Беларусь святочная

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г


Брэстчына
Так пачыналася Перамога
У Дзень Перамогі ў абласным цэнтры пройдзе традыцыйнае шэсце па праспекце Машэрава да Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. Там адбудзецца сустрэча кіраўніцтва вобласці і горада з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, цырымонія ўскладання кветак, а таксама мітынг у рамках тэлемарафона “Брэсцкая крэпасць. Так пачыналася Перамога”. У Парку культуры і адпачынку запланаваны шэраг святочных мерапрыемстваў.
Гомельшчына
Парад і салют
У абласным цэнтры мужнасць воінаў-вызваліцеляў будзе ўслаўлена ў час ускладання кветак і мітынгу. Акрамя таго, адбудзецца парад вайсковых падраздзяленняў Гомельскага гарнізона, у якім прымуць удзел ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі маладзёжных арганізацый горада. Канцэртныя праграмы ў гэты дзень запланаваны на 14 адкрытых стацыянарных пляцоўках Гомеля, а вечарам гамяльчан чакае святочны салют у гонар Вялікай Перамогі.
Гродзеншчына
“На паўстанках...”
Урачыстасці ў Гродне распачаліся яшчэ 8-га і закончацца 10-га мая. 8 мая адбыўся ўрачысты канцэрт у Гродзенскай абласной філармоніі “На паўстанках Перамогі”, а 9 мая — вялікі гала-канцэрт з удзелам лепшых творчых калектываў горада і вобласці. Цікава, што канцэрт закончыцца ў 21.50, і на працягу наступных 5 хвілін ветэраны і ўсе ўдзельнікі мерапрыемства самі будуць спяваць вядомую песню “Дзень Перамогі”. А роўна а 22-й гадзіне гродзенцы пачуюць першыя залпы святочнага салюту.
Віцебшчына
Святочная вясёлка мая
У канцэртнай зале Віцебскага цэнтра культуры 9 мая плануецца ўрачысты вечар і святочны канцэрт “Майская вясёлка Перамогі”, а ў Цэнтры рамёстваў пройдзе кірмаш, дзе будуць прадстаўлены вырабы народных майстроў. У гарадскім пасёлку Руба пройдзе лёгкаатлетычная эстафета, прысвечаная ветэрану Вялікай Айчыннай вайны В.К. Красненку.
Магілёўшчына
“Песні юнацтва…”
8 мая ў Магілёве, а 9 мая на Мемарыяльным комплексе “Буйніцкае поле” —урачыстыя ўскладанні кветак. У абласным цэнтры 9мая запланаваны шэсцепарад ветэранаў вайны, кіраўніцтва вобласці і горада, воінскіх частак г. Магілёва, а таксама пройдзе тэатралізаваны мітынг “Перамогі радасны дзень!”. Святочныя канцэрты “Песні юнацтва нашых бацькоў” і “Салдатамі былі ўсе” адбудуцца ў Пячэрскім лесапарку.
Міншчына
Дзень, які злучае краіны
Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, распачаліся на Міншчыне яшчэ 7 мая, калі ў Мемарыяльны комплекс “Хатынь” на мітынг-рэквіем прыехалі прадстаўнікі Міжнароднага фонду “Абаронцы Неўскага плацдарма” і парламенцкага цэнтра “Комплексная бяспека Айчыны” Расійскай Федэрацыі.Акцыя памяці прайшла пры падтрымцы Лагойскага раённага выканаўчага камітэта сумесна з Мемарыяльным комплексам “Хатынь”. 9 мая каля Кургана Славы і ў Мемарыяльным комплексе “Хатынь” адбудуцца ўскладанні кветак ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ