Абавязкова згадваецца тое месца, адкуль прыехалі дзеці. Гучыць старадаўняя назва паселішча, а экскурсантам прапануецца ўявіць, што яны ў лапцях пешшу крочаць у Бярозу на кірмаш, потым просяцца ў крайнюю хату на начлег. Тут вандроўнікаў чакае гаспадыня ў беларускім строі. Дарма часу не губляе — кудзелю прадзе.
А ў хаце — прадметы побыту і ўбранства, старадаўнія вопратка і абутак. З выкарыстаннем народных прыказак і прымавак ідзе займальная размова аб тагачасным жыцці, у якой дзеці прымаюць непасрэдны удзел.
А калі трапляюць на “кірмаш”, знаёмяцца са старадаўнімі рамёствамі: бондарствам, ганчарствам, саломкапляценнем, ткацтвам і вышыўкай, кавальскай справай, вырабам музычных інструментаў... Яшчэ могуць стаць “гандлярамі” і “замежнымі купцамі”, што прывезлі ў Бярозу тавары. Вучні запамінаюць словы і паняцці, што ўжо выйшлі з ужытку, знаёмяцца з метадамі выкарыстання самага рознага рыштунку: сявенькі, маслабойкі... А ў “карчме” можна паслухаць патэфон і паласавацца цукеркамі ды абаранкамі. Самым кемлівым і актыўным вучням уручаюцца буклеты музея і кнігі “Бярозаўшчына — наша Бацькаўшчына”.
Разалія КАРПЕШ
Бяроза
На здымку: гаспадары і госці “Бярозаўскага кірмашу”.