Беларусь — Ватыкан: рэчышча развіцця супрацоўніцтва

№ 18 (886) 02.05.2009 - 08.05.2009 г

У Папскай бібліятэцы ў Апостальскім палацы Ватыкана адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Папы Рымскага. Пра гэта паведамляе Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 /i/content/pi/cult/206/2401/Vatykan.jpg

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Папа Рымскі Бенедыкт XVI.

Прэзідэнт
Беларусі Аляксандр Лукашэнка спадзяецца на сустрэчу з Папам Рымскім Бенедыктам XVI у Беларусі, што і перадаў Пантыфіку пад час сустрэчы ў Ватыкане 27 красавіка.
“Калі вы знойдзеце час, мы сустрэнемся на беларускай зямлі, калі на тое будзе воля Божая“, — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Па заканчэнні сустрэчы Прэзідэнт і Пантыфік абмяняліся падарункамі: Папа ўручыў сувенірную манету, у сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка паднёс у якасці падарунка ікону работы беларускага майстра.Беларусь і Ватыкан плануюць заключыць пагадненне аб супрацоўніцтве. Падрабязнасці падпісання дакумента абмяркоўваліся на сустрэчы Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі з Дзяржсакратаром Яго Святасці Папы Бенедыкта XVI Кардыналам Тарчызіа Бертоне.
Тарчызіа Бертоне выказаў задавальненне развіццём двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам і падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за садзейнічанне ў дзейнасці Рымска-каталіцкай Царквы ў Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка пад час гутарак з Папам Рымскім Бенедыктам XVI, Дзяржсакратаром Яго Святасці Папы Кардыналам Тарчызіа Бертоне абмеркаваў пытанні, што датычацца міжканфесійнага і міжкультурнага дыялога, тэмы міжнароднага характару, звязаныя з рухам свету і прагрэсу чалавецтва, некаторыя ўнутраныя пытанні краіны, тэмы, датычныя каталіцкай царквы ў Беларусі.
***
Падводзячы вынікі свайго візіту ў Італію, Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што прапанаваў правесці ў Беларусі сустрэчу Папы Рымскага Бенедыкта XVI і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы. “Я сказаў на сустрэчы, што сёння ёсць унікальны шанц зблізіць пазіцыі, каб на самым версе Папа Рымскі і Патрыярх маглі сустрэцца і абмеркаваць агульныя праблемы. Калі такая сустрэча адбудзецца, то няхай яна пройдзе ў Беларусі, таму што яна — не толькі цэнтр Еўропы, але і краіна, дзе судакранаюцца дзве канфесіі — праваслаўе і каталіцызм”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Кіраўніка дзяржавы, Папа Рымскі ведае аб гэтай ідэі. “Я бачыў яго зацікаўленасць, — адзначыў Прэзідэнт,— і ён мне сказаў: Гасподзь, магчыма, адкрые гэтыя дзверы, і мы ў хуткім часе сустрэнемся”.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА