Цягам двух месяцаў пад час выстаўкі можна будзе ўбачыць класіка сусветнай літаратуры на аматарскіх і прафесійных фотаздымках разам з жонкай Соф’яй Андрэеўнай і дзецьмі, літаратарамі і творчай элітай таго часу, а таксама пазнаёміцца з ілюстрацыямі да твораў Талстога. Усяго прадстаўлена больш за 100 фотаздымкаў, шэраг якіх быў зроблены ва ўсім вядомай Яснай Паляне фатографамі С.Лявіцкім, М.Тулінавым, А.Савельевым.
Акрамя таго, як адзначаюць у музеі, дзякуючы супрацоўніцтву з Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа, Беларускім дзяржаўным музеем-архівам літаратуры і мастацтва, сталічнай бібліятэкай імя Льва Талстога ў экспазіцыі падрыхтавана літаратурна-дакументальная частка праекта, што ўключае кнігі з аўтографам пісьменніка, прыжыццёвыя выданні, якія пабачылі свет у Германіі, Швейцарыі, рукапісы перакладаў яго твораў на беларускую мову.
Канстанцін АНТАНОВІЧ