Міншчыны святочны дар

№ 13 (881) 28.03.2009 - 03.04.2009 г

26 сакавіка ў сталіцы адбылася творчая справаздача “Міншчына — сэрца Беларусі”, прысвечаная 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Такога размаху мы яшчэ не бачылі: паказ дасягненняў пачынаўся не з фае Палаца Рэспублікі, як звычайна, а з самой Кастрычніцкай плошчы, дзе шчыравалі народныя майстры, весялілі народ вяшчальнікі і скамарохі. Мабыць, вясна “вінавата”?

 /i/content/pi/cult/201/2298/Minschyna1.jpg
Творчая справаздача сабрала безліч гледачоў і паўтары тысячы саміх удзельнікаў: 1300 з іх удзельнічалі ў канцэрце, астатнія — ва “ўверцюрных” мерапрыемствах. Невыпадкова старшыня Мінскага аблвыканкама Леанід Крупец, вітаючы гасцей Палаца Рэспублікі, неаднаразова падкрэсліваў у сваёй прамове менавіта чалавечы фактар: “Як і раней, галоўным багаццем нашага краю былі і застаюцца людзі — такія працавітыя, добрыя і гасцінныя”; “Іх розумам, талентам і сапраўды гераічнай працай створана ўсё, што складае сёння славу і гонар сталічнай вобласці”; “За кожным поспехам і падзеяй у культурным жыцці Міншчыны стаяць людзі, якія самааддана развіваюць народнае аматарскае мастацтва, каб эстэтычна прыгожым станавіўся духоўны свет жыхароў вобласці”.
Адной з адметнасцей справаздачы Міншчыны стала правядзенне напярэдадні яе — прэс-канферэнцыі, у якой узялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінскага аблвыканкама Таццяна Дзедух, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Анатоль Акушэвіч, яго намеснік Святлана Баранок, галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама Галіна Ляйко, якая выступіла галоўным рэжысёрам канцэрта, кіраўнікі вядучых устаноў культуры вобласці, кіраўніцтва асобных раёнаў.
Да прэс-канферэнцыі была падрыхтавана выстаўка “Міншчына святочная”, і разглядаць яе можна было пад гукі выступлення камернага ансамбля ДМШ горада Барысава. Ну чым не “міні-справаздача”? Выступоўцы не скупіліся на аповед пра самае-самае ў кожнай галіне культурнай дзейнасці рэгіёна. Ці не ўражвае, да прыкладу, такая лічба: 93 працэнты ўстаноў культуры клубнага тыпу знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, менавіта туды пераносіцца асноўная работа, бо там — асяроддзе народнай культуры, нашага фальклору.
У вобласці ўмеюць цаніць усё, што назапашана, не раскідваюцца напрацаваным. Тут практычна не скарацілася колькасць фестываляў, конкурсаў, святаў. Адных толькі форумаў народнай творчасці штогод праходзіць звыш 20-ці. Але для кожнага з іх адшукваліся новыя, больш удасканаленыя і менш фінансава ёмістыя формы правядзення.
Існуе свая сістэма забеспячэння кадрамі, у тым лікуў аграгарадках, павялічваецца колькасць навучэнцаў у дзіцячых музычных школах і школах мастацтваў. Разнастайнай дзейнасцю, акрамя ўласна кніжных спраў, займаюцца бібліятэкі: у прыватнасці, была створана электронная база даных “Краязнаўчая памяць Міншчыны”.
Ну, а ў святочных канцэртных і разнастайных перадканцэртных паказах усе рэгіёны вобласці зліваліся ў адзінае каларытнае дзейства, падзеленае хіба па мастацкіх кірунках і жанрах. На плошчы разгарнуўся кірмаш, віравалі народныя гулянні. Народныя майстры пачалі “абжываць” адведзеную ім прастору яшчэ зранку. І літаральна адразу, не чакаючы афіцыйнага адкрыцця, сталі праводзіць майстар-класы, бо жадаючых павучыцца таму ж ткацтву было шмат. Дарэчы, частавалі тут не толькі дзівосным суквеццем народных промыслаў, але і... сапраўднымі прысмакамі.
Спецыяльна да народнага кірмашу было замоўлена і выраблена адмысловае выставачнае абсталяванне (пасля сталічнага паказу яно будзе выкарыстоўвацца на іншых абласных святах) — спецыяльныя стылізаваныя пад даўніну столікі з навесамі, упрыгожаныя шыльдачкамі: “Матчыны кросны”, “Вышытыя мары”, “Лялечны карагод”, “Саламяныя дзівосы”, “Ганчарнае кола”, “Гліняны звон”, “Пояс-абярэг” і іншыя.У мастацкай галерэі БДУКіМ, што знаходзіцца ў будынку Палаца Рэспублікі, разгарнулася выстаўка пленэрных работ юных мастакоў “Фарбы роднай зямлі”, якая прадоўжыцца да 11 красавіка. Абласны пленэр праходзіць вось ужо дзевяць гадоў, змяняючы “прапіску”: Барысаў, Стоўбцы, Чэрвень... А тэмай становяцца, зразумела, вобразы роднай зямлі.
 /i/content/pi/cult/201/2298/Minschyna2.jpg

У фае Палаца Рэспублікі публіка адразу трапляла на “Баль стагоддзяў”. Нас сустракалі прадстаўнікі такіх знакамітых шляхецкіх родаў Беларусі, як Радзівілы, Агінскія, Тышкевічы. Увасаблялі іх удзельнікі аматарскіх тэатральных калектываў, у тым ліку Тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раёна. Гучала старадаўняя беларуская музыка ў выкананні калектываў дзіцячых навучальных устаноў з Дзяржынска і Барысава.
Гэткае філасофскае “рэха стагоддзяў” падхапіў і пачатак самога канцэрта. Пралог быў нязвыкла няспешным.
На фоне габеленаў з выявамі гербаў гарадоў і архітэктурных помнікаў Міншчыны ішла паэтычная кампазіцыя-дэфіле “Вобразы мілыя роднага краю”: дзяўчаты дэманстравалі стылізаваныя шляхетныя, народныя, а таксама сучасныя строі, увасабляючы вобразы Сонейка, Шчырасці, Восеньскага сну, Маці, Маладосці і яшчэ многіх філасофска-паэтычных сімвалаў роднай зямлі. Вобраз Зямлі-карміцелькі паўставаў у лірычнай песні “Поле”.
Тэма вайны пачыналася паэтычным рэквіемам, дзе, акрамя аматараў, удзельнічала народная артыстка краіны Марыя Захарэвіч. Працягвалася — вакальным ансамблем “Віват” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў на чале з Алегам Сямёнавым. А завяршалася — зводным духавым аркестрам з “Маршам Перамогі” Васіля Раінчыка.
Канцэрт напоўніцу прадэманстраваў добрыя вакальныя традыцыі, закладзеныя ў вобласці. Яны пачынаюцца з дзіцячых вакальных студый, працягваюцца ў сярэдніх навучальных установах (на базе Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага два гады таму быў утвораны Маладзёжны музычны тэатр, што ладзіць оперныя пастаноўкі) і завяршаюцца музычнай капэлай “Санорус” пад кіраўніцтвам Аляксея Шута.
 /i/content/pi/cult/201/2298/Minschyna3.jpg
Невыпадкова адзіным сольным нумарам усяго канцэрта стала выступленне лаўрэата міжнародных конкурсаў, леташняга выпускніка вучылішча і цяперашняга студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, артыста згаданага тэатра Анатоля Сіўко — з найскладанымі Куплетамі Мефістофеля з оперы “Фауст” Ш.Гуно.
Адметнасцю канцэрта стаў удзел у ім народных сямейных калектываў, якія, згуртаваўшыся, утварылі сапраўдную вясёлую талаку. Сярод фальклорнага блока вылучаліся нумары, набліжаныя да аўтэнтыкі, а між выступленняў дзіцячых і маладзёжных калектываў — спалучэнне фальклорных элементаў і сучаснага эстраднага танца (“На скрыжаваннях часу” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў).
Фінальным акордам стаўся гімн Міншчыны, створаны кампазітарам Аленай Атрашкевіч, паэтам Васілём Жуковічам і выкананы ўсімі ўдзельнікамі канцэрта.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА
На здымках: творчую справаздачу адкрывае Леанід Крупец;
на Кастрычніцкай плошчы гасцей вітае хлебам-соллю Міншчына;
майстар-клас
ад ткачых вобласці.