Хто перамог?

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

Падведзены вынікі леташняга рэспубліканскага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы ўстаноў культуры і мастацтва па канцэртным і тэатральным абслугоўванні сельскага насельніцтва.

Міністэрства культуры вызначыла пераможцаў.
У намінацыях “Лепшая вобласць па арганізацыі тэатральнага і канцэртнага абслугоўвання сельскага насельніцтва”, “Лепшая вобласць па арганізацыі тэатральнага і канцэртнага абслугоўвання сельскага насельніцтва клубнымі ўстановамі” і “Лепшая вобласць па арганізацыі тэатральнага і канцэртнага абслугоўвання сельскага насельніцтва ўстановамі адукацыі ў сферы культуры і мастацтва” лепшай прызнана Магілёўская вобласць (начальнік упраўлення культуры аблвыканкама — А.Сінкавец), якая ўзнагароджваецца Спецыяльным дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і грашовай прэміяй у 35 мільёнаў рублёў.
У намінацыі “Лепшая вобласць па арганізацыі тэатральнага і канцэртнага абслугоўвання сельскага насельніцтва” другое месца заняло ўпраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама (начальнік — Д.Чумакоў), якое ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і грашовай прэміяй у 15 мільёнаў рублёў, а трэцяе — упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама (начальнік — А.Лойка), якое ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры.
Гэтае ўпраўленне таксама прызнана пераможцам у намінацыі “Лепшая вобласць па арганізацыі тэатральнага і канцэртнага абслугоўвання сельскага насельніцтва тэатральнымі і канцэртнымі арганізацыямі” з уручэннем грашовай прэміі ў 10 мільёнаў рублёў.

Яўген РАГІН