За дзвярыма “Стальнога пакоя”: беларуская Талставіяна

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

Як “К” паведамляла ўжо, у межах Года культуры Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь пачалася рэалізацыя сумеснага выставачнага і культурна-адукацыйнага праекта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры з Дзяржаўным музеем Л.М. Талстога, які ўваходзіць у “Спіс асабліва каштоўных аб’ектаў культурнай спадчыны народаў Расійскай Федэрацыі”. У маскоўскім музеі захоўваецца унікальны архіў класіка рускай літаратуры, графа Льва Талстога. А самае каштоўнае з гэтага архіва знаходзіцца ў незвычайным сховішчы — у спецыяльна абсталяваным “Стальным пакоі”.

 /i/content/pi/cult/206/2416/Tolstoj1.jpg
 Леў Талстой пад час прагулкі каля сядзібы
ў Яснай Паляне.
Ні ў адным музеі ці бібліятэцы Расіі і за яе межамі няма арыгінальных аўтографаў Льва Талстога і адрасаваных яму рукапісаў, акрамя як у “Стальным пакоі” ў Маскве. Гэтым тлумачацца адмоўныя адказы, атрыманыя беларускімі даследчыкамі на іх запыты ў Ясную Паляну, дзе жыў пісьменнік і куды прыходзілі да яго лісты з Беларусі. Менавіта ў названым сховішчы ёсць матэрыялы з Беларусі. Сярод іх — больш за 100 аўтографаў, што ў асноўным датуюцца другой паловай 1880-х — 1910 гадамі.
Папулярнасць Льва Талстога яшчэ пры яго жыцці на Беларусі была вялікай: неаднаразова праходзілі чытанні твораў, лекцыі пра пісьменніка, ставіліся п’есы. На пачатку ХХ стагоддзя ў Бабруйску, Віцебску, Гомелі і Мінску адбыліся інсцэніроўкі твораў “Власть тьмы”, “Живой труп”, “Воскресенье”, “Анна Каренина”, “Крейцерова соната”.
Нават людзі непісьменныя, як казаў Цішка Гартны, ведалі імя Льва Талстога. Сяляне, настаўнікі, гімназісты звярталіся з лістамі да расійскага пісьменніка з самымі рознымі мэтамі: знайсці адказ на пытанні па грамадскіх, жыццёвых, духоўных праблемах, набыць кнігі, папрасіць матэрыяльную дапамогу на вучобу ці іншую патрэбу, атрымаць параду аб тым, як жыць.
Льва Талстога прыцягвалі шчырыя лісты-споведзі простых людзей. Да іх адносіцца і ліст на 42 старонках вучнёўскага сшытка маладой дзяўчыны Агаф’і Цішковай з Магілёўскай губерні, дасланы пісьменніку ў 1910 годзе. Класік слова быў настолькі ўражаны жыццяпісам беларускі, яе адкрытасцю і шчырасцю, што вырашыў даслаць рукапіс ліста для апублікавання разам са сваёй “Прадмовай” у адну з найбольш распаўсюджаных на той час у Расіі газету “Русское слово”.
Былі ў Льва Талстога кантакты і з прадстаўнікамі беларускай культуры ды навукі. Больш за 10 гадоў доўжылася перапіска з Мар’янам Здзяхоўскім — ураджэнцам Ракава, вядомым літаратурным дзеячам, прафесарам Кракаўскага і Віленскага універсітэтаў. Быў знаёмы з расійскім пісьменнікам і вядомы беларускі этнограф ды гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі: іх звязвалі агульныя літаратурна-выдавецкія справы.
 /i/content/pi/cult/206/2416/Tolstoj2.jpg
Фрагмент экспазіцыі выстаўкі.

Пэўны час жыў у Яснай Паляне і выконваў сакратарскія даручэнні С.Беленькі, колішні жыхар Віцебска. Ён займаўся перапісваннем старых і новых твораў Льва Талстога, штодзённа сустракаўся і гутарыў з ім. Вядома, што пісьменнік неаднаразова распытваў яго пра Беларусь, яе гісторыю, культуру і прамысловасць. Ён задаваў пытанні асобна і пра Магілёў, дзе ў свой час спыняўся Аляксандр Пушкін праездам на Каўказ і дзе хацеў пабываць сам у сувязі з працай над раманам “Вайна і мір”.
У гэтым творы адлюстраваны падзеі, што адбываліся і на беларускай зямлі: трэці том эпапеі пачынаецца з апавядання пра Дрыскі лагер рускай арміі, пра генерала Раеўскага і Магілёўскую зямлю; на Віцебшчыне ж змагаўся Паўлаградскі гусарскі полк, у якім служыў Мікалай Растоў.
Акрамя лістоў, у “Стальным пакоі” захоўваюцца шматлікія тэлеграмы з Беларусі: з Мінскага літаратурна-артыстычнага таварыства, Мінскай гарадской публічнай бібліятэкі імя А.Пушкіна, Бабруйскай публічнай бібліятэкі і інш. У зваротах беларускай грамадскасці з хваляваннем гучалі словы прызнання і падтрымкі: “Вам выпал исключительный удел: подняться на высочайшие вершины сомнений и веры и проникать в глубочайшие бездны человеческого падения в поисках истины…”, выказвалася пажаданне, каб пісьменнік і надалей вучыў людзей “тому, как должно и можно жить”.
 /i/content/pi/cult/206/2416/Tolstoj3.jpg
 Так сёння выглядае дом у Яснай Паляне, дзе жыў Леў Талстой.

Асобныя беларускія матэрыялы “Стальнога пакоя” экспануюцца сёння ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры на выстаўцы “Жыццё Л.М. Талстога ў фотаздымках сучаснікаў”. Акрамя рэдкіх фатаграфій Льва Талстога, яго сям’і, акружэння, у экспазіцыі прадстаўлены прыжыццёвыя выданні, беларускія пераклады і аўтографы.
У рамках культурна-адукацыйнага праекта адбылася творчая сустрэча прадстаўнікоў літаратурнага музея, бібліятэк і дырэктараў рэспубліканскіх музеяў Мінска з загадчыкам навукова-даследчай лабараторыі “Школа Талстога”, дырэктарам музея Л.М. Талстога В.Рэмізавым. Узнімаліся пытанні, звязаныя з выяўленнем і перасылкай з Масквы асобных копій дакументаў беларускага паходжання, якія захоўваюцца ў “Стальным пакоі”. У сваю чаргу, прадстаўнікі расійскага музея праявілі цікавасць да матэрыялаў нашых архіваў, што звязаны з асобай Льва Талстога. Беларуска-расійскі праект будзе доўжыцца да канца мая. На выстаўцы таксама плануецца дэманстрацыя эксперыментальнага фільма “Таямніцы “Стальнога пакоя”, які дазволіць раскрыць загадкі Талставіяны, а таксама атрымаць уяўленне пра незвычайнае фондасховішча, дзе змешчана і частка беларускай спадчыны. Даследаванне яе, магчыма, запатрабуе яшчэ не аднаго дзесяцігоддзя.

Ірына ЛАПЦЁНАК,
кандыдат філалагічных навук, намеснік дырэктара
Дзяржаўнага музея
гісторыі беларускай літаратуры