Іранскае лета ў Гомелі

№ 10 (878) 07.03.2009 - 13.03.2009 г

Выстаўку іранскага мастацтва ўпершыню змаглі пабачыць гамяльчане. Экспазіцыя персідскіх дываноў, а таксама мініяцюр аднаго з самых вядомых усходніх жывапісцаў — Махмуда Фаршчыяна адкрылася днямі ў гомельскім Палацы Румянцавых і Паскевічаў.

 /i/content/pi/cult/198/2229/Iran.jpg
Аташэ па культуры Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Давуд Мірзахані адзначыў: “У апошняе дзесяцігоддзе ў Мінску прайшло вельмі шмат нашых выставак. Але мы хацелі б як мага бліжэй пазнаёміцца і з іншымі гарадамі вашай краіны і, у той жа час, прадставіць свой народ, сваю краіну”.

Ён дадаў, што мэтай гэтай выстаўкі з’яўляецца пашырэнне культурных зносін, знаёмства людзей з традыцыямі і мастацтвам старажытнай імперыі, якая налічвае больш за 6 тысяч гадоў.

Гомельскія гледачы могуць пазнаёміцца з творчасцю выбітнага мастака Усходу — Махмуда Фаршчыяна, які працуе ў плыні традыцыйнага мастацтва Ірана, і ў той жа час з’яўляецца сучасным жывапісцам. Сюжэты “Тысячы і адной ночы” прадстаўлены ў 57 мініяцюрах майстра.

Супрацоўнікі гомельскага Палаца сцвярджаюць, што ён з’яўляецца наватарам, які ўдыхнуў новае жыццё ў старажытнае мастацтва, змяніў нашы ўяўленні пра магчымасці ўсходняй мініяцюры.

Давуд Мірзахані паабяцаў, што ў будучыні жыхары іншых беларускіх рэгіёнаў змогуць пабачыць не толькі карціны Фаршчыяна, але і яго асабіста. А напрыканцы сакавіка гамяльчане пазнаёмяцца з творчасцю сапраўдных іранскіх музыкантаў: горад наведае іранскі фальклорны ансамбль.

Віталь ДОЎГІ,
навуковы супрацоўнік
ДГКУ
“Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”