“Вобраз мілы” ў музеі

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

Цікавыя творчыя імпрэзы да Міжнароднага жаночага дня — 8 Сакавіка — праводзіліся на гэтым тыдні ў сталічных музеях. Адметнае свята прайшло ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

На літаратурна-музычнай імпрэзе не пакінулі абыякавымі ўспаміны сына паэта Міхася Міцкевіча пра сваю маці Марыю Дзмітрыеўну, якой прысвяціў мноства радкоў Якуб Колас. Не абмінуў сын класіка айчыннай літаратуры і пяшчотныя адносіны паміж бацькамі, іх узаемаразуменне, шчырае каханне. Безумоўна, упрыгожаннем вечарыны стала і любоўная лірыка паэта Алеся Камароўскага ў аўтарскім выкананні.

Апрача гэтага, да свята была падрыхтавана новая выстаўка з фондаў музея “Вобраз мілы, поўны чараў”, дзе прадстаўлены фотаздымкі, паштоўкі, прысвячэнні Якуба Коласа жанчынам: Марыі Каменскай, Аляксандры Зотавай, Наталлі Чэкалінскай, Святлане Сомавай, Яўгеніі Пфляўмфбаум, Эдзі Агняцвет, Аляксандры Кетлер.

Як адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам “К” старшы навуковы супрацоўнік музея Наталя Багумільчык, імпрэза стала пачаткам шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных 50-годдзю з дня адкрыцця літаратурна-мемарыяльнай установы.

Канстанцін АНТАНОВІЧ