НЕ ПАГАСНЕ ОРДЭНАЎ БЛЯСК...

№ 19 (887) 09.05.2009 - 15.05.2009 г


Паважаныя суайчыннікі!
Сардэчна віншую вас з Днём Перамогі.
Над гэтым вялікім святам час не мае ўлады. Яно ўвасобіла ў сабе бяспрыкладны подзвіг гераічных пакаленняў пераможцаў і лікуючую радасць народаў, выратаваных ад гібелі і фашысцкага прыгнёту.
Нізкі паклон адважным франтавікам, партызанам і падпольшчыкам, мужным працаўнікам тыла, вязням канцлагераў, несуцешным удовам і асірацелым дзецям. Няма такой меркі, якой можна было б ацаніць вашы мужнасць і самаахвярнасць.
Няхай заўжды вас акружаюць любоў і клопат родных, блізкіх вам людзей!
Беларуская зямля бязмерна паліта крывёй абаронцаў Айчыны. Не ўсе яны паспелі стварыць сем’і, многія не зведалі шчасця бацькоўства або мацярынства. За гады Другой сусветнай вайны наша краіна згубіла амаль трэць сваіх жыхароў. Гэта вечная незагойная рана.
У Дзень 9 мая няма месца бяспамяцтву і забыццю, святатацтву і рэвізіі гісторыі. Урокі Вялікай Перамогі вучаць нас згуртаванасці і яднанню. Толькі разам мы зможам эфектыўна супрацьстаяць тым, хто зноў спрабуе ажывіць ідэі нацызму, сее нацыянальную варожасць, распальвае рэлігійную нецярпімасць.
Ніколі не згасне агонь народнай памяці аб мужнасці, гуманізме і духоўнай велічы савецкага салдата. Не пагасне бляск ордэнаў і медалёў пераможцаў.
Шчыра жадаю ўсім вам, дарагія сябры, моцнага здароўя, бадзёрасці духу і дабрабыту.
Мірнага вам неба. Няхай у ім грымяць толькі святочныя салюты!

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА
9 мая 2009 года