Праект у гонар Перамогі

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г

Сёння, 9 мая, на Паклоннай гары ў Маскве выступіць Маладзёжны сімфанічны аркестр Беларусі і Расіі. Кіруе калектывам заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Аляксандр Якупаў. Гэты канцэрт станецца завяршэннем гастрольнага тура аркестра, які пачаўся ў Берліне, а прадоўжыўся ў Брэсце і Мінску. Арганізатарамі праекта выступілі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, міністэрствы культуры дзвюх краін.

 /i/content/pi/cult/207/2423/Prajekt2.jpg

У Белдзяржфілармоніі...

Напярэдадні мінскага канцэрта, што прайшоў 6 мая ў Вялікай зале сталічнай філармоніі, адбылася прэс-канферэнцыя. У ёй узялі ўдзел першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка, генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Гарбар, кіраўнік аркестра Аляксандр Якупаў, дырэктар Міжнароднага цэнтра фестываляў Уладзімір Лінчэўскі...
— Мы з вамі становімся сведкамі вялікай падзеі, — адзначыў У.Рылатка. — Упершыню ў Саюзнай дзяржаве з’явіўся не проста сумесны праект, а агульны калектыў, што з’яднаў адораных юнакоў і дзяўчат Беларусі і Расіі.
Фурор быў сапраўдным! Публіка пачынала стоячы апладзіраваць і крычаць “Брава!” ужо пасля першага нумара — уверцюры да оперы “Вяселле Фігара” Моцарта. 14 —18-гадовыя аркестранты пакінулі на рэштках Берлінскай сцяны, дзе праходзіў адзін з трох канцэртаў, свае аўтографы: паводле нямецкай традыцыі, удзельнікі тамтэйшых выступленняў размалёўваюць прапанаваны ім кавалак.
У Брэсце ж, акрамя канцэрта, юныя музыканты наведалі Брэсцкую крэпасць.
 /i/content/pi/cult/207/2423/Prajekt1.jpg
...і на Плошчы Перамогі.

Убачыўшы такі высокі выканальніцкі ўзровень навучэнцаў Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Цэнтральнай музычнай школы пры Маскоўскай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага (а ўсе аркестранты — спрэс пераможцы нацыянальных і міжнародных конкурсаў), нямецкі бок прапанаваў праз год зрабіць склад выступоўцаў яшчэ больш інтэрнацыянальным, далучыўшы музычных вундэркіндаў з Германіі.
Планаў у калектыву, створанага год таму, шмат. Ужо абмяркоўваецца гастрольны тур 2010 года па некалькіх сталіцах краін Еўропы. Прычым у кожным з гарадоў да нашых аркестрантаў маглі б далучацца мясцовыя юныя таленты. Мэтай такой буйной акцыі, дадаў А.Якупаў, стане яднанне Еўропы пад знакам 65-годдзя Перамогі над фашызмам. Падобныя акцыі служаць і папулярызацыі рускай і беларускай класікі. З нашых твораў летась калектыў граў Арыю для скрыпкі з аркестрам Льва Абеліёвіча, сёлета — харэаграфічныя мініяцюры Яўгена Глебава, адной з перлін якіх з’яўляюцца “Мушкецёры”. Паводле слоў А.Якупава, сучаснай музыкі магло б гучаць куды болей, калі б ноты твораў былі алічбаваныя і, такім чынам, больш даступныя для хуткага выкарыстання.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА