“Табой жыву...”

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

Заканчэнне. Пачатак у № 13

 /i/content/pi/cult/202/2330/Kolas1.jpg

Якуб Колас. 1927 г.

Марыя Міцкевіч. “Адна на дзесяць тысяч”

Шмат цікавых матэрыялаў прадстаўлена на выстаўцы “Вобраз мілы, поўны чараў” у раздзеле “Табой жыву…”. Ён прысвечаны жонцы Якуба Коласа — Марыі Дзмітрыеўне Міцкевіч.
Пазнаёміліся яны ў Пінску, дзе працавалі настаўнікамі. Там жа, у 1913 годзе, пабраліся шлюбам. У сям’і Якуба Коласа і Марыі Дзмітрыеўны нарадзілася трое сыноў: Даніла (1914, Пінск), Юрый (1917, Перм), Міхась (1926, Мінск).
Марыя Дзмітрыеўна была першым чытачом, слухачом, крытыкам твораў свайго мужа. Яна ведала шмат беларускіх народных песень, часта спявала “Ой, зацвіла ружа, белы цвет”, “З гары па даліне галубы ляталі”. Унучка Коласа, Вера Данілаўна Міцкевіч, у сваіх згадках пра бабулю піша: “Лёс яе сапраўды быў шчаслівым, але і цяжкім. Нялёгка быць жонкай паэта-генія. Быць побач з ім — і быць не навідавоку, як бы ягоным ценем: ствараць атмасферу ўтульнасці ў хаце і гадаваць дзяцей, падтрымліваць сувязь са шматлікімі родзічамі і прымаць гасцей. І ўсё гэта — праз дзве сусветныя вайны, праз горкія страты самых блізкіх людзей… Маёй бабулі не пашчасціла пабачыць аніводнага ўнука ці ўнучкі. А калі ў дзеда Якуба нарадзілася першая ўнучка, то яе, зразумела, назвалі Марыяй.”
“Мілы друг мой”, “мая зорка”, “мая добрая дружачка”, “мая святыня”, “яснюсенькая зорка”
— так называў Якуб Колас сваю жонку. У сям’і панавалі пачуцці любові, вернасці і адданасці.
Гады вайны былі цяжкім выпрабаваннем для Марыі Дзмітрыеўны. Сям’я паэта пакінула ахоплены пажарам Мінск... Эвакуацыя... Ташкент... У першыя месяцы вайны загінуў сын Юрка… Яна моцна перажывала, хварэла.
21 мая 1945 года Марыя Дзмітрыеўна пайшла з жыцця. Праз некаторы час паэт пісаў:

І толькі мне адно сягоння горка:
Няма таго, з кім думкі я дзяліў,
З кім тут стаяў,
З кім я шчаслівы быў, —
Пагасла ты, яснюсенькая зорка.

Колас пранёс праз ўсё жыццё вернасць, маральную чысціню і высакародства пачуццяў да сваёй Марусі.
У лісце ад 8.12.1952 г. да Н.І. Загурскай-Паддубнай паэт шчыра прызнаецца: “Марыя

 /i/content/pi/cult/202/2330/Kolas2.jpg

Марыя Міцкевіч з сынам Міхасём. 1928 г.

Дзмітрыеўна, мая нябожчыца жонка, была самым лепшым другам маім. Такія жанчыны, як яна, пападаюцца не часцей, як адна на 10 000 жанчын. На маёй дарозе траплялася многа прыгожых дзяўчат і маладзіц. Шмат кім з іх я глыбока захапляўся, але перад Марыяй Дзмітрыеўнай я быў чысты. Скажу болей (а Ваша справа — паверыць ці не паверыць): і да жаніцьбы і пасля жаніцьбы я ніколі не здрадзіў сваёй жонцы…”
Пасля смерці Марыі Дзмітрыеўны асірацелы Колас вярнуўся ў Мінск:

Мой мілы сын, мая Маруся!
Нас разлучыў няўмольны лёс.
За вас зямлі я памалюся
І акраплю расою слёз.


Наталля Чакалінская. “Краска”

Наталля Чакалінская — знаёмая Якуба Коласа з 1921 года. Выпускніца хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1949 г.), яна працавала ў Інстытуце балотнай гаспадаркі, Цэнтральным батанічным садзе, пазней — у Інстытуце біялогіі Акадэміі навук БССР.
Сем’і Чакалінскіх і Міцкевічаў пазнаёміліся, калі здымалі кватэры ў двары пана Русецкага. Пазней яны былі суседзямі на Вайсковым завулку.

 /i/content/pi/cult/202/2330/Kolas3.jpg

Наталля Чакалінская.

У 1932 годзе сем’і разам праводзяць свой летні адпачынак у вёсцы Забалаць на рацэ Пціч. Паэт здалёк любаваўся прыгажосцю гэтай прывабнай жанчыны, прысвяціў Наталлі Іванаўне некалькі вершаў. Рукапісы двух — “Песня аб песні”, “Краска” — захоўваюцца ў фондах музея. У “Песні аб песні” Якуб Колас піша:

Спі ж спакойна, песня-скруха,
Бо другое сэрца глуха,
А былое — зман.
Зман вачэй, зазыў і словы —
Тым вачам зазыў ня новы,
Разгані-ж туман!

Іх шчырае сяброўства працягваецца ў 1940-я гады, наладжваецца перапіска. Пачуццё адзіноты, боль страты прасочваюцца ў лістах Наталлі Чакалінскай, бо ў гады Вялікай Айчыннай вайны абаіх напаткала вялікае гора — страта сыноў.
6 кастрычніка 1947 года Наталля Чакалінская піша Якубу Коласу, калі той знаходзіцца на лячэнні ў Кіславодску: “К вам в окно, вероятно, смотрит густая зелень юга, а у меня перед окном — пожелтевший клён, и ветер безжалостно крутит его листья, свернувшиеся от холода, но не успевшие упасть… А в такие сумрачные дни ещё острее утрата, ещё больнее думать, что заливает холодный дождь, что ветер воет над затерявшимися могилами сыновей. Легче думать весной, что украшены они первыми полевыми цветами. А вообще больно, очень больно, и время наращивает эту боль”.
У экспазіцыі музея захоўваецца машынка, на якой у 1950-я гады Наталля Чакалінская друкавала творы пісьменніка. Сярод іх была апошняя частка трылогіі “На ростанях”. Цёплыя сяброўскія адносіны яны пранеслі праз усё жыццё.


Ніна Кулакоўская. “Падавайце хоць зрэдку голас...”

Многія жанчыны хацелі быць побач з Якубам Коласам, і, можна меркаваць, іх не вельмі цікавіў стан яго душы, больш хацелася быць у цэнтры ўвагі. Пісьменнік заўсёды быў абачлівы ў перапісцы. У адказ на прызнанні ў каханні, напрыклад, на шчырыя словы настаўніцы адной СА школ Мінска Канстанцін Міхайлавіч адказвае словамі Міхаіла Лермантава:

Не сотвори себе кумира,
В любви блаженства не ищи —
Сквозь дымку призрачного мира
Иные светятся лучи…

У апошнія гады жыцця Колас моцна сябраваў з сям’ёй пісьменніка Аляксея Кулакоўскага. Яго прыгожая, добразычлівая, разумная жонка Ніна Уллянаўна ўвасабляла вобраз беларускай жанчыны-маці, беларускай Мадонны.
У іх сям’і раслі трое сыночкаў. Яны часта бывалі ў доме адпачынку ў Каралішчавічах. Цеплыня, мацярынскі клопат аб дзецях, дабрыня і высакародства сямейных адносін прыцягвалі Коласа да гэтай сям’і. І, відаць, Канстанцін Міхайлавіч успамінаў і думкамі жыў у тым часе, калі была маладая, прыгожая Марыя Дзмітрыеўна, выхоўваліся ягоныя сыны. Калі заканчвалася лета і Кулакоўскія пакідалі Каралішчавічы, сустрэчы былі рэдкімі і сувязь падтрымлівалася перапіскай. У фондах музея захоўваецца 19 лістоў Якуба Коласа, адрасаваных Ніне Уллянаўне. І ў пісьмах мы адчуваем веліч душы паэта, сардэчную шчырасць: “Вы скрашвалі і аздаблялі маё старэчае адзіноцтва ў Каралішчавічах… Покі жыць буду, буду ўспамінаць Вас. Хай ніколі не вяне Ваша хараство… Падавайце хоць зрэдку голас…”
У апошнія гады Колас часта скардзіцца на сваю адзіноту, на слабое здароўе, на старасць: “Труднае было маё жыццё і не дужа радасны мой вечар, маё змярканне…”


Аляксандра Кетлер. “Цудоўная Былінка”

З 1993 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа зберагаюцца рукапісы 44 вершаў, 176 пісем, 4 фотаздымкі і 10 кніг Якуба Коласа з цёплымі дарчымі надпісамі паэта, адрасаванымі Аляксандры Кетлер-Яцкевіч. Матэрыялы датуюцца 1945 — 1956 гг.
Аляксандра Антонаўна нарадзілася 27 верасня 1914 года, памерла 27 снежня 1997 года. Усё жыццё пражыла ў Мінску. З Якубам Коласам Аляксандра Антонаўна была знаёма з восені 1945 г. Днём 15 кастрычніка гэтага года датуецца першы ліст пісьменніка да яе.
У той час яна працавала галоўным бухгалтарам газеты “Советская Белоруссия”, жыла з мужам і дачкою на Пушкінскім праспекце. 33 лірычныя вершы — чыстыя, высакародныя — Якуб Колас прысвяціў Алесі Кетлер.
У лісце да Аляксандры Кетлер ад 23 снежня 1945 года Колас пісаў: “…У чалавека ёсць патрэба выгаварыць усё, што назбіраецца ў мыслях, у душы, і яму хочацца як-небудзь вызваліцца ад усяго гэтага грузу. Я пішу вось, і мне робіцца трошкі весялей, бо я прадстаўляю сабе Вас, жывую, рухавую, па натуры добрую, па характары трохі замкнёную…” Паэт даражыў сяброўствам з Алесяй-Былінкай, аб чым сведчаць і радкі з яго пісьма ад 09.12.1946 г. да Аляксандры Антонаўны: “Я ведаю, што наша дружба, Ваша добрае слова, усё Ваша аблічча цудоўнай Былінкі, гэта тое, што звязвае мяне з жыццём і дае ў ім апору. Вось чаму я даражу Вамі…”

* * *

А па начах часта снілася Коласу Марыя Дзмітрыеўна і клікала яго да сябе…

Мой добры друг! Як цяжка аднаму
Блукаць і дні і ночы!
Адвесці б душу хоць, але каму
Паведаць сум сірочы?


Антаніна ГАРОН, галоўны захавальнік фондаў,

Таццяна МАКАРАНКА, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа