Трохзубы відэлец шляхціча

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

У беларусаў ёсць прыказка: “Пакуль Бог даў відэлец, ён даў пальцы”... І сапраўды: відэлец чымсьці нагадвае пальцы далоні. Але адкуль і калі да нас прыйшло гэтае звыклае сёння вынаходніцтва?

 /i/content/pi/cult/206/2417/Videlec1.jpg

Магчыма, самы даўні “продак” сучаснага відэльца паходзіць з глыбокай старажытнасці, нават з каменнага веку. Ён уяўляў з сябе натуральнае разгалінаванне дрэўка ці косткі жывёлы, падпраўленае крамянёвым нажом, і ўжываўся, хутчэй за ўсё, для падсмажвання ежы на адкрытым вогнішчы. Падобныя прыстасаванні захаваліся дзе-нідзе ў культуры некаторых народаў Афрыкі і Акеаніі. Можна сустрэць іх і ў нас, на Беларусі. Прыгадваю сваё дзяцінства, калі налыгаўшы на такі двухрогі дубец лусту хлеба ці кіслы яблык, смажыў іх на вогнішчы…
Самыя старажытныя, вырабленыя з металу, відэльцы знойдзены на паселішчах дзяржавы Асірыі, якая размяшчалася абапал ракі Тыгр у VIIIVII стст. да н. э. Па сваім выглядзе гэтыя відэльцы нагадвалі іклы льва і, верагодней за ўсё, прызначаліся для нейкіх рытуальных дзеянняў, мелі сакральнае значэнне.
Відэльцы, дапоўненыя дэкаратыўнымі дэталямі, часта сустракаюцца ў пахавальных помніках Швецыі. У VII— Х стст. н. э. яны ўваходзілі ў склад банкетных набораў нарманаў. Адзін з такіх прыбораў знойдзены і на паселішчы Франапаль Брэсцкай вобласці археолагам Алегам Іовам.
Агульная даўжыня гэтага відэльца трохі большая за 9 см, а даўжыня яго зубцоў — 4,5 см. Датуецца ён ХІ стагоддзем. Гэта пакуль што самы ранні відэлец на Беларусі.
Непасрэдна як сталовы прыбор першы відэлец быў ужыты ў Канстанцінопалі. Ён быў выраблены са срэбра і золата. У XIV — XV стст. відэльцы былі яшчэ прадметам раскошы і сустракаліся толькі ў заможных сем’ях.
У XV — XVI стст., паводле гістарычных звестак, відэльцы з’явіліся ў Італіі. Там яны ўяўлялі з сябе стрыжань, адзін канец якога быў патоўшчаны — у выглядзе ручкі, а другі меў два доўгія зубцы. Дзякуючы такой форме, імі зручна трымаўся кавалак мяса на талерцы і разрэзваўся нажом. У XVI— XVIІ стст. відэльцы такога выгляду прыйшлі спачатку ў Францыю, а затым і ў Англію.
У XVI ст. гэтыя прыборы трапілі і на тэрыторыю Беларусі. Спрыяла гэтаму тая акалічнасць, што вялікай княгіняй літоўскай на той час была Бона Сфорца, італьянка па паходжанні. Пэўна, яна і прынесла з сабою моду на відэльцы, бо менавіта ў напластаваннях гэтага часу яны і фіксуюцца археолагамі на некаторых раскопках у Беларусі. Паводле выгляду прыборы ўяўлялі з сябе два зубцы, што пераходзілі ў плоскае трыманне, якое абкладвалася тронкамі з косці або высакаякаснага дрэва і мацаваліся да ручкі меднымі заклёпкамі ці штыфтамі. Відэльцы такога кшталту, мабыць, былі прывазныя, хутчэй за ўсё, з Германіі.Уладальнікам такой рэчы мог быць на той час даволі заможны чалавек. Нездарма хто-ніхто са шляхты, каб пусціць пыл у вочы адносна сваёй заможнасці, мусіў насіць відэлец за пасам і выкарыстоўваць яго ў гасцях як адзнаку шыку. Відэльцы такога ўзору знойдзены на Ніжнім замку Віцебска — з касцянымі тронкамі, і ў Лідскім замку — з драўлянымі тронкамі.
У XVIІ ст. відэльцы мелі дзяржальна ў выглядзе конусападобнага стрыжня, што ўстаўляўся (утыркаўся) у драўляную калодачку-ручку, таму сталовыя прыборы такога кшталту больш дэмакратычныя па тэхналогіі вырабу і маглі належаць больш шырокім колам насельніцтва. (Яны часцей сустракаюцца ў час раскопак у гарадах і замках Беларусі.) Знойдзены яны, напрыклад, у напластаваннях XVIІ ст. на Верхнім замку Віцебска, замках Міра і Дуброўна, у Мсціслаўлі і Крычаве. Менавіта ў гэты перыяд часу слова “виделецъ” упершыню фіксуецца ў пісьмовых крыніцах на Беларусі, напрыклад, у Актах Віленскай камісіі. Адзначым, што для Расіі гэты ўзор побытавай культуры быў на той час невядомы. А яго з’яўленне ў Маскве, мякка кажучы, магло выклікаць нядобразычлівае стаўленне да ўладальніка такой рэчы. Так, калі на вяселлі Ілжэдзмітрыя з Марыяй Мнішак літоўска-польская шляхта пачала браць страву з талерак не рукамі, а відэльцамі, дык гэта выклікала гнеў з боку маскоўскіх баяр: паводле іх уяўленняў, гэта былі пальцы нячыстай сілы. З прысутнасцю гэтага сталовага прыбора маскоўскім баярам прыйшлося змірыцца толькі ў часы Пятра І, выхаваннем якога займаўся Сімяон Полацкі.
У XVIІІ ст. відэльцы пачалі вырабляць ужо трохзубыя. Яны сустракаюцца пад час раскопак у Віцебску, Оршы, Мінску. А ў ХІХ ст. відэлец набывае сваё сучаснае аблічча: ён становіцца чатырохзубым. Ранні ўзор такога відэльца выяўлены, зноў жа, у Віцебску. У гэты час відэльцы вырабляліся не толькі з жалеза, але з латуні, мельхіёра і нават срэбра.
Мяркуючы па археалагічных даных і сведчаннях людзей, відэльцы доўгі час заставаліся выключна гарадскім атрыбутам застолля. На вёску яны прыйшлі толькі ў пасляваенны час. Калі сялянскую хату наведваў шаноўны госць, гаспадыня даставала відэлец, працірала яго ручніком і падавала госцю, выказваючы гэтым пашану.

Леанід КАЛЯДЗІНСКІ,
археолаг