Мандалінавы голас вясны

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

XXV Міжнародны фестываль музыкі “Мінская вясна-2009”, які адкрыўся ўчора, пройдзе пад знакам не толькі вясновага аднаўлення і з’яўлення на сталічнай філарманічнай сцэне новых замежных салістаў і калектываў. Яго сёлетні дэвіз: “Таленавітая моладзь — 65-годдзю Вялікай Перамогі”. Адметнасцю стане таксама формула “чатыры ў адным”, бо гэты магутны музычны форум, які працягнецца больш за месяц — ажно да 6 мая, сабраў пад сваім дахам яшчэ тры адметныя святы міжнароднага маштабу: Міжнародныя дні мандалінна-гітарнай музыкі “Мандалінісіма”, І Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Меладрама”, Х Міжнародны фестываль праваслаўных песняспеваў.

Сярод удзельнікаў “Мінскай вясны”— прадстаўнікі Арменіі, Венесуэлы, Галандыі, Германіі, Грузіі, ЗША, Індыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Украіны, Францыі, Эстоніі, Японіі. Вельмі годна прадстаўлены беларусы. Паводле традыцыі, мы ўбачым нашых лепшых маладых выканаўцаў — лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Піяністаў збяруць канцэрты да 25-годдзя творчай дзейнасці заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, прафесара Уладзіміра Няхаенкі і “У дзень нараджэння Ірыны Цвятаевай”. Скрыпачоў — выступленне зорных навучэнцаў Эдуарда Кучынскага. Дырыжораў — прэзентацыя нашай нацыянальнай дырыжорскай школы: у межах праекта “Уваскрэсенне класікі” з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам выступяць Ігар Бухвалаў, Юрый Галяс, Марына Траццякова, Яўген Хахлоў.
Збярэ “Мінская вясна” і лаўрэатаў ІХ Міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў імя Міхала Клеафаса Агінскага.
Вясновы настрой падорыць малады спявак, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ігар Задарожны, сабраўшы ў праграме “З любоўю пра любоў” рамансы, песенныя шлягеры і, вядома, сяброў-аднадумцаў. А ў складзе галандскага трыо “МірАнДа”, назва якога створана з пачаткаў імёнаў выканаўцаў,— наша выдатная флейтыстка Даша Бельцюкова.
Наш выбітны віяланчэліст Аляксей Кісялёў, праходзячы стажыроўку ў Каралеўскім каледжы ў Лондане, выступіў там таксама прадзюсерам, арганізаваўшы і ўзначаліўшы І Міжнародны фестываль “Меладрама”. Сярод яго ўдзельнікаў — наш зорны піяніст Аляксандр Музыкантаў, які таксама зараз стажыруецца ў Лондане, таленавіты скрыпач Арцём Шышкоў і яго ансамбль салістаў “Арт-аркестр”, вядомыя французскія музыканты, частыя госці Мінска Жэром Перно і Жэром Дзюкро. Стартаваўшы ў Лондане, “Меладрама” рушыла ў Мінск. А 7 мая зноў вернецца ў Лондан, дзе і адбудзецца яе закрыццё.
Завяршэнне “Мінскай вясны” будзе не менш сімвалічным: 6 мая ў Вялікай зале сталічнай філармоніі выступіць маладзёжны сімфанічны аркестр Беларусі і Расіі, які паспяхова канцэртуе не толькі ў гэтых краінах, але і гастралюе па Еўропе.
Агульную драматургію “Мінскай вясны” можна параўнаць з музычным “крэшчэнда” (нарастаннем моцы гуку), бо пачаўся гэты фестываль з найтонкіх, пяшчотных гукаў мандаліны — Міжнародных дзён мандалінна-гітарнай музыкі “Мандалінісіма”.

Надзея БУНЦЭВІЧ