Дзень яднання

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

2 красавіка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларусаў і расіян з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. Прэзідэнт зазначыў, што свята гэтае становіцца агульнай традыцыяй. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што “ўзяты намі курс на выбудоўванне саюзніцкіх адносін заснаваны на натуральным імкненні беларусаў і расіян мірна жыць і ўзаемавыгадна супрацоўнічаць у рамках адзінай эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай прасторы”.

 /i/content/pi/cult/202/2318/Dzenj.jpg
2 красавіка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. У святочным канцэрце ўзялі ўдзел як нашы, так і знакамітыя расійскія артысты.
Расійскае мастацтва прадстаўлялі народны артыст краіны, вядомы акцёр Валерый Залатухін і ансамбль папулярнай народнай музыкі “Чабатуха” пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Расіі Святланы Рыбалчанка. Беларускія ж майстры прадэманстравалі цэлае суквецце самых розных жанраў — ад фальклору і эстрады да высокай класікі.
Удзельнікамі свята былі такія славутыя калектывы, як Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Валянціна Дудкевіча, харэаграфічны ансамбль “Белыя росы” з Гродна, ансамблі “Песняры”, “Сябры”, “Камерата”, “Свята”, “Гуды” Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, ансамбль народнай музыкі “Бяседа” Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, народныя артысты краіны Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Мікалай Скорыкаў, заслужаныя артысты рэспублікі Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева. Упрыгожыла канцэрт і юная зорачка, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ксенія Сітнік.
Побач з “зоркамі” эстраднай сцэны выступалі і прадстаўнікі акадэмічнага мастацтва — вядучыя артысты Беларускага балета Ірына і Алег Яромкіны, вядомая оперная спявачка Алена Сало, саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча Павел Неўмяржыцкі.
— Галоўная ідэя канцэрта да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, — распавёў яго рэжысёр К.Дабравольскі, — паказаць сяброўства нашых народаў, наша адзінства, замацаванае ў Саюзнай дзяржаве. Вельмі хацелася, каб канцэртная праграма ішла на адным дыханні, каб разнастайныя нумары, што змянялі адзін аднаго, быццам “сышліся” ва ўрачыстым фінале. Дадам, што для фіналу была спецыяльна замоўлена новая песня. Напісалі яе нашы беларускія творцы — кампазітар Алег Елісеенкаў і паэт (а паводле сваёй галоўнай прафесіі— рэжысёр) Віктар Кавальчук. Ну, а выкананне гэтай песні арт-групай “Беларусы” і Нацыянальным акадэмічным народным хорам імя Г.Цітовіча надало вечарыне яшчэ больш узнёслай урачыстасці, адчуванне сапраўднага свята.
Святкаванні з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі доўжыліся і 3-га красавіка. Як паведаміў “К” дырэктар унітарнага прадпрыемства “Культсервіс” Мінскага трактарнага завода Уладзімір Кірута, святочны канцэрт стаў адным з заключных і сакавітых акордаў у агульнагарадской “сімфоніі” беларуска-расійскіх творчых стасункаў.
Мерапрыемства, што адбывалася ў Палацы культуры МТЗ, рыхтавалася сумесна з упраўленнем культуры Мінгарвыканкама. У ім бралі ўдзел мастацкія калектывы палацаў культуры Паўднёвай адміністрацыйнай акругі Масквы — “Масковія” і “Паўночнае Чартанава”. Беларускі бок на сумесным канцэрце прадставілі Нацыянальны акадэмічны хор імя Г.Цітовіча, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, Заслужаны ансамбль бальнага танца “Мара” УП “Культсервіс” МТЗ, хор рускай песні імя А.Нікіцінай Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, харэаграфічны ансамбль “Весялушка” харэаграфічнай школы № 1 Мінска, а таксама эстрадныя выканаўцы. Падобны сумесны канцэрт ладзіцца трэці год запар.
Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, адбыліся ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны