавалася і нарэшце вылілася ў цяперашнюю форму. Праз музыку інфармацыйнай праграмы “Время” мы нібыта вяртаем гледача назад, у мінулае, тут жа ўзнікае асоба дыктара, які спачатку робіць амаль афіцыйнае паведамленне, але потым ён паварочваецца і кажа: “Але мала хто ведае…” Вось у гэтую хвіліну нараджаецца момант даверу — як з боку вядучага, які вырашыў распавесці пра невядомыя факты гісторыі, так і з боку гледача, яму цікава, што ж засталося па-за “афіцыйным паведамленнем”. У названым спалучэнні кадраў — ключ да нашага расповеду.
Мы ствараем вобраз гістарычнай падзеі ці з’явы за кошт падачы шматлікіх пунктаў гледжання людзей, што мелі дачыненне да гэтых падзей, гісторыкаў, спецыялістаў у пэўнай тэме. Мы не даём сваіх каментарыяў — высновы мусіць рабіць сам глядач. Гэта стала галоўным прынцыпам “...Адліку”.
Тут вельмі важна было яшчэ і “сабраць” знойдзены матэрыял у драматургічны вузел. Інтрыга ў праекце трымаецца на класічных прынцыпах: завязка, кульмінацыя, развязка. Але гэта адбываецца, падкрэслю, з дакументальным матэрыялам.
Вось такімі былі нашы пошукі… Дарэчы, доўга шукалі асобу на ролю вядучага, кастынг быў значны, а ў выніку спынілі выбар на Аляксандры Суцкаверы — і не памыліліся. Ён стаў тварам праграмы, нібыта звяном паміж мінулым і сучаснасцю.
Што да вашага першага пытання — магу зазначыць: нягледзячы на тое, што фармат праекта пакуль не змяняецца, істотна ўзрос яго якасны ўзровень. Калі параўноўваць першыя нашы фільмы і апошнія, магу сказаць: стужкі сталі больш складанымі — і ў выкарыстанні выразных сродкаў, і ў наборы пастановачных элементаў, у выбары тэм.
Чаму прэм’ера — “у квадраце”?
— Калі выкарыстоўваць вашу “фірмовую фразу”: “Але мала хто ведае…”, — што ж застаецца зазвычай “за кадрам” праекта “Зваротны адлік”?
— “За кадрам” застаецца вялізная праца: глядач жа не бачыць, як доўга і карпатліва складаюцца сцэнарыі. Шмат хто лічыць, што сцэнарый у дакументальным кіно — гэта нонсенс, і яго не павінна быць, — трэба проста ісці за падзеямі. І такое сапраўды магчыма. Але ў нас гаворка ідзе аб малавядомых эпізодах нашай гісторыі, таму фільм робіцца якраз на ўзроўні напісання сцэнарыя. Звычайна тэрмін працы — ад месяца да трох. Але адна наша аўтарка зараз працуе над сцэнарыем ужо паўгода: яна ўзяла тэму “Мяжа Беларусі ў 1945 годзе” і заглыбілася ў яе з галавой. Паўтаруся: для некаторых нашых аўтараў гэтая праца — сапраўднае навуковае даследаванне.
— А што наконт неспадзяванак, адкрыццяў, цяжкасцей? Вядома, пад час працы іх адбываецца нямала...
— Памятаю першы выхад нашага праекта. Мы падрыхтавалі фільм, усё было зроблена загадзя, але дыск, дзе запісалі праграму, у адказны момант згарэў. Проста містыка якаясьці — іначай не скажаш! Стужка ж, дарэчы, была пра падводную лодку “К-19”, і, натуральна, мы правялі пэўныя трагічныя паралелі. У выніку вымушаны былі працаваць днямі і начамі дзеля таго, каб аднавіць матэрыял. І фільм выйшаў у эфір у належны час, мы нікога не падвялі.
Але тэлевізійную прэм’еру праекта запомнілі надоўга: атрымліваецца, што гэта была прэм’ера “ў квадраце”.Яшчэ пад час працы над стужкай “Монтэ-Касіна. Доўгі шлях дадому” мне прыйшла паштоўка з... Монтэ-Касіна. Я вяртаюся з працы, адкрываю паштовую скрыню — а там прывітанне з Італіі і выява манастыра. Ну, думаю: хтосьці жартуе! Але не: паштоўка была ад старой знаёмай, якая раптам вырашыла напісаць. Вось такое было цікавае супадзенне...
Што да цяжкасцей, тут я, хутчэй, магу прыгадаць такую асаблівасць працы журналіста, даследчыка, рэжысёра, як уменне разгаварыць субяседніка: часам удзельнікам гістарычных падзей цяжка згадваць пра тое, што яны ведаюць, бачылі. Некаторым гэта зрабіць псіхалагічна нялёгка, а некаторыя — проста не жадаюць адкрыцца. Тым не менш, сёння многія людзі, хто раней маўчаў, пачынаюць і расказваць пра тое, аб чым раней маўчалі.
Новы паварот. Дакументальны.
— Дарэчы, ці плануеце выпуск вашага цыкла на DVD-носьбітах?
— Так, але гэта ў “доўгатэрміновых” планах. Сапраўды, попыт на нашы дакументальныя фільмы ёсць, пэўныя карціны асабліва запатрабаваныя, і мы ўжо пачалі думаць пра тое, як нам аформіць стужкі ў асобную DVD-серыю.
Прызнацца, калі я працаваў на студыі “Тэлефільм”, кожны з сямі рэжысёраў-“тэлефільмаўцаў” здымаў на год дзве-тры стужкі. А тут за адзін год існавання “Зваротнага адліку” выйшла ўжо 35 фільмаў! Гэта цэлы дакументальны “шматтомнік” атрымліваецца!Галоўнае, гэты праект быў бы немагчымы без надзейнай прафесійнай каманды. Гэта — рэжысёры: Людміла Клінцова, Маргарыта Рэчкалава, Аляксей Раковіч, Андрэй Лескін і Уладзімір Арлоў, аўтары — Таццяна Сухоцкая, Барыс Герстан, Вікторыя Губанава, нашы аднадумцы — гісторыкі, кансультанты па самых розных тэмах, добраахвотныя памочнікі... Яны — сакрэт поспеху “Зваротнага адліку”.
— Як бачна па колькасці дакументальных стужак і на расійскіх каналах, і на беларускіх, — на тэлебачанні сёння адбываецца сапраўдны “дакументальны паварот”. На думку вопытнага рэжысёра-дакументаліста, з чым звязаны гэты феномен?
— Так, вы маеце рацыю: тэндэнцыя ёсць. Паварот да дакументалістыкі адбыўся, і тыя каналы, прадзюсеры, якія гэта адчулі, зараз, канешне ж, “на кані”. Магчыма, глядач стаміўся ад “мыльных опер”, забаўляльных праграм.
Зірніце, нават серыялы, якія сёння карыстаюцца попытам, — на сур’ёзныя тэмы: “Ліквідацыя”, “Апостал”… Адказаць, чаму так адбываецца, мне складана… Але што такое дакументальнае кіно? Гэта спроба разабрацца ў сваёй гісторыі, мінулым, у сучасным, усвядоміць сябе ў часе, нібы ўбачыць у люстэрку.
Дарэчы, шмат маіх знаёмых звярталіся да мяне з просьбай зрабіць аб гісторыі іх сям’і дакументальны фільм. Мне падаецца, што падобная карціна — пра ўласныя сям’ю, дом, радавод — мусіць быць у кожным доме. І важна, кааб родныя здымалі такое кіно самі, каб адчувалася іх энергетыка, іх эмоцыі ў карціне. Канешне, тут не абысціся без дапамогі прафесіянала, але галоўнае — каб людзі самі захацелі зняць стужку пра сваіх родных.
Чаму цікавімся дакументалістыкай? Справа — у змяненні чалавечай прыроды? Сумняваюся: яна да гэтай пары не змянілася, — таму і актуальныя дасюль тыя ж п’есы Шэкспіра. Шчыра кажу: не ведаю, чаму так адбываецца, але ў тым, што гэты “паварот” — не выпадковы, упэўнены.


Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА