ТЭАТРАЛЬНАЕ “ФОРТЭ” НА ПАВЕТРАНАЙ ТРАПЕЦЫІ, або Як і калі нараджаецца чалавек?
27 сакавіка ў Магілёве завяршыўся IV Міжнародны тэатральны форум “М.@rt.кантакт” — фестываль, які нарадзіўся зусім нядаўна, але за час свайго існавання паспеў стаць адной з вызначальных падзей у тэатральным жыцці нашай краіны. Сёлета ён стаўся для арганізатараў асабліва сур’ёзным выпрабаваннем. Не толькі таму, што, перайшоўшы трохгадовы ўстаноўчы тэрмін, форум чакала праверка “ўзростам” і выяўленне таго, наколькі ў айчыннай тэатральнай прасторы ідэя фестывалю пра маладых і для маладых здольная да цікавага і плённага самаразвіцця. “М.@rt.кантакту” першаму з беларускіх фестываляў давялося скарэкціраваць сваё існаванне з улікам новых эканамічных умоў. Аднак і яго дырэкцыя, і абласныя ўлады, на чыіх плячах ляжыць ільвіная доля фінансавання гэтага форуму, прадэманстравалі: наша дзяржава па-ранейшаму прытрымліваецца сацыяльна арыентаванай палітыкі, не забываючыся пры гэтым, што да “хлеба” патрабуюцца яшчэ і “відовішчы”. Прычым — створаныя на адпаведным узроўні.