Прынашэнне дырыжору

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

22 сакавіка на сцэне Палаца Рэспублікі пройдзе балет “Рамэа і Джульета”, які Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь прысвячае 80-годдзю знакамітага дырыжора, народнага артыста Расіі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара Генадзя Праваторава. Дырыжыраваць будзе яго выхаванец Вячаслаў Воліч.

 /i/content/pi/cult/200/2273/Prynashenne.jpg
Юбілею славутага маэстра быў прысвечаны і дабрачынны канцэрт-бенефіс “Музычнае прынашэнне” ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Сярод яго арганізатараў — Міністэрства культуры нашай краіны, Беларускі саюз музычных дзеячаў, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Упраўленне культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі зачытаў міністр культуры Уладзімір Матвейчук. Юбіляра павіншавалі не толькі дзяржаўныя, грамадскія ўстановы, творчыя калектывы, асобныя дзеячы мастацтваў нашай краіны, але і многія замежныя. Маэстра быў уганараваны вышэйшай узнагародай Саюза музычных дзеячаў Расіі — медалём “За жыццё ў мастацтве”, а таксама ганаровай граматай, падпісанай старшынёй арганізацыі Ірынай Архіпавай.
Віншаванні і словы шчырага прызнання і ўдзячнасці даслалі Г.Праватораву вельмі-вельмі многія — найперш, тыя калектывы, дзе ён у розныя гады працаваў: Маскоўскі тэатр імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі, “Новая опера” імя Колабава, “Міхайлаўскі тэатр” у Санкт-Пецярбургу, а таксама вядомыя музыканты з краін Балтыі, ЗША.
На адрас юбіляра гучала цэлае суквецце цудоўных эпітэтаў: дырыжор-драматург, музыкант-інтэлектуал, няўрымслівы, тэмпераментны рыцар музыкі, чалавек-аркестр... Ды ўсё ж галоўнай дзейнай асобай вечара стала музыка: сімфанічная, оперная, з кінафільмаў — усялякая, акрамя сумнай.
Выступілі ўсе вядучыя калектывы краіны: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, сімфанічны аркестр і хор Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Канцэртны аркестр “Няміга”, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы. Саліравалі знакаміты піяніст Ігар Алоўнікаў, зоркі Нацыянальнай оперы Наталля Руднева, Уладзімір Пятроў, Алег Мельнікаў, Аляксандр Кеда, Сяргей Франкоўскі, Ніна Шарубіна, Алена Сало, Таццяна Траццяк, Эдуард Мартынюк.
Дырыжыравалі і непасрэдныя выхаванцы Г.Праваторава, і яго малодшыя калегі, кожны з якіх штосьці ўвабраў ад майстра і цяпер імкнуўся выказаць яму даніну павагі сваім выступленнем з аркестрам: Пётр Вандзілоўскі, Андрэй Галанаў, Аляксандр Сасноўскі, Вячаслаў Воліч, Віктар Бабарыкін, Іван Касцяхін. У выніку адбылася прэзентацыя Асацыяцыі оперна-сімфанічных дырыжораў Беларускага саюза музычных дзеячаў. Ганаровым старшынёй асацыяцыі з’яўляецца сам Генадзь Праватораў, а дзеючым старшынёй — Аляксандр Анісімаў.
— Жадаючых выступіць, — расказаў аўтар праекта і яго рэжысёр Валерый Уколаў, — было нашмат больш, адгукнуліся практычна ўсе калектывы. Але тады канцэрт, мабыць, расцягнуўся б на цэлыя суткі.
Выступоўцы, не згаворваючыся, дарылі кветкі, атрыманыя ад сваіх прыхільнікаў, юбіляру, а музыканты віталі яго, узняўшы свае інструменты. Але кульмінацыяй вечара стала выступленне самога маэстра. Генадзь Праватораў узняўся і, не выходзячы з дырэктарскай ложы, прадырыжыраваў фрагментам фіналу Сімфоніі № 9 Бетховена, дзе гучыць знакамітая ода “Да радасці” на словы Шылера. Музыканты, каб бачыць узлёты яго дырыжорскай палачкі, развярнуліся да маэстра — і ў іх вачах свяцілася захапленне.

Надзея БУНЦЭВІЧ