Адпаведнасць кан’юнктуры — пытанне выжывання

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшую пастаноўку работы дыскатэк, які ладзіць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, набліжаецца да завяршэння. Паўдзельнічаўшы ў выездах экспертнай камісіі, куды ўваходзяць кваліфікаваныя спецыялісты з Міністэрства і Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, карэспандэнты “К” здолелі не толькі пазнаёміцца з дыскарухам у рэгіёнах, але і звярнуць увагу на яго новыя тэндэнцыі і старыя праблемы.

 /i/content/pi/cult/197/2247/Adpavednasc.jpg
Без “лішніх” кілават

Традыцыйным месцам правядзення дыскатэк у райцэнтрах з’яўляецца фае Дома культуры. Завядзёнка гэтая, вядома ж, не ад добрага жыцця. Таму гадоў дзесяць таму ў Драгічыне вырашылі яе парушыць, не пашкадаваўшы грошай для стварэння адмысловага маладзёжнага цэнтра. І хаця выдаткі на ўтрыманне асобнага будынка — немаленькія, вынікі такой інавацыі іх апраўдваюць.

— Дыскатэка мае свой спецыфічны лад жыцця, які не заўсёды добра стасуецца з планамерным творчым працэсам у Доме культуры, — кажа начальнік аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама Леанід Куроўскі.

Ды і ці лёгка стварыць у шматфункцыянальным фае адмысловы інтэр’ер, выбудаваць там добрую схему святла і гуку, усталяваць экран з праектарам? У маладзёжным цэнтры ўсе гэтыя складнікі вытрыманы з густам.

Конкурсная праграма, якая прапаноўвала ўсім ахвотным пабываць на цёплых Гаваях, ствала сведчаннем яшчэ адной важнай місіі дыскатэкі. У Драгічыне гэта месца не толькі для адпачынку, але і для творчай самарэалізацыі моладзі. Пляцоўка, адкрытая для ўсіх, каму ёсць што сказаць і паказаць. Хтосьці прыдумляе арыгінальныя конкурсы, хтосьці — танчыць зухаваты брэйк, хтосьці — спявае... Танцавальныя сеты перамяжоўваліся з жывымі нумарамі, вытрыманымі ў такіх, здавалася б, недыскатэчных стылях, як кантры, блюз або нават франкамоўны рок-шансон. І яны ўспрымаліся публікай “на ўра”.

Магчымасць акунуцца ў своеасаблівую ауру дыскатэкі наведвальнікі вечарыны мелі ўжо ў фае, дзе праходзіў “гавайскі” конкурс. У ліку прызоў былі і пакецікі соку, актуальныя пасля гарачых танцаў. Тым болей, бара з мінералкай і марожаным у маладзёжным цэнтры пакуль няма — установы культуры наогул рэдка наважваюцца ствараць такія інфраструктурныя “даважкі”. Хаця зразумела, што на дыскатэцы яны цалкам дарэчы.

Не словам, а прыкладам

Члены камісіі адзначылі, што драгічынская моладзь умее танчыць, бо мае добрую магчымасць навучыцца: дыпламаваных харэографаў тут — дзесяць! Маладыя кадры “сцягнуў” у раён з розных куткоў краіны карыфей палескага танца Валерый Чарнышоў, ствараючы Драгічынскую школу харэаграфіі, якая не так даўно паўстала тут побач з традыцыйнай ДШМ.

Прадоўжым думку: вядома, навучэнцы “творчых” школ таксама ходзяць на дыскатэку. Наўрад ці гэтая моладзь будзе ўскладняць працу работнікаў міліцыі. Больш за тое: іх паводзіны стануць прыкладам для аднагодкаў. Дыскатэка — гэта свайго кшталту “лакмусавая паперка” побытавай культуры моладзі. І, у пэўнай меры, працы работнікаў культуры. Назіраючы за паводзінамі наведвальнікаў маладзёжнага цэнтра — культурнымі, але разняволенымі — можна было зрабіць выснову адносна яе эфектыўнасці. Прычым не толькі ў галіне арганізацыі танцавальных вечароў.

“Сучаснасць” дыскатэкі ў Драгічыне — і тэхнічная і, калі хочаце, эстэтычная — пакуль яшчэ можа здзіўляць. Хаця, як адзначыла старшыня экспертнай камісіі, дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ Алена Макарава, адпаведнасць сённяшняй кан’юнктуры для дыскатэк ва ўстановах культуры — пытанне выжывання. Іначай у іх не будзе шанцаў вытрымаць канкурэнцыю з іншымі ўстановамі. Тымі, якія ставяць перад сабой выключна камерцыйныя мэты, а зусім не выхаваўчыя.

Хто возьме “ката ў мяху”?

Па словах Леаніда Куроўскага, на Драгічыншчыне гэтая сітуацыя сёння не пагражае: канкурэнцыі з установамі культуры мясцовыя бары пакуль не вытрымліваюць. Адзінае што, своеасаблівае спаборніцтва ёсць паміж самімі дамамі культуры.

Ад Драгічына недалёка да знакамітага Закозеля — першага аграгарадка ў краіне. Тамтэйшы Дом культуры — навюткі ды “з іголачкі” — прыцягвае не толькі мясцовую моладзь: патанчыць у прасторнай зале універсальнага прызначэння, якая аднолькава падыходзіць і для канцэртаў, і для дыскатэк, прыязджаюць, не раўнуючы, з усяго раёна.

З захапленнем аглядаючы гэтую ўстанову культуры “новага пакалення”, Алена Макарава згадала бадай анекдатычную сітуацыю. На працягу некалькіх гадоў заяўка, якая запрашала выпускнікоў БДУКіМ распачаць сваю працоўную кар’еру ў Закозельскім доме культуры, не знаходзіла ніякіх водгукаў. Трэба меркаваць, што прычынай таму стала каларытная паляшуцкая назва аграгарадка. Але калі б маладыя спецыялісты маглі б уявіць, у якіх умовах ім прапануецца працаваць, на замяшчэнне гэтай вакансіі можна было б нават абвяшчаць конкурс.

Таму Алена Макарава раіць раённым аддзелам культуры рыхтаваць мультымедыйныя прэзентацыі тых устаноў і, шырэй, мясцін, куды яны запрашаюць выпускнікоў. Кааб размеркаванне не нагадвала продаж ката ў мяху.

Замест клуба — у лес?

Кава-паўзы, якія здараліся пад час працы экспертнай камісіі, заўсёды пераўтвараліся ў “круглыя сталы”, прысвечаныя дыскатэчнай праблематыцы. Найбольш злабадзённая яе праява тычыцца ўзроставых абмежаванняў, згодна з якімі непаўналетнія маюць права танчыць толькі да дзесятай вечара.

— Прыязджаю з праверкай у адну з нашых вёсак, якая месціцца пасярод лесу,— распавядае дырэктар Драгічынскай РМЦ Марыя Чыглінцова. — На дыскатэцы ў клубе — чалавек мо дзесяць, не болей! Тых, каму ўжо за 18. А на зваротным шляху, як ехалі праз гай, пабачылі там процьму моладзі. Папрасіла кіроўцу спыніцца: можа, што здарылася? Ды не, гэта проста падлеткі адпачываюць. У клуб іх не пусцілі, дык куды ім яшчэ пайсці?

Варта адзначыць, што драгічынскія работнікі культуры амаль не закраналі такі балючы для іх аспект гэтай праблемы, як выкананне ўласных платных паслуг.

Гаварылася пра іншае: пра выхаванне моладзі і пра тое, каб шыкоўныя або проста прыстойныя ўстановы культуры выкарыстоўваліся напоўніцу.

Зрэшты, гэтая праблема мае і яшчэ адно вымярэнне — пра яго нагадала галоўны спецыяліст Міністэрства культуры Людміла Страпко. Для таго, каб ініцыяваць перагляд Пастановы Урада, павінна назапасіцца немалая колькасць аформленых пісьмова аргументаў на карысць змен. Але пакуль што водгукаў зусім вобмаль.

Дзі-джэінг як прафесія

Дзі-джэй — гэта захапленне, што дае, да ўсяго, высокі статус сярод мясцовай моладзі, але... Прафесіяй дзі-джэінг пакуль не назавеш — прынамсі, дэ-юрэ. Нягледзячы на тое, што дыскатэка сёння ладзіцца бадай у кожнай клубнай установе, пасада яе “стырнавога” ў тыпавых штатных раскладах адсутнічае. З гэтай сітуацыі кіраўніцтва клубных устаноў выкручваецца па-рознаму, у меру магчымасцей і вынаходлівасці. Прыкладам, у Драгічыне дзі-джэй афіцыйна лічыцца гукарэжысёрам. Але пытанне, ці не павінны тыповыя патрэбы адкарэкціраваць тыпавыя штаты, здаецца, правамоцнае.

Гэтая праблема шчыльна павязана з іншай: перад тым, як запіс “дзі-джэй” (або “вядучы музычных праграм”) з’явіцца ў працоўнай кніжцы, ён павінен з’явіцца ў дыпломе ці, прынамсі, даведцы аб сканчэнні курсаў. Якую ж школу мусіць прайсці дзі-джэй, каб мець права называцца прафесіяналам? Пытанне, як выявілася, дыскусійнае. Алена Макарава справядліва адзначыла, што “карыфеі жанру” ніякіх універсітэтаў па сваёй спецыяльнасці не заканчвалі. Школай для іх стала ўласнае асяроддзе. А прызнаннем прафпрыдатнасці — не дыплом, а папулярнасць. Таму вопыт працы ў гэтым кірунку быў пастаянна ў цэнтры ўвагі членаў экспертнай камісіі.

Удалы прыклад вырашэння праблемы — своеасаблівая школа дзі-джэяў, з працай якой члены экспертнай камісіі пазнаёміліся пад час наведвання Цэнтра культуры “Віцебск”. Вядома, гэта не вышэйшая адукацыя — курсы доўжацца толькі тры месяцы, абыходзячыся навучэнцу ў 120 тысяч рублёў. Падрыхтоўка вядзецца на прафесійным абсталяванні, вывучаецца тэхніка звядзення, а таксама стылі і накірункі сучаснай музыкі.

Як адзначыў загадчык Маладзёжнага цэнтра танцавальна-забаўляльных праграм ЦК “Віцебск” Алег Стрыжонак, за два гады працы было падрыхтавана не менш як 50 дзі-джэяў. Многія з іх сёння “ўзрываюць” танцполы раённых дыскатэк. Удзельнікі гуртка маюць і першыя ўзнагароды: Дзяніс Сахоўскі стаў пераможцам абласнога конкурсу, а Сяргей Ткачоў заняў другое месца.

Фармат і Карлсан на танцполе

Мэтавай групай большасці дыскатэк з’яўляюцца падлеткі. У Падсвіллі, што на Глыбоччыне, было вырашана пашырыць гэты дыяпазон, стварыўшы адмысловую праграму для самых маленькіх. Менавіта на яе і завітвае Карлсан, разам з іншымі папулярнымісярод дзятвы персанажамі. Пра запатрабаванасць гэтай імпрэзы сведчыць хаця б тое, што бацькі прывозяць туды сваіх дзетак нават з райцэнтра. Дагадзіць малечы не менш складана, чым знайсці паразуменне з тынейджарамі. Гэта ўдаецца за кошт гульняў і конкурсаў, якія арганічна ўключаюцца ў праграму дыскатэкі. З’явіліся ў Падсівіллі і ўласныя зорачкі: удзельнікі ансамбляў народнай і эстраднай песні рыхтуюць свае нумары адмыслова для дыскатэкі.

Такая самая шчыльная сувязь паміж вечарамі адпачынку і самадзейнай творчасцю выразна прасочваецца і ў аграгарадку “Мір” Баранавіцкага раёна, дзе ўдзельнікі камісіі маглі ўбачыць (праўда, па-за конкурсам) яшчэ адну дзіцячую дыскатэку. А вось стойка дзі-джэя Крошынскага СДК (Баранавіцкі раён) упрыгожана каляровым шчытом з пералікам актуальных стыляў танцавальнай музыкі. Налічыў іх там больш як паўсотні! Ці запатрабаваны такі шырокі асартымент у сельскай мясцовасці? Дыскатэчны сет у Крошыне засведчыў, што — так.

Сучасная электронная музыка, пад якую моладзь танчыць ва ўсім свеце, патрабуе і ўмельства дзі-джэя, і адмысловага абсталявання. З вінілавымі дыскамі ў Крошынскім СДК пакуль не працуюць. Але пры звядзенні трэкаў іх замяняе эмулятар на вінчэстэры ноутбука.

Зрэшты, электронным рытмам павінна быць альтэрнатыва. У Бацвінаўскім СДК на Крычаўшчыне члены экспертнай камісіі сталі сведкамі творчага эксперыменту: ці можа дыскатэка быць заснавана выключна на айчыннай музыцы? Высветлілася, што можа. Асабліва калі ўключаць у плей-ліст не толькі хіты сённяшняга дня, якія і без таго набілі аскому дзякуючы навязлівай FM-ратацыі, а таксама і набыткі мінулых дзесяцігоддзяў. Дарэчы, цудоўна ўпісалася ў дыскафармат і беларуская мова МС.

Вам слова, МС граф Зорыч!

“Танцы ў клубе”, якія асацыіруюцца ў нас з “дабітым” магнітафонам, што раз-пораз жуе стужку купленай два гады таму на рынку “зборкі свежых хітоў”, сёння ўжо сталі анахранізмам. Магчыма, калісьці нейкі кемлівы дзі-джэй нават зробіць настальгічную вечарыну па гэтай тэматыцы.

Але што прыходзіць наўзамен? Рэспубліканскі агляд пераканаўча засведчыў: адказаў на гэтае пытанне можа быць мноства. Сцэнарыяў правядзення дыскатэчных праграм не адзін і не два — іх лік бадай бясконцы.

Напрыклад, рыцарскія паядынкі. Шчыра кажучы, не чакалі мы ўбачыць на дыскатэцы “Парк” Цэнтра культуры “Віцебск” ваяроў у поўным узбраенні. Але тэматычная праграма “Аперацыя “Арсенал”, прымеркаваная да Дня абаронцы Айчыны, засведчыла, што такія шоу-элементы цудоўна дапасоўваюцца да сучаснай дынамічнай музыкі.

На суд конкурснай камісіі Шклоўскі РДК прапанаваў праграму “Эпохі ў віры танцаў” — своеасаблівы экскурс у гісторыю дыскатэчнага руху з графам Зорычам у якасці МС. На танцполе кружылі пары, дэманструючы моладзі танцы ХІХ стагоддзя: “Каралеўскі Самерканан”, “Рыгадон”... Чым не эксклюзіўная “фішка” для дыскатэчнай вечарыны? Дарэчы, танцы ў Бацвінаўскім СДК таксама разнастаілі: на танцпол выйшлі не толькі брэйкдансеры, але і танцавальны калектыў у народных строях, які выступаў пад “Саўку ды Грышку”. І апошні нумар зусім не выпадаў з агульнага кантэксту.

...Адным словам, дыскатэка — гэта выдатная магчымасць праяўлення крэатыўнай фантазіі, прастора, дзе самыя смелыя ідэі адно вітаюцца. А вось клішэ і стэрэатыпы — наадварот.

Ілля СВІРЫН, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, Канстанцін АНТАНОВІЧ,
нашы спецыяльныя карэспандэнты

P.S. Карэспандэнты “К” працягваюць сачыць за работай Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку работы дыскатэк. У бліжэйшых нумарах мы пазнаёмім вас з вынікамі наведвання экспертнай камісіяй устаноў культуры іншых абласцей, а таксама падвядзём вынікі ўсёй акцыі.