Сур’ёзна пра наіў

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

У Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці адбыўся абласны семінар, прысвечаны інсітнай творчасці.

 /i/content/pi/cult/200/2297/Naiu.jpg
 Вольга Ярэська. “Мой леў” (2007).
Прафесар Рыгор Шаура
ўзгадаў перыяд развіцця самадзейнага мастацтва ў Беларусі 1970 — 1990-х, творчую актыўнасць мастакоў М.Засінца, В.Жарнасека, Л.Трахалёвай, Ф.Сухавілы, Ф.Максімава, М.Байцова.
Мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская вяла гаворку пра мінскую выстаўку інсітнага мастацтва, што адбылася ў 1994 годзе, а таксама пазнаёміла з незвычайнымі творамі беларускіх мастакоў, працы якіх можна аднесці да так званага “арт-брута”. Гаворка ішла і пра творчасць мастакоў і разьбяроў І.Супрунчыка са Століншчыны і М.Тарасюка з Пружаншчыны.
Прэзентацыя двух маляваных дываноў П.Марціновіча з Любанскага раёна стала адкрыццём для прысутных.
Пра тое, чаму і як трэба збіраць сёння творы наіўных мастакоў, распавёў даследчык маляваных дываноў мастак Юрась Малаш, які распрацаваў канцэпцыю “Музея інсітнага мастацтва” ў Заслаўі, дзе ў фондах захоўваецца калекцыя са 160 маляваных дываноў. Сёлета тут распачата работа над канцэпцыяй выстаўкі “Маляваны рай”.
Даследчык цягам дваццаці гадоў сабраў калекцыю твораў сучасных мастакоў наіву С.Каваля, Т.Дауд, В.Ярэська, А.Сярчэні, А.Маісеевай, а таксама незвычайных аўтарскіх рукапісных кніг “Покліч Рагнеды”, “Дзівосны лубок”, “Сусвет душою беларуса”, “Фаліянты Белай Русі”, “У райскім садзе Алены Кіш”. Гэтым можа ганарыцца любы музей наіўнага мастацтва.

Язэп МАЛА