Красамоўна і на роўных

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

27 сакавіка ў Магілёве завяршыўся чарговы этап Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча. Былі падведзены вынікі спаборніцтва ў першай узроставай групе, якая ахапіла каля 200 навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, агульнаадукацыйных школ і гімназій, гімназій-каледжаў, сектараў педагагічнай практыкі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Уладальнікам Гран-пры стаў 9-гадовы балалаечнік Алёша Пракапенка — вучань 3-га класса ДМШ № 11 г. Мінска.

 /i/content/pi/cult/202/2328/Krasamouna.jpg
  Уладальнік Гран-пры — Аляксей Пракапенка (балалайка).

Спачатку адборы праходзілі на месцах. Таму сваіх “дэлегатаў” дасылалі не толькі вядучыя навучальныя ўстановы, у якія паступаюць адораныя дзеці з усёй рэспублікі, але і шматлікія раённыя, сельскія школы. І спаборнічалі яны ў Магілёве — папраўдзе на роўных. Бо цяпер, дзякуючы кадравай палітыцы, добрыя выкладчыкі ёсць паўсюль. Замежжа было прадстаўлена юнымі выканаўцамі з Расіі і Літвы.
Асаблівасцю такіх конкурсаў з’яўляецца тое, што ўдзельнікі падзяляюцца не толькі паводле намінацый (сёлета іх было тры: “Баян-акардэон”, “Цымбалы-балалайка”, “Домра-гітара-мандаліна”), але і паводле ўзроставых падгруп. І вось тут узнікаюць неспадзяванкі, бо, да прыкладу, 16-гадоваму навучэнцу 4-га класса даводзіцца спаборнічаць у старэйшай падгрупе, 12-гадоваму другакласніку — у сярэдняй, а 11-гадовай пяцікласніцы — у малодшай. Зразумела, больш “красамоўнымі”, пры роўных выканальніцкіх магчымасцях, успрымаюцца выступленні самых юных музыкантаў. Што, дарэчы, пацвердзіў і ўладальнік Гран-пры: у свае 9 гадоў хлопчык выглядае не больш, як на 5— 6. Дый з канцэртмайстрам яму пашанцавала, бо выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аркадзь Чубрык граў настолькі выразна, што ў гуках яго фартэпіяна чуліся тонкія спалучэнні розных тэмбраў, уключаючы балалаечны.
Заключны канцэрт яшчэ раз дазволіў пераканацца, як многа ў нас таленавітай, добра навучанай і, галоўнае, творча апантанай дзятвы. Трэба было бачыць, як цымбалістка Юля Хмялеўская з Бярозаўскай ДШМ (Другая прэмія), ледзь пачуўшы са сцэны гучанне свайго ўлюбёнага інструмента, пачынала заўзята “граць” сама — “віртуальнымі” палачкамі, выкарыстоўваючы замест цымбалаў свой дыплом.
Вядома, конкурсны ўзровень у розных намінацыях быў далёка не аднолькавым. Сярод гітарыстаў прыгажосцю гуку адразу вылучаўся мінчанін Яраслаў Макарыч (Першая прэмія) — выхаванец славутага выкладчыка Валерыя Громава. Лаўрэатамі сталі ўсе тры мандаліністкі.
Найбольш моцнымі, па-даросламу сфарміраванымі музыкантамі былі пераможцы ў намінацыі “Баян-акардэон”. Надзвычай мяккім гучаннем акардэона ўразіў Тадас Матэчус з Шаўляя (Другая прэмія). Асаблівай музычнасцю — баяніст Дзяніс Угорцын, трэцякласнік гімназіі № 3 г. Віцебска (Першая прэмія).
Большасць першых прэмій у розных узроставых падгрупах справядліва дасталася выхаванцам Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў.
Высокай тэхнікай скарылі акардэаністы Лізавета Кейзерава з малодшай падгрупы і Дзмітрый Маскалёў са старэйшай (абое — Першая прэмія). А баяніст з гэтай жа навучальнай установы Міхаіл Валчкоў прадэманстраваў такую супертэхніку і цудоўнае валоданне рознымі музычнымі напрамкамі, уключаючы джаз, што яго без перабольшвання можна было б назваць абсалютным пераможцам. Невыпадкова, акрамя Першай прэміі ў сярэдняй падгрупе, ён атрымаў таксама спецыяльны прыз Беларускай асацыяцыі баяністаў і акардэаністаў.
Справядліва адзначыў старшыня журы, народны артыст Беларусі, прафесар Яўген Гладкоў: “У нас не спаборніцтва, а — творчасць”. А член аргкамітэта конкурсу, намеснік начальніка ўпраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Анатоль Мукалаў падкрэсліў значнасць гэтага і іншых конкурсаў у развіцці нацыянальнай выканальніцкай школы.
Наступны конкурсны этап адбудзецца 6 — 11 красавіка ў Гродне. Тут збяруцца прадстаўнікі другой узроставай групы — навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў культуры і мастацтваў, гімназій-каледжаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ