На ўсе часы!

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Году роднай зямлі і 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвечаны сёлетні сезон Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста нашай краіны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга. Песні роднай зямлі, мелодыі ваенных часоў увойдуць у праграмы чатырох канцэртаў цыкла “Шлягеры на ўсе часы”.

Ёсць у “Шлягераў” адна адметная рыса: частка канцэртаў — сёлета гэта першыя два — вядзе музыказнаўца, народны артыст Расіі Святаслаў Бэлза. Гэтак жа, як і многія вядомыя расійскія кампазітары і спевакі, ён з задавальненнем працуе з аркестрам.
Першы з канцэртаў, які адбудзецца 24 сакавіка, называецца “Ганна Герман. Рэха кахання”. 25 сакавіка — праграма “Залатое сэрца” Міхаіла Таніча. Яна прысвечана памяці паэта-франтавіка, які не так даўно пайшоў з жыцця.
26 сакавіка заслужаны артыст Беларусі, гітарыст і аранжыроўшчык Уладзімір Ткачэнка прапануе сваю версію легендарнай музыкі “Бітлз”. І будзе саліраваць на гітары разам з калегам па аркестры, гітарыстам, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Сяргеем Анцішыным.
І нарэшце, 27 сакавіка канцэрт, які даў назву ўсяму унікальнаму музычнаму праекту, — “Шлягеры на ўсе часы”. Мастацкі кіраўнік праекта маэстра Міхаіл Фінберг адзначае, што гэта праграма — падарунак аркестра беларускаму народу, народу мужнаму, працавітаму, які робіць усё, каб квітнела наша Бацькаўшчына — незалежная Беларусь.

Ул.інф.