Амаль як у жыцці. Толькі ў казцы

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

Дзякуючы яму “Беларусьфільм” стаў “радзімай” Бураціна, Зорнага хлопчыка, Пітэра Пэна, які вучыў: “А ты падумай пра што-небудзь вельмі прыемнае — і ўзлятай!”, гарэзлівай дзяўчынкі па імені Чырвоны Каптурык, што, бегучы па лесе, прасякнутым яркім ранішнім сонцам, спявала: “А-а, у Афрыцы рэкі — вось такой шырыні!”, і многіх іншых кіналюбімцаў дзятвы. У яго стужках здымаліся Ралан Быкаў, Уладзімір Этуш, Рына Зялёная, Уладзімір Басаў, Яўген Еўсцігнееў, Альберт Філозаў, Таццяна Пельтцэр, Павел Кадачнікаў, а песні да іх пісалі Булат Акуджава, Юлій Кім, Юрый Энцін, Аляксей Рыбнікаў, Яўген Крылатаў... І ўсе яны не баяліся ў “дзіцячых” фільмах размаўляць пра вечныя тэмы — любові і смерці, дабра і зла. Леанід НЯЧАЕЎ ніколі не прызнаваў стэрэатыпаў — як у дзіцячым кіно, так і ў жыцці ўвогуле. Чалавек, на фільмах якога вырасла і вырасце яшчэ не адно пакаленне дзяцей, 3-га мая адзначае сваё 70-годдзе. А яшчэ 20 гадоў таму выйшаў у свет фільм “Не пакідай” — апошняя работа рэжысёра на “Беларусьфільме”. Днямі па запрашэнні Музея гісторыі беларускага кіно знаны рэжысёр наведаў Мінск.

 /i/content/pi/cult/206/2408/Nyachaeu1.jpg
Усе мае казкісурёзныя!”
Леанід Аляксеевіч, вы ўсё жыццё здымаеце длямалодшага школьнага ўзросту”. А ў вас самога колькі дзяцей?
— Пяцёра: дочкі Насця, Улляна і Варвара, ад першага шлюбу,— яны ўжо дарослыя, сын Аляксей і дачка Лізавета — ад другога. А нядаўна ў мяне нарадзіўся ўнук — назвалі Савеліем.
— Яны глядзяць вашы фільмы?
— Больш за тое: літаральна ведаюць іх на памяць!
— У дзяцінстве, згадваецца, кожны ваш фільм прымушаў мяне задумацца пра штосьці важнае. “Пітэр Пэн” — пра каханне і смерць, пра сталенне. “Рыжы, шчыры, закаханы” — пра праўду і хлусню. “Чырвоны Каптурык” — пра здрадніцтва. Усе гэтыя фільмы — дзіцячыя, але ж вы размаўляеце з дзецьмі пра вельмі сур’ёзныя рэчы: не баіцеся “грузіць” іх такімі “дарослымі” тэмамі?
— А з дзецьмі АБАВЯЗКОВА трэба гаварыць пра сур’ёзныя рэчы! Я бачу свае фільмы як сямейныя, якія глядзяць і абмяркоўваюць дзеці разам з дарослымі. У кожнага майго героя — свая філасофія. Той жа “Чырвоны Каптурык”— сур’ёзная гісторыя, у тым ліку і пра здрадніцтва. Паляўнічы — самы сапраўдны баязлівец: ён жа здрадзіў усім, нават уласнаму сабаку!
— Як вы, масквіч, трапілі на “Беларусьфільм”?
— Я толькі скончыў ГИТИС, “сур’ёзных” работ у мастацкім кіно мне не давалі, толькі дакументальныя. І я вырашыў арганізаваць скандал: прыходжу да Стэлы Жданавай — кіраўніка студыі “Экран” — і кажу: “Я дыплом абараніў на “выдатна”, рэжысёр мастацкіх фільмаў,— а вы мне што даяце здымаць?!” Яна, відаць, вырашыла “правучыць” хулігана, кажа: паедзеш у Мінск даздымаць “Прыгоды ў горадзе, якога няма” — стужку пра тое, як хлопчык трапляе ў свет казачных персанажаў. Я потым чуў, як ёй па тэлефоне нехта пра мяне казаў: за што ты так Нячаева, ён жа добры хлопец. Карціна лічылася правальнай: яе здымкі перад гэтым “заглухлі” ў Адэсе, грошай на працяг не было, і ўсе глядзелі на мяне як на камікадзэ. А я паехаў — і дазняў фільм. І персанажы ў мяне “ажылі”: запелі, затанчылі. Пасля гэтага мне прапанавалі здымаць “Прыгоды Бураціна”. Праўда, спачатку гэта павінен быў быць мультфільм. Але ў мяне сама сабой рука “паднялася” — вырваў першую старонку і на чыстым аркушы паперы напісаў: “Мастацкі фільм”.
Адно з першых уражанняў ад “Беларусьфільма”: прыйшоў раніцай на студыю і бачу — па калідоры ідзе мастак-дэкаратар і грае на гармоніку! Я аказаўся ўніклівым — усё і паўсюль правяраў і кантраляваў сам: і ў касцюмерны цэх зайду, і да дэкаратараў… На “Беларусьфільме” мяне тады празвалі Кашчэем Бессмяротным: я быў худы, з вялікімі вачыма і, да таго ж, пастрыгся “пад нуль”.
У Мінску я пражыў 18 гадоў і зняў 13 фільмаў. Гэта быў самы лепшы, самы добры час у маім жыцці. Потым вярнуўся ў Маскву і... — адчуў сябе абсалютна чужым: сябры пастарэлі, былыя сувязі страціліся…
Ліса ў сукенцы і казачны рэалізм
— Калі вы былі такім “парушальнікам спакою”, відаць, не магло не абысціся без пэўных праблем на гэты конт?
— Не без таго. На мяне сыпаліся бясконцыя скаргі і ананімкі, і нярэдка я сам быў вінаваты ў гэтым: проста ў твар казаў людзям тое, што пра іх думаў. Я ўжо не кажу пра экспертныя заключэнні да фільмаў. Пра “Чырвоны Каптурык” пісалі: “Рэкамендуем наблізіць вобраз Чырвонага Каптурыка да арыгінала…” Я доўга спрабаваў зразумець: што ж мелася на ўвазе пад “арыгіналам” — казка Шарля Перо? “Прыгоды Бураціна” давялося везці на прагляд у Маскву. І, нягледзячы на тое, што прагляд скончыўся авацыяй, крытыкі пісалі: “Што гэта за ліса такая — у сукенцы, а кот — у акулярах і без хваста?”, а ў сцэне, дзе Бураціна прымотвае Карабаса-Барабаса барадой да сасны, абвінавацілі яго ў здзеках над дарослым чалавекам. Прыдраліся нават да бяскрыўднай сцэны з шапялявым Кажаном, калі ён з крыкамі “Швабода! Швабода!” вылятаў з акна: маўляў, нельга над словам “свабода” здзекавацца.
 /i/content/pi/cult/206/2408/Nyachaeu2.jpg
У “Не пакідай”, хаця і здымалі яго ўжо ў 1989 годзе, літаральна “з боем” праходзіла кожная песня, за якую ні вазьміся: “Песенька студэнтаў”, “Калі кароль абедае…”, “Песенька вандроўных артыстаў” — ва ўсім бачылі крамолу! Нават у словах “прытупілася адчувальнасць гледачоў” знаходзілі нешта “няправільнае”. Але ж у маіх карцінах песні патрэбны, як паветра: не будзе іх — і фільм “здзімецца”, як паветраны шарык…
— Мастацтва патрабуе ахвяр?
— Усе мае дзеці-акцёры працавалі на здымачнай пляцоўцы, як дарослыя, і нават лепей. Яны звалі мяне “тата Лёня”, мы паўсюды ездзілі з імі разам, на адной машыне, былі як вялікая дружная сям’я.Дзіма Іосіфаў, які іграў Бураціна,— увогуле гераічная асоба. Памятаеце сцэну, дзе Карабас-Барабас яго падвешвае на сасну ўніз галавой? Мы яе здымалі ў Крыме, ля Масандры, — паставілі камеры, “злавілі” сонца ў патрэбнай кропцы, але ў апошнюю хвіліну Дзіміна мама спалохалася: “Як, майго сына на самой справе падвесяць уніз галавой?! Ні за што!” Спрабуем яе пераканаць, але гэта мала дапамагае. Тады я шэптам кажу Дзіму: “Прыдумай што-небудзь”, і ён гэтак натуральна хапаецца за жывот і пачынае ныць: “Мама, есці хачу, ажно не магу,— жывот баліць!” Я кажу: бярыце маю машыну і едзьце хутчэй у горад — купіце якой-небудзь каўбасы хлопцу. Толькі яна паехала — мы адразу ж здымаць!.. Дзіма доўга і цярпліва там вісеў, мы закончылі сцэну, згортваем апаратуру, і раптам ён ціхенька так кажа: “А мяне калі адвяжаце?..”
 /i/content/pi/cult/206/2408/Nyachaeu3.jpg

“Пітэра Пэна” здымалі ў Нікіцкім батанічным садзе, у гарах пад Ялтай. А там жа плойма хлапчукоў-акцёраў занята! Яны, шчыра кажучы, разнеслі ўшчэнт усё навокал, бамбук таўшчынёй у руку павыкарчоўвалі! Памятаю, як дырэктар Батанічнага сада гнеўна, са слязамі на вачах, пакляўся: “Ніколі ў жыцці сюды больш не ступіць нага кіношніка!”
А на “Беларусьфільме” для гэтай стужкі пабудавалі сапраўдны пірацкі карабель. Я прыехаў, узняўся на “палубу” — і стала млосна: дошкі ляжаць не ўздоўж бартоў, як у сапраўдным караблі, а ўпоперак! Пытаюся, чаму так, а мне кажуць: караткаватыя дошкі, не хапае даўжыні. Але я ўсё роўна прымусіў перарабіць, бо для мяне ў фільмах вельмі важны гэты самы “казачны рэалізм”: усё павінна быць “амаль як у жыцці”, толькі ў казцы.
Родная маці не пазнала
— Некаторыя рэжысёры любяць здымацца ва ўласных фільмах у якіх-небудзь эпізадычных ролях. У вас такое здаралася?
— У “Не пакідай” сыграў старога тачыльшчыка: галоўныя героі запытваюць у яго дарогу да палаца, а ён намагаецца папярэдзіць іх пра небяспеку. Я папрасіў грымёраў: зрабіце з мяне такую пачвару, каб родная маці не пазнала. Так і атрымалася — не пазнала: грым, парык, твар у шрамах. Толькі ў канцы сцэны, калі я доўга гляджу ўслед героям, здагадалася: “Ды гэта ж ты, Лёня!” Па вачах здагадалася…А ў “Прададзеным смеху” паняволі давялося стаць капітанам.
— Як гэта?
— Для здымак мы арандавалі ў Адэсе сапраўдны карабель. Грошай хапіла толькі на адзін дзень, і раптам захварэў хлопец, які павінен быў іграць капітана! Давялося мне апрануць капітанскую форму. А хлопец той быў худзенькі, так што я форму гэтую ледзьве на сябе ўсцягнуў. Так і здымалі— баяўся плячыма паварушыць.
Залаты ключык за 30 рублёў
— Кажуць, у вас — цэлая калекцыя рэквізіту з вашых кінафільмаў?
— Так, у мяне дома захоўваецца шпага Зорнага хлопчыка — мы зрабілі яе самі, плётка-сяміхвостка Карабаса, каралеўскі бакал з “Не пакідай”, які ржэ, калі на ім адкрываюць крышку…
— І, канешне, Залаты ключык Бураціна?
— Так. Напрыканцы здымак на яго ішло сапраўднае паляванне — усе хацелі скрасці (пасміхаецца). Ключ быў шыкоўны: сапраўдны, бронзавы. Мне прапаноўвалі проста выразаць яго з фанеры і пакрыць залатой фарбай, але я заўпарціўся, — і майстар выпіліў лобзікам з бронзы сапраўдны твор мастацтва! Кінастудыя заплаціла яму 30 рублёў. Толькі адзнялі апошнія кадры — я тут жа схаваў ключ пад світэр. Мастак па рэквізіце падыходзіць да мяне: “Леанід Аляксеевіч, не бачылі, куды ключык падзеўся?” Не, кажу, не бачыў. Потым, канешне, прызнаўся і па справядлівасці заплаціў “Беларусьфільму” 30 рублёў — у мяне нават распіска ёсць, вісіць дома на цвічку побач з ключыкам: “Прынята ад Леаніда Нячаева за рэквізіт: ключ — 30 рублёў”.
— Кажуць, калі дакрануцца да Залатога ключыка, збываюцца ўсе жаданні?
(Смяецца.) Калі шчыра, гэтую прыкмету прыдумала... мая жонка Надзя. Неяк прыходзілі да нас двое рабочых — штосьці рабілі ў кватэры. І вось ужо перад дзвярыма адзін другому кажа: “Не памятаю дакладна, але гэты ключ я недзе бачыў”. Другі яму: “Гэта ж Залаты ключык Бураціна”. І тут мая жонка кажа: “А вы ведаеце: хто да яго дакранецца — у таго збудзецца яго жаданне”. Адзін хлопец паспяшаўся пайсці заводзіць машыну, а другі перад тым, як пайсці, дакрануўся і вельмі сур’ёзна нешта прашаптаў. Прайшло некалькі хвілін, і раптам — званок у дзверы. На парозе — ягоны напарнік: “А можна, і я дакрануся?”
— Што б вы яшчэ хацелі зняць? Пра што марыце, дакранаючыся да Залатога ключыка?
— У дзяцінстве я іграў Ямелю ў спектаклі “Па шчупаковым загадзе”. А зараз хачу зняць фільм паматывах гэтай казкі. Мы неяк селі разам з драматургам, пачалі фантазіраваць на гэтую тэму, і такога панавыдумлялі — мог бы блокбастэр атрымацца! Справа за малым: трэба недзе знайсці 5 мільёнаў долараў… (Пасміхаецца.)
 /i/content/pi/cult/206/2408/Nyachaeu4.jpg


— А калі б вас зараз запрасілі здымаць на “Беларусьфільм” — вы б згадзіліся?
— Канешне! Кіно — такая “хвароба”: да яго прывыкаеш, і потым ужо жыць без яго немагчыма.
— Леанід Аляксеевіч, вы ў сваім жыцці атрымалі нямала ўзнагарод (чаго вартыя хаця б пяць Дзяржпрэмій Расіі!). А якая з іх была самай нечаканай?
— Ордэн Бураціна.
— Ёсць і такі?
— Так, у Зеленадольску Калінінградскай вобласці жыве дзівак, які вырашыў зрабіць свой горад “радзімай Бураціна”. Пры гарадской бібліятэцы ён стварыў маленькі музейчык — “Каморку таты Карла”, ён жа і заснаваў Ордэн Бураціна. Я быў адным з першых лаўрэатаў гэтага ордэна, разам са мной яго атрымліваў і вядомы грузінскі педагог Шалва Амонашвілі.Дарэчы, Амонашвілі ж уручаў мне другую незвычайную ўзнагароду: яшчэ за савецкім часам на кінафестывалі ў Кіеве мой фільм “Рыжы, шчыры, закаханы” атрымаў дыплом “За лепшую выхаваўчую казку”.
—  Дарэчы, пра “выхаваўчыя казкі”: любімы многімі фільм “Не пакідай” — гэта казка, у першую чаргу, пра тое, што неабходна жыць “па праўдзе”?
— Так. Зрэшты, усе мае фільмы — пра тое, што неабходна жыць “па праўдзе”…

Дар’я КАСТЭНКА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ